БАРЫ́РАВАННЕ,

насычэнне борам паверхні вырабаў са сталі і сплаваў на аснове нікелю, кобальту і тугаплаўкіх металаў. Павышае іх цвёрдасць, цепла- і зносаўстойлівасць (асабліва абразіўную і каразійную). Праводзіцца дыфузійным ці электралітычным спосабам у боразмяшчальных парашковых сумесях, у расплавах соляў бору (часцей бураксу). Барыраванне пры т-ры 900—1100 °C на працягу 5—6 гадз утварае барыраваны слой таўшчынёй 0,1—0,3 мм. Пры т-ры, большай за 1174 °C, на паверхні стальных вырабаў утвараецца слой барыднай эўтэктыкі. Барыраванне выкарыстоўваецца для вырабу ўтулак буравых помпаў, штампаў, матрыц, прэс-формаў і інш.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАТАВА́ННЕ ў тэхніцы,

від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

азатыза́цыя

(ад азот)

насычэнне паверхневага слоя стальных вырабаў азотам, каб надаць ім цвёрдасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГІСТЭРЭ́ЗІС,

спецыфічная залежнасць эл. палярызаванасці сегнетаэлектрыка ад напружанасці знешняга эл. поля.

Пры ўключэнні эл. поля ўзнікае палярызаванасць, якая спачатку рэзка нарастае і дасягае насычэння. Пры змяншэнні напружанасці поля палярызаванасць адстае ад змены напружанасці і пры выключэнні поля набывае рэшткавае значэнне. Для памяншэння палярызаванасці да нуля неабходна прыкласці поле процілеглага напрамку (каэрцытыўнае поле). Пры далейшым павелічэнні адваротнага поля таксама дасягаецца насычэнне. Атрыманы графік залежнасці наз. пятлёй гістэрэзіса. У полідаменных крышталях форма пятлі больш плаўная, у монадаменных — блізкая да прамавугольнай. Форма пятлі С.г. залежыць таксама ад т-ры; пры т-рах, якія перавышаюць Кюры пункт, дзе сегнетаэлектрык страчвае свае спецыфічныя ўласцівасці, пятля пераўтвараецца ў прамую.

Пятля сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса: P — палярызацыя ўзору; Ps — палярызацыя насычэння; PR — астаткавая палярызацыя; Ec — напружанасць каэрцытыўнага поля.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карбаніза́цыя

(ад лац. carbo, -onis = вугаль)

насычэнне якога-н. раствору вуглякіслым газам (напр. к. піва).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Sättigung f -, -en

1) хім. насычэ́нне

2) насы́чанасць

3) задавальне́нне; гл. sättigen

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

цэмента́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Спосаб умацавання грунтаў, бетонных кладак і пад. увядзеннем у іх пад ціскам вадкага цэментнага раствору. Цэментацыя шчылін у грунце.

2. Насычэнне паверхневых слаёў сталі вугляродам для павелічэння іх цвёрдасці.

3. Працэс здабывання металаў з раствораў хімічным аднаўленнем больш электраадмоўнымі металамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіліцы́раванне

(ад лац. silicium = крэмній)

насычэнне паверхневых слаёў сталі крэмніем, каб павысіць яе стойкасць супраць карозіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАНСЕРВАВА́ННЕ.

1) К. харчовых прадуктаў — апрацоўка прадуктаў жывёльнага і расліннага паходжання з мэтай прадухілення іх ад псавання (гніення, браджэння) пры працяглым захоўванні.

Спосабы К. заснаваны на розных прыёмах знішчэння мікробаў і разбурэння ферментаў або стварэння неспрыяльных умоў для іх актыўнасці. Асн. спосабы К.: стэрылізацыя, пастэрызацыя, сушка, замарожванне харчовых прадуктаў, вэнджанне, выкарыстанне хім. сродкаў (марынаванне, засольванне), квашанне, вяленне, К. з дапамогай цукру. Распрацаваны таксама метады К. іанізавальным выпрамяненнем, токамі высокай частаты, апрацоўкай ультрафіялетавымі і інфрачырвонымі прамянямі і інш. 2) К. драўніны — глыбокае насычэнне антысептычнымі сродкамі драўляных элементаў пабудоў і збудаванняў, апор ЛЭП і ліній сувязі, руднічных стоек, шпал і інш. з мэтай іх доўгачасовай аховы ад разбурэння грыбамі (гніення), насякомымі і бактэрыямі. Робіцца пад ціскам у аўтаклавах, метадам гарача-халодных ваннаў, дыфузіяй і інш. 3) К. шкур — апрацоўка іх кухоннай соллю або высушванне для засцярогі ад гніення.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),

вакальная ці інстр. муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер ​6/8 ці ​12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап. прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл. Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, Л.​Бетховена, уласціва творам Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, С.​Рахманінава, П.​Хіндэміта, А.​Анегера, І.​Стравінскага, Г.​Свірыдава, Дз.​Шастаковіча, К.​Караева, Ю.​Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.​Мдывані на вершы Г.​Апалінэра).

А.​У.​Валадковіч.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)