прымя́ць, ‑мну, ‑мнеш, ‑мне; ‑мнём, ‑мняце; зак., што.

Прыціснуўшы, змяць трохі. Каця ступіла ў равок, вінтоўкай прымяла некалькі сцяблін, каб не заміналі. Хомчанка. Нарэшце [хлопец] напаў на цэлую [папяросу], прымяў яе, узяў у зубы і накіраваўся да Мішы прыкурыць. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напаў...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая надае значэнне: 1) напалову, папалам з чым‑н., напрыклад: напаўшарсцяны, напаўшаўковы; 2) не зусім, не да канца, напрыклад: напаўмёртвы, напаўсветлы, напаўадчынены; 3) палавіна таго, аб чым гаворыцца ў другой частцы, напрыклад, напаўсфера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СТАЛО́ВІЦКАЯ БІ́ТВА 1771 Адбылася 23.9.1771 каля мяст. Сталовічы паміж войскамі ВКЛ і Расіі ў час барацьбы Барскай канфедэрацыі супраць прысутнасці рас. войск у Рэчы Паспалітай. Вял. гетман ВКЛ М.​К.​Агінскі ў маі 1771 сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс. чал. войска ВКЛ. 6.9.1771 каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі ён разбіў рас. батальён з 500 салдат палкоўніка А.​Албічава. 10.9.1771 у мяст. Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў аб’яднацца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Ліквідаваць гэты ачаг супраціўлення ўзяўся ген.-маёр А.​В.​Сувораў, які 12.9.1771 выступіў з-пад Любліна на чале 1 тыс. салдат з 8 гарматамі. Каля 2 гадз ночы 23.9.1771 атрад Суворава напаў на атрады Агінскага. У ходзе 8-гадзіннага бою Агінскі страціў 500 чал. забітымі і каля 300 палоннымі. Пасля паражэння ў бітве Агінскі выехаў за мяжу. С.б. стала апошнім арганізаваным супраціўленнем войска ВКЛ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 15, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каршу́н, ‑а, м.

Вялікая драпежная птушка сямейства ястрабіных з доўгімі крыламі і загнутай дзюбай. Над лесам, у празрыстай сін[ечы] неба, вісеў каршун. Асіпенка. Аднаго разу, калі каршун напаў на маленькіх куранят, галагуцкі певень.. забіў каршуна. Бядуля.

•••

Каршуном наляцець гл. наляцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ку́длы ’валасы’ (ТС, Сержп., Ск., Нік. Напаў., Бяльк., КЭС, лаг., Гарэц.). Укр. кудлы, рус. кудлы ’тс’, польск. kudły, чэш. kudle ’тс’. Гл. кудзель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,

бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць швагер караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл. Аляксандр Неўскі).

Літ.:

Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;

Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял. кн. ВКЛ Вітаўтам і вял. кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.

т. 11, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎПА́ЦІЙ КАЛАЎРА́Т, Яўпацій Львовіч Калаўрат,

легендарны рус. асілак, разанскі баярын, які ў 1237—38 гераічна змагаўся супраць мангола-тат. заваёўнікаў. Пра яго подзвіг расказвае стараж.-рус. «Аповесць пра спусташэнне Разані Батыем» (1-я пал. 14 ст.), якая ўвайшла ў шэраг пазнейшых рус. летапісаў. Паводле «Аповесці», Я.К. у 1237 выконваў даручэнне свайго князя ў Чарнігаўскай зямлі. Даведаўшыся пра нашэсце Батыя, ён спешна вярнуўся ў Разань, але застаў толькі папялішчы знішчанага горада. Сабраўшы 1700 воінаў («храбраў»), ён кінуўся наўздагон за Батыем, каб «выпіць смяротную чашу» разам з князямі, што загінулі ў Разані. Дагнаўшы мангола-татараў у Суздальскай зямлі, напаў на іх лагер і прычыніў ім значныя страты. Паводле «Аповесці», Я.К. і «храбры» біліся адзін з тысячай, а два з цьмою (10 тыс. чал.). Батый накіраваў супраць іх сваіх лепшых воінаў, але Я.К. рассек напапалам Хастаўрула, швагра Батыя, і забіў яшчэ многіх мангола-тат. асілкаў. Калі з дапамогай кідальных машын Я.К. усё ж быў забіты, Батый, уражаны яго мужнасцю і сілай, аддаў цела асілка «храбрам», якім загадаў захаваць жыццё і волю.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эско́рт, ‑у, М ‑рце, м.

Канвой, ахова, якая суправаджае каго‑, што‑н. Паказаўся ганаровы эскорт і картэж чорных бліскучых «Чаек». Карпаў. Камедыя з паліцэйскім эскортам была разыграна ўладай наўмысна, каб выдаць за сапраўднасць версію аб тым, што на канферэнцыю напаў натоўп людзей і разграміў яе. Машара.

[Фр. escorte.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слупня́к, ‑у, м.

Вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў. — А ты ведаеш, што ў зямлі могуць быць мікробы слупняку, — закрычала Клава, хуценька дастаючы з сумкі ёд і бінт. Рунец. / у перан. ужыв. На Саньку напаў слупняк. Я таксама лыпаю вачамі.. — Ну добра, — схамянуўся нарэшце мой прыяцель і грозна бліснуў вачамі. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)