ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр.Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст.Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст.н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРЫ́ТЫ, амарэі, амуру,
галіна семіцкіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі Сірыйскі стэп ад Палесціны да Персідскага зал. У канцы 3-га тыс. да н.э. разбурылі шумерскую цывілізацыю Ура і каля 1894 да н.э. заснавалі Старававілонскую дзяржаву. Асеўшы ў Месапатаміі, у 18—17 ст. да н.э. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам, у Сірыі і Палесціне ў 15—10 ст. да н.э. зліліся з ханаанеямі. У 1-м тыс. да н.э. Сірыя наз. Амуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; ? — 385 да н.э.),
цар Спарты [408—394 да н.э.]. У час паходу ў Атыку (403 да н.э.), баючыся ўзмацнення спартанскага палкаводца Лісандра, П. падтрымаў дэмакратаў на чале з Фрасібулам. У 395 да н.э. ў час Карынфскай вайны не злучыўся своечасова ў Беотыі з войскам Лісандра, у выніку апошні загінуў, а спартанцы былі разбіты. Прыгавораны ў 394 да н.э. да пакарання смерцю, уцёк у Тэгею, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́Т (Milētos),
старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ. цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т. л.Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн.Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.
У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс.чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст.н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГАДХА,
гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э.найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст.н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РСА,
старажытны горад шумераў на ПнМесапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХІ́Ш,
пячоры і пахаванні часоў энеаліту; горад, заснаваны ў 2-м тыс. да н.э. ў паўд. Палесціне каля Тэль-эд-Дувейра ў Ізраілі. Горад не раз быў разбураны, у т. л. ў 1580 да н.э. егіпцянамі, у 588 да н.э. вавіланянамі. У 15—13 ст. да н.э. ханаанеі пабудавалі ў Л. 3 храмы. Сусветную вядомасць Л. прынеслі выяўленыя тут тры групы надпісаў; да 18—17 ст. да н.э. належыць кінжал з 4 сімваламі — адзін з трох найстараж. помнікаў алфавіта. У час раскопак у 1936 у Л. знойдзены дакументы, якія сведчаць аб заваяванні Іудзеі Навухаданосарам II (6 ст. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПЕ́Й (Секст) (Sextus Pompeius; каля 75—35 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Сын Гнея Пампея. Пасля гібелі бацькі ваяваў супраць Цэзара ў Афрыцы (48—46 да н.э.) і Іспаніі (46—44 да н.э.). Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) паводле прапановы Марка Антонія атрымаў ад сената камандаванне флотам. Захапіў Сіцылію і інш. астравы, прымаў збеглых рабоў і выгнаннікаў, блакіраваў з мора Італію. У 43 да н.э. аб’яўлены па-за законам 2-м трыумвіратам. У 36 да н.э. разбіты каля Мілаў і Наўлохі палкаводцам Агрыпай. Уцёк у М. Азію, забіты прыхільнікамі Марка Антонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІЯ́ДЫ (Agiadai),
царская дынастыя ў Спарце ў сярэдзіне 6 — сярэдзіне 3 ст. да н.э. Правіла адначасова з дынастыяй Эўрыпантыдаў. Паходзіла, відаць, з ахейцаў, Агіяды лічыліся нашчадкамі паўлегендарнага цара Агіса I. Вядомыя прадстаўнікі дынастыі: Клеамен I, Леанід [488—480 да н.э.], Паўсаній [408—394 да н.э.], Клеамен III [235—221 да н.э.].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.