вытворчае аб’яднанне. Знаходзіцца ў г. Крычаў Магілёўскай вобл. Створана ў 1980 на базе Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната (1957). Уключае заводы: цэментны (галаўное прадпрыемства, засн. ў 1933; у Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1949) і шыферны (1950). З 1957 цэментна-шыферны камбінат. У 1963 далучаны з-д вапнавай мукі. У 1960—66 камбінат расшыраны, у 1980—81 часткова рэканструяваны. Сыравіна: мел з радовішча Каменка (Крычаўскі р-н), гліна з радовішча Пушча (Віцебскі р-н), прывазныя калчаданавыя агаркі, гіпс і інш. дамешкі. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент розных марак, шыфер 8-хвалевы, шыфер плоскі непрасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІ́СЛАЧ»,
гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1938 (арх. А.П.Воінаў). Да 1987 наз. «Беларусь». У кампазіцыі 5-павярховага будынка вылучаны 6-павярховы вуглавы паўкруглы ў плане аб’ём з цэнтр. уваходам. Да яго пад прамым вуглом прымыкаюць бакавыя крылы. Пластыку фасадаў ствараюць рытмічна пастаўленыя трохчвэртныя калоны без баз і капітэлей, якія падтрымліваюць атыкавы паверх. Калоны цэнтр.ч.найб. па маштабе. У Вял.Айч. вайну гасцініца спалена, адноўлена паводле праекта аўтара ў 1947. У 1978 рэстаран гасцініцы рэканструяваны і расшыраны (арх. Л.Мельнік, інтэр’еры аформлены скульпт. А.Глебавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́ДЗасн. ў 1930 у г. Слуцк як плодаагароднінны з-д. З 1933 плодавінзавод. У Вял.Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1945. У 1953—64 — сокавы з-д. У 1959—63 рэканструяваны і расшыраны: пабудаваны кансервавы цэх, халадзільнік, агароднінасховішча. З 1964 кансервавы з-д. У 1965 далучаны Покрашаўскі воцатны з-д, у 1972 — Слуцкі сокавы з-д, у 1976 — Старадарожскі райхарчкамбінат. Пазней Покрашаўскае і Старадарожскае прадпрыемствы адышлі ад С.к.з. У 1990-х г. пабудаваны 2 склады для сыравіны і тары. Асн. прадукцыя (2002): агароднінныя і фруктовыя кансервы, віно, гарчыца, кандытарскія вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НСКІ ДРАЦЯ́НА-ЦВІКО́ВЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі з 1873 каля маёнтка Барань (цяпер горад Віцебскай вобл.). Выпускаў дрот, кастылі, цвікі, мэблевыя спружыны, шыны, вінты, шайбы. Меў паравы кацёл. У 1908 з-д згарэў. У 1909—10 пабудаваны цагляныя карпусы, устаноўлена замежнае абсталяванне, з-д пачаў выпускаць абівачныя цвікі, ручны тэкс і інш. вырабы для абутковай прам-сці. У 1913 працавалі 350 рабочых, 3 вадзяныя і 3 газагенератарныя рухавікі. У 1-ю сусв. вайну выпускаў калючы дрот і інш. прадукцыю для фронту. З 1921 з-д «Чырвоны Кастрычнік», рэканструяваны і расшыраны. У 1941 абсталяванне з-да эвакуіравана ў г. Благавешчанск (Башкірыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫ́НКАЎСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д (вядомы і як Уладзімірскі). Дзейнічаў з канца 18 ст. да 1872 у в. Старынка Чэрыкаўскага пав. (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Засн. як медзеплавільня. У 1835 пабудавана невял. домна для выплаўкі чыгуну з мясц. балотнай руды. У 1839 з-драсшыраны, выпускаў медныя абшыўкі і парахавыя скрынкі для Чарнаморскага ваен. флоту, карабельныя балты. З 1847 вырабляў павозкі, лафеты, платформы для арміі, восі для гармат, паравыя машыны для Бранскага арсенала. У 1858—62 быў адным з буйнейшых металург. прадпрыемстваў еўрап.ч.Рас. імперыі. У 1863 працавала каля 900 рабочых. Ад з-да да р. Сож (5—6 км) была пракладзена чыгунка-вузкакалейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬГУМАТЭ́ХНІКА»,
завод па вытв-сці гумавых тэхн. вырабаў у Бабруйску. Створаны ў 1952 для вырабу натуральнага каўчуку. У 1954—57 пераабсталяваны ў рэгенератны з-д, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў. У 1959—65, 1970 і 1977 рэканструяваны і расшыраны. У 1976—90 галаўное прадпрыемства ВА «Беларусьгуматэхніка». З 1990 арэнднае, з 1992 нар. прадпрыемства, з 1994 акц.т-ва. Асн. прадукцыя (1995): фармавыя і нефармавыя гумава-тэхн. вырабы для камплектацыі аўтамабіляў і трактароў, рукавы гумавыя з нітачным узмацненнем, ніткі з латэксу, падлогавыя пакрыцці, гумавыя порыстыя і няпорыстыя пласціны і дэталі для абутку, стужка канвеерная, вырабы з ліццёвага поліурэтану, пласціны гумавыя, гумаватканінныя, гукаізаляцыйныя бітумныя і тэкстыльна-бітумныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл.Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.І.Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.А.Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.
Літ.:
Гатчина. Л., 1980;
Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́РА (польск. bandura ад грэч. pandura),
украінскі нар. шматструнны (7—40) шчыпковы інструмент тыпу лютнепадобных. Вядома з 15 ст.Наз. таксама кобзай. Мае драўляны выдзеўбаны корпус грушападобнай формы, значна расшыраны злева. Дэка плоская, з круглай ці зоркападобнай рэзанатарнай адтулінай, шыйка кароткая, без ладоў, невял. адагнутая галоўка з завітком. Меладычныя струны («прыстрункі») нацягнуты ўздоўж корпуса і мацуюцца з яго левага боку, басовыя (бунты) — уздоўж грыфа, мацуюцца калкамі на галоўцы (служаць для акампанементу). Гукарад дыятанічны (цяпер часцей храматычны).У 1920-х г. бандура ўдасканалена, павялічылася колькасць струн, утварылася сям’я бандур — прыма, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца ў капэлах бандурыстаў, аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.
Бандура з дыятанічным (злева) і храматычным гукарадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГЛЫЯ, збегі,
групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРНО́С,
1) верхняе адзенне бел. жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рус. жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам зах.-еўрап.гар. касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невял. Бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкар. строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтр. Беларусі да 1930-х г. 2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.
3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.
М.Ф.Раманюк.
Маладзіца ў святочным бурносе. Вілейскі раён Мінскай вобласці. Канец 19 ст.