БАГУШЭ́ЎСКІ (Ян) (1881 — ?),

бел. скульптар. Вучыўся ў Кракаўскай АМ у К.​Ляшчкі, 5 гадоў жыў у Швейцарыі, дзе на яго творчасць паўплываў аўстр. сецэсіён (мадэрн). Багушэўскі — адзін з актыўных членаў культ. аб’яднання «Агніска» (Мінск, 1907), удзельнік маст. выставак, дзе экспанаваліся яго работы «Мінулыя часы», «Галава Буды» і інш., створаныя пад уплывам сімвалізму. У праграмным дакладзе на абмеркаванні маст. выстаўкі (Мінск, 1911) сцвярджаў вял. грамадска-выхаваўчыя магчымасці скульптуры.

А.​К.​Лявонава.

Я.Багушэўскі. Мінулыя часы. 1911.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.​Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРДСЛІ, Бердслей (Beardsley) Обры Вінсент (24.8.1872, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 16.3.1898), англійскі мастак-ілюстратар. Вучыўся ў Вестмінстэрскай маст. школе (1891). Зазнаў уплыў Э.Бёрн-Джонса, звяртаўся да прыёмаў яп. гравюры. Развіваў сімвалічныя тэндэнцыі мастацтва позніх прэрафаэлітаў. Шматлікія малюнкі Бёрдслі (іл. да час. «Жоўтая кніга», які ён выдаваў у 1894—95, і «Савой», 1896, да «Саламеі» О.​Уайльда, 1894), адметныя вытанчанасцю і дэкар. элегантнасцю вобразаў, віртуознай гульнёй тонкіх ліній і сілуэтаў, адыгралі важную ролю ў фарміраванні графікі стылю «мадэрн».

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ТЭХНІ́ЧНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры стылю мадэрн. Пабудаваны ў пач. 20 ст. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Кампазіцыю гал. фасада ствараюць 2 бакавыя рызаліты і павышаная цэнтр. частка. Актыўнымі элементамі фасада з’яўляюцца вял. лучковыя вокны і цэнтр. ўваход, дэкарыраваны круглым вітражом. Ліштвы падкрэсліваюць крывалінейную форму аконных праёмаў, у 1-м і 2-м паверхах бакавых рызалітаў аб’яднаны ў агульную дэкар. раму з перакрыжаваных гарыз. і верт. чляненняў.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскага тэхнічнага вучылішча будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́НЬКА ў архітэктуры,

дэкаратыўная дэталь (патаўшчэнне) слупоў, калонак, ліштваў акон і дзвярных парталаў. Мае круглую або крыху падоўжаную (дынепадобную) форму. Была пашырана ў рус. мураванай архітэктуры 15—17 ст., у драўляным дойлідстве — да канца 18 ст. На Беларусі сустракаецца пераважна ў пабудовах 19 — пач. 20 ст. стыляў псеўдарускага і мадэрн (будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, Пакроўская царква ў Гродне і інш.).

Дынькі на фасадах былога Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску (уверсе) і Пакроўскай царквы ў Гродне.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1929 у в. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі). Мае рысы стылю мадэрн.

Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай алтарнай апсідай, бабінцам і сакрысціямі накрыты дахам складанай формы. Гал. фасад вылучаны высокай 5-яруснай вежай-званіцай, уваход аформлены падчэнямі на 4 мураваных слупах. Сцены ашаляваны дошкамі, вокны арачныя і круглыя. Інтэр’ер падзелены 8 слупамі на З нефы. Столь кесаніраваная, з арнаментальнай размалёўкай. Над бабінцам — хоры.

Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв. колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).

А.​М.​Кулагін.

Галавічпольская сядзіба.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРАНКАЎСКАЯ ЦАРКВА́ ДЗМІ́ТРЫЯ РАСТО́ЎСКАГА,

помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.

А.​М.​Кулагін.

Выдранкаўская царква Дзмітрыя Растоўскага.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЁЎСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д,

адно з буйнейшых у Расіі прадпрыемстваў па вырабе быт. і маст. фарфору. Засн. 1832 у пусташы Дулёва (з 1937 — г. Лікіно-Дулёва Маскоўскай вобл.) Т.​Я.​Кузняцовым. У 1889—1917 належаў таварыству М.​С.​Кузняцова. Вырабы гэтага перыяду выконваліся ў стылі мадэрн і адрозніваліся выдатнымі маст. якасцямі. З 1930-х г. пераважае размалёўка буйнымі колеравымі плямамі, пышная пазалота (сталовыя і чайныя сервізы, вазы, блюды)., З сярэдзіны 1960-х г. уводзяцца новыя, больш стрыманыя формы пасудзін. Вырабляюцца таксама дэкар. скульпт. кампазіцыі і фігуркі.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)