Малако, молоко́, мылако ’белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей’, ’семявая вадкасць рыб’, ’семявыя залозы рыб’, ’белаваты сок некаторых раслін (напр., канапель)’, ’вадкасць з некаторых пладоў’ (ТСБМ, Бес., Крыв., Вешт., Бяльк., Яруш., Сл. ПЗБ; полац., Нар. сл.), карм. ’корм для пчол’ (Мат. Гом.), глыб., слаўг. малачко, мылачко ’падкормка для лічынак пчол’ (З нар. сл.). Укр. молоко́, рус. молоко́, моло́ки, польск. mleko, каш. mlóu̯ko, н.- і в.-луж. mloko, чэш. mléko, славац. mlieko, славен. mlẹ́ko, серб.-харв. мле́ко, mlijȅko, макед. млеко, балг. мляко, ст.-слав. млѣко. Прасл. melko і molko (паводле ўсх.-слав. дадзеных). Лексічнае пранікненне прагерм. meluk‑, якое да і.-е. *melg̑‑ (гоцк. miluks) у прасл. мову (Міклашыч, 187; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Хірт, РВВ, 23, 341; Лёвэ, KZ, 39, 316; Сэмерэньі, KZ, 75, 180; Мартынаў, Лекс. взаим., 73–74), супраць чаго Брукнер (KZ, 45, 104), Эндзелін (KZ, 44, 66), Бернекер (2, 33) і інш., супастаўляючы прасл. melko з літ. mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’ (і.-е. *melk‑ ’мокры, вільготны’), і ў якасці семантычнай паралелі прыводзяць літ. píenas, ст.-інд. páyas ’сок, вада’, слав. piti ’піць’. Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што «чыста» слав. форма melzivo атрымала герм. воблік шляхам перакрыжаванай ізаглосы. Аб магчымым запазычанні прасл. melko з прагерм. meluk‑ гл. Трубачоў, Дополн., 2, 646. Гл. яшчэ Скок, 2, 442–443; Бязлай, 2, 188–189. Сюды ж молоко́ вужо́вэ, бу́слово молоко ’малачай кіпарысавы, Euphorbia cyparissias L.’ (Бейл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)