БУР’Я́Н (Барыс Іванавіч) (н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
З сёмага рада партэра. Мн., 1978;
Судьба чужая — как своя. Мн., 1982;
Грозовые отголоски: Повести. Мн., 1984;
І толькі надпіс...: Арт. і эсэ. Мн., 1987.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛФ ((Wolfe) Томас Клейтан) (3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),
амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.
Тв.:
Рус. пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;
Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;
Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;
История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т. 2.
Літ.:
Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ. Т. 3. М., 1979.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (сапр. Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч
(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),
рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.
Тв.:
Возвращение. Л., 1989;
Генеральная репетиция. М., 1991;
«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.
т. 4, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1943 у г. Калінкавічы Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Складалася з групы чыгуначнікаў (37 чал., кіраўнік П.С.Ануфрыеў), групы К.М.Бакуна (стала ядром партыз. атрада імя Варашылава) і камсам.-маладзёжнай арг-цыі «Смугнар» («Смерць прыгнятальнікам народа», 10 чал., кіраўнік К.Ф.Ярмілаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, харчаванне, адзенне, медыкаменты, разведданыя, рабілі дыверсіі на чыг. вузле і прадпрыемствах. Смугнараўцы правялі рэйд па вёсках Палесся, разграмілі шэраг паліцэйскіх участкаў, здзейснілі шэраг дыверсій. У жн. 1942 фашысты раскрылі маладзёжную арг-цыю і пасля катаванняў амаль усіх расстралялі; з вер. ўтварылася камсам.-маладзёжная арг-цыя з 11 чал. (кіраўнік М.М.Судас). У 1942—43 многія падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Літ.:
Розинский Г.Б. Смугнар: Докум. повесть. Мн., 1986.
т. 7, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́САК ((Nossack) Ганс Эрых) (30.1.1901, г. Гамбург, Германія — 2.11.1977),
нямецкі пісьменнік. Скончыў Іенскі ун-т. Друкаваўся з 1945. Зазнаў уплыў Ф.Дастаеўскага, філасофіі экзістэнцыялізму, эстэтыкі экспрэсіянізму і сюррэалізму. Антыфаш. тэматыка, праблемы асобы і грамадства, раз’яднанасці людзей, прызначэння мастака, «твару» і «маскі» ў раманах «Не пазней лістапада» (1955), «Спіраль» (1956), «Справа д’Артэза» (1968), «Украдзеная мелодыя» (1972), «Шчаслівы чалавек» (1975) і інш. Аўтар зб. аповесцей і апавяд. «Інтэрв’ю са смерцю» (1948), артыкулаў і эсэ, п’ес, рэпартажаў. Яго творы адметныя вастрынёй сюжэтаў, аналітычнасцю кампазіцыі, парабалічнасцю, спалучэннем канкрэтыкі з умоўнасцю, багаццем сатыр. палітры.
Тв.:
Рус. пер. — Спираль;
Дело д’Артеза;
Рассказы и повесть. М., 1983.
Літ.:
Затонский Д. В наше время. М., 1979;
Топер П. Д’Артез наших дней: современность в романе Г.Э. Носсака // Топер П. Овладение реальностью. М., 1980.
Е.А.Лявонава.
т. 11, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯФЁДАЎ (Піліп Дзіямідавіч) (18.10.1838, г. Іванава, Расія — 25.3.1902),
рускі пісьменнік. У 1862—63 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Чл.-кар. (з 1887), правадзейны чл. (з 1894) Маскоўскага археал. т-ва. Друкаваўся з 1858. У сац.-этнагр. нарысах «Дзявочнік» (1868), «Каляды» (1871), «Нашы фабрыкі і заводы» (1872), зб. апавяданняў «На людзях» (1872), аповесці «Сценя Дубкоў» (1898) і інш. паказаў умовы працы іванаўскіх тэкстыльшчыкаў і жыццё сялян 2-й пал. 19 ст. Аўтар нарыса «Рух сярод башкіраў перад пугачоўскім бунтам; Салават, башкірскі батыр» (1880), цыкла апавяданняў «У гарах і стэпах Башкірыі» (1882) і інш. У творах — выкарыстанне этнагр. матэрыялаў, фальклору, нар. мовы. Пісаў вершы, публіцыст. артыкулы, фельетоны, запісваў рус. і башкірскі фальклор.
