АРЛО́ЎСКІ (Канстанцін Іванавіч) (15.12.1913, г. Быхаў — 22.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1934. Скончыў Бабруйскае танк. вучылішча (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся ў ліп. 1944 пры вызваленні Латвіі: танк. батальён пад яго камандаваннем двойчы прарываў умацаванні ворага, за 8 дзён наступлення прайшоў каля 300 км, знішчыў 12 танкаў, 8 танкетак, каля 50 гармат. Загінуў у баі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДКО́ВАЯ ПАДЗЕ́Я ў тэорыі імавернасцей,

падзея, якая пры выкананні пэўных умоў (правядзенні выпрабавання) можа як адбыцца, так і не адбыцца і для якой існуе пэўная імавернасць яе наступлення. Наяўнасць у выпадковай падзеі A пэўнай імавернасці p (0 ≤ p ≤ 1) тлумачыцца паводзінамі яе частаты: калі названае выпрабаванне ажыццяўляецца n разоў, а A з’яўляецца пры гэтым m разоў, то пры вялікіх n частата mn аказваецца блізкая да p. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Уладзіслаў) (1908 — 12.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943). Паляк. З мая 1943 у Польскай дывізіі імя Т.​Касцюшкі. Вызначыўся ў баях каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.: на адказным участку наступлення батальён пад камандаваннем капітана Высоцкага авалодаў апорным вузлом супраціўлення гітлераўцаў, уклініўся ў 2-ю лінію абароны ворага каля в. Трагубава (цяпер в. Касцюшкава). Загінуў у гэтым баі.

Уладзіслаў Высоцкі.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІ КАНГРЭ́С ДЗЕ́ЯЧАЎ КУЛЬТУ́РЫ 1936 у Львове,

кангрэс прадстаўнікоў інтэлігенцыі Польшчы, Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Скліканы 16—17.5.1936 з мэтай умацавання адзінага антыфаш. фронту. У ім удзельнічалі вядомыя дзеячы л-ры, мастацтва, навукі. У сваёй рэзалюцыі кангрэс выказаў пратэст супраць нац. прыгнёту, паліт. бяспраўя працоўных супраць праследаванняў дзеячаў культуры, ліквідацыі рабоча-сял. друку, распальвання міжнац. варожасці, заклікаў інтэлігенцыю змагацца за развіццё навукі і культуры народаў, прыгнечаных Польшчай, актывізаваць барацьбу супраць наступлення фашызму, падрыхтоўкі новай сусв. вайны.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖЫ́НСКІ (Сяргей Іванавіч) (7.9.1861, г. Астрахань, Расія — 1.12.1900),

рускі батанік, аўтар тэорыі наступлення лесу на стэп. Акад. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Казанскі ун-т (1885). У 1888—92 праф. Томскага ун-та, з 1892 гал. батанік Пецярбургскага бат. саду, з 1893 дырэктар бат. музея АН. Адзін з заснавальнікаў фітацэналогіі. Апісаў расліннасць Сярэдняй Азіі, прапанаваў агульнае бат.-геагр. раяна-1 ванне Расіі. Пачаў выданне «Гербарыя рускай флоры» (1898). Незалежна ад Дэ Фрыза абгрунтаваў мутацыйную тэорыю («тэорыя гетэрагенезу», 1899).

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гарнізо́н, ‑а, м.

Воінскія часці, размешчаныя ў якім‑н. населеным пункце, крэпасці. Рашучыя дзеянні брэсцкага гарнізона зрабілі настолькі моцнае ўражанне на фашысцкіх ваяк, што яны ўсю ноч чакалі наступлення з боку гарнізона крэпасці. «Беларусь». // Умацаваны населены пункт, крэпасць, дзе размяшчаюцца гэтыя воінскія часці. Партызаны дзень і ноч вялі баі, выкурваючы гітлераўцаў з гарнізону. Шахавец.

[Фр. garnison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРМО́ЗА (Міхаіл Міхайлавіч) (19 8.1917, в. Чапля Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 24.6.1985),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Кіеўскае танк. вучылішча (1941). У ВМФ з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40: у баі на Карэльскім перашыйку 8.2.1940 наводчык гарматы гаўбічнай батарэі матрос Гармоза з гарматы знішчыў варожыя ўмацаванні, што адкрыла шлях для наступлення сав. войск. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах: камандзір танка, танк. роты, у 1948—60 у органах МУС БССР.

М.М.Гармоза.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ЦЫЯ ВАЕ́ННАЯ,

сукупнасць узгодненых і ўзаемазвязаных па мэце, месцы і часе баявых дзеянняў войскаў аднаго або розных відаў паводле адзінай задумы і плана. Паводле маштабу бываюць стратэгічныя, франтавыя (флоту, акругі ППА, групы армій), армейскія (флатыліі, корпуса, эскадры); у залежнасці ад сіл і сродкаў — агульнавайсковыя (агульнафлоцкія), паветраныя, проціпаветраныя, паветрана-дэсантныя, сумесныя і самастойныя; па характары баявых дзеянняў — наступальныя і абарончыя.

Першыя элементы аперацыі ваеннай як формы вядзення баявых дзеянняў выявіліся ў войнах канца 18 — пач. 19 ст., калі значна павялічылася рухомасць войскаў, баявыя дзеянні сталі весціся на шырокіх франтах адначасова на некалькіх напрамках, на вял. глыбіню і ўзнікла неабходнасць больш аператыўнай каардынацыі гэтых дзеянняў. На тэр. Беларусі прыкметы аперацыі ваеннай выявіліся, напр., у дзеяннях рус. войскаў супраць франц. у 1812, калі цэнтр., паўд. і паўн. групоўкам была пастаўлена задача аб’яднацца на р. Бярэзіна з мэтай акружэння і разгрому рэшткаў арміі Напалеона I. Буйнейшыя аперацыі ваенныя 2-й сусв. вайны: дзеянні войскаў гітлераўскай Германіі супраць Польшчы (1939) і Францыі (1940); сав. войскаў у аперацыі пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе, Беларускай, Берлінскай і інш.; саюзнікаў — Нармандская дэсантная аперацыя (1944) і інш.

На сучасным этапе характар аперацыі ваеннай змяніўся; павялічыліся глыбіня і шырыня наступлення і абароны, пабольшалі задачы і тэмпы наступлення, больш сціслым стаў час вядзення баявых дзеянняў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шыфрава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шыфраваць.

2. у знач. прым. Напісаны ці перададзены шыфрам (у 1 знач.). На дне .. [Валінага] кошыка, у патайных сховах, ляжала шыфраваная запіска або нават рэвальвер ці тол. Якімовіч. Адначасова Рая прыняла шыфраваную радыёграму з Вялікай зямлі аб пачатку наступлення знятых з фронту буйных армейскіх часцей на партызанскі край. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)