ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),
службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,
асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).
Г.А.Маслыка.
т. 6, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНІ́РАВАННЕ (ад лац. internus унутраны),
прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен. караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,
у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,
у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),
афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),
прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял. літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш. суд. чыноўнікаў.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМАТЫЗА́ЦЫЯ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
упарадкаванне і прывядзенне ў пэўную сістэму нарматыўных актаў, якое заключаецца ў іх удасканаленні, вызваленні ад устарэлых і супярэчных паміж сабой норм, стварэнні новых актаў, зборнікаў, збораў законаў. Мае на мэце забяспечыць узгадненне прававых норм, выключыць раздробненасць і мноства актаў, якія назапашваюцца ў працэсе праватворчасці, аблегчыць іх выкарыстанне ў практыцы прымянення закону, павысіць прававую культуру грамадзян. С.з. рэалізуецца ў формах кадыфікацыі заканадаўства і яго інкарпарацыі. Пад тэрмінам «С.з.» разумеецца таксама дзейнасць органаў улады, кіравання, юстыцыі, суда і пракуратуры па бягучым уліку дзеючых нарматыўных актаў. Усе дзеючыя заканад. акты Рэспублікі Беларусь падлягаюць уключэнню ў Звод законаў, які з’яўляецца афіц. выданнем і падтрымліваецца ў кантрольным стане. Падрыхтоўка і падтрыманне Зводу ў кантрольным стане ажыццяўляюцца Нац. цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; у выпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.
Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.
Г.А.Маслыка.
т. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)