Тв.:
Избр. произв. Иваново, 1959;
В горах и степях Башкирии: Повесть и рассказы. Уфа, 1988.
т. 11, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д УСЯСЛА́ВІЧ,
(у хрышчэнні Барыс; ?—1128), князь полацкі, сын Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Свой пасад заняў пасля смерці бацькі як старэйшы сын (1101). У 1102 хадзіў на ятвягаў, разбіў іх і ўзяў вял. палон, які пасяліў у г. Барысаў, заснаваным ім у тым жа годзе. Верагодна, у 1106 узначальваў аб’яднанае войска полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу, як можна меркаваць, быў пазбаўлены полацкага пасада. У 1127 па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю Р.У. быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата. З імем Р.У. звязваюць надпісы на Барысавых камянях.
Літ.:
Татищев В.Н. История Российская. М.; Л., 1963. Т. 2. С. 123;
Повесть временных лет. М.; Л., 1950. Ч. 1. С. 183.
М.І.Ермаловіч.
т. 13, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДАЎ (Веньямін Сямёнавіч) (17.12.1914, с. Долінскае Ананьеўскага р-на Адэскай вобл., Украіна — 25.6.1999),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу пагран. войск (1946). Вучыўся ў Азербайджанскім ун-це (1.949—53). У 1936—62 у Сав. Арміі. З 1965 на Бел. радыё, у 1970—77 у газ. «Вячэрні Мінск». Друкаваўся з 1954. Пісаў на рус. мове. Першая аповесць «Прыгода на N-скай заставе» (1957; на ўкр. мове). Пра жыццё пагранічнікаў раман «Чорная Ганча» (1973), аповесці «Мабілізаваны партыяй» (з П.Емяльянавым, 1970), «Завіруха» (1977). Раман «Чужыя вятры» (1969) пра падзеі ў Зах. Украіне ў канцы Вял. Айч. вайны. Аўтар раманаў «Скрыжаванне» (1978), «Пераправа» (1988), «На кругі свае» (нап. 1999), аповесцей «Вішнёвая люлька» (1959), «Цьмянае золата» (1961), апавяданняў, нарысаў і інш.
Тв.:
Капкан. Мн., 1984;
Временно исполняющий: Роман и док. повесть. М., 1988.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САСУНЦЫ́ ДАВІ́Д»,
«Давід Сасунскі», гераічны эпас армянскага народа. Упершыню запісаны ў 1874 Г.Срвандзцянам. Складаецца з 4 адгалінаванняў: «Санасар і Багдасар», «Мгер Старэйшы», «Сасунцы Давід» (гал.), «Мгер Малодшы».
Ствараўся на працягу стагоддзяў нар. казачнікамі-віпасанамі. На пачатку ўзнікнення ў аснове эпасу — паўстанне сялян 851 супраць зборшчыкаў даніны Арабскага халіфата ў Сасуне (Зах. Арменія). Гал. герой эпасу — Давід — мае некат. падабенства з кіраўніком паўстання. У эпасе знайшлі водгук і пазнейшыя гіст. падзеі. Асн. сюжэтная лінія — барацьба за вызваленне радзімы. Героі эпасу — носьбіты справядлівасці, мужнасці, гераізму, сапраўднага патрыятызму. «С.Д.» вызначаецца велічнасцю вобразаў, дынамізмам дзеяння, трапнасцю і лаканічнасцю мовы.
Публ.: Рус. пер. — Давид Сасунский. М., 1958.
Літ.:
Давид Сасунский: Юбилейный сб., посв. 1000-летию эпоса. Ереван, 1939;
Зарьян Н.Е. Давид Сасунский: Повесть по мотивам арм. эпоса. М., 1972.
т. 14, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЖЫЧ ((Božič) Мірка) (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),
харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.
Тв.:
Drame. Zagreb, 1950;
Novele. Zagreb, 1952;
Drame. Zagreb, 1960;
Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;
Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;
Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.
І.А.Чарота.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)