Курдзю́к1 ’рана пад языком у жывёлы’, ’цвёрдая нарасць на кончыку языка ў курэй’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. курдюк ’тс’, польск. kurdziuk ’тс’. Брукнер (283) узводзіў да kurъ (гл. кур1) з другасным d. Тады курдзюк < *кур‑юк/*кур‑ук. Параўн. гусюк, качук і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 200).

Курдзю́к2 ’трыбух свіны, начынены мясам’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, кантамінацыя курдзюк1 (гл.) і кіндзюк (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Коўб1 ’невялічкая рачная рыба’ (Нар. лекс.). Параўн. келб (гл.).

Коўб2 ’свіны страўнік’ (Нар. словатв., Нар. лекс.), ’страўнік у жывёл’ (Мат. Гом.). Укр. ковбик, ковбік ’тс’. Апошняе разглядаецца як кантамінацыя ковбан ’калода, цурбан’ і ’каўбаса’ (маецца на ўвазе страўнік, начынены мясам) (ЕСУМ, 2, 479). Вельмі праблематычна. Больш верагодна Да коуп© (гл.).

Коўб3 ’вузел валасоў, завучаных на патыліцы’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. ковбешка ’галава’, якое таксама звязваецца з ковбан ’калода, цурбан’ (ЕСУМ, 2, 481). Ненадзейна. Ці не звязана з каўпак (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надзе́ць1 ’апрануць’, ’уздзець’ (Сл. ПЗБ, Бяльк., Пятк.), надзе́цца ’апрануцца’ (Жд. 1). Да дзець (гл.), што звязана з прасл. *děti рознымі семантычнымі пераходамі, у прыватнасці пераход ’рабіць’ — ’адзяваць’ акрамя славянскіх моў прадстаўлены ў літ. dėvė́ti ’насіць адзенне’, англ. to do on ’надзяваць’, асецін. koenyn ’апранаць, надзяваць’ і інш. (Абаеў, ВЯ, 1988, 3, 36). Гл. таксама: Фасмер, 1, 509; Трубачоў, Эт. сл., 4, 229–230.

Надзе́ць2 ’нафаршыраваць’ (навагр., З нар. сл., Сцяшк. Сл.), надзява́ць ’начыняць’ (карэл., Шатал.; Жд. 2; ваўк., Сл. ПЗБ), надзяваны ’надзеты’, ’нафаршыраваны, начынены’ (ТС; ашм., гродз., Сл. ПЗБ). Да дзець (гл.), семантычны пераход ’рабіць’ — ’наліваць, насыпаць, напіхваць’ прадстаўлены ў гаворках яшчэ дзеясловам начыні́ць ’нафаршыраваць, напіхаць’ (ад чыніць ’рабіць’), у іншых славянскіх мовах: укр. начини́ти, рус. начини́ть, польск. nadziać, чэш. nadíti, славен. nadeti, серб.-харв. на̀денути, балг. надя́на, макед. надене ’тс’; такім чынам, мяжа паміж арэаламі вытворных ад *děti і *činiti праходзіць праз беларускую моўную тэрыторыю. Паводле Махэка₂ (118), пераходнае значэнне ў гэтым выпадку — ’нацягнуць нешта на нешта, насадзіць, надзець’, гл. надзе́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)