КЮРЫ—ВЁЙСА ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці парамагнетыкаў; абагульненне Кюры закона на выпадак узаемадзеяння паміж лакалізаванымі магнітнымі момантамі.

Мае выгляд χ = C/(T − Θ), дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры), Θ — парамагн. т-ра Кюры. Устаноўлены франц. фізікам П.​Вейсам у 1907. К—В.з. падпарадкоўваюцца фера- і антыферамагнетыкі ў парамагн. вобласці пры т-рах, больш высокіх за Кюры пункт і Нееля пункт адпаведна, а таксама сегнетаэлектрыкі: дыэлектрычная пранікальнасць пры т-рах T>Θ, дзе Θ — т-ра Кюры сегнетаэлектрыка; змяняецца па законе ε = B/(T − Θ), дзе B — канстанта рэчыва.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэ́сла

[харв. W. Tesla = прозвішча харв. фізіка і вынаходцы (1856—1943)]

адзінка магнітнай індукцыі ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАГНІТАЦВЁРДЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, магнітажорсткія матэрыялы,

фера- і ферымагнетыкі, якія маюць высокае значэнне каэрцытыўнай сілы (Hc = 10​3—10​6 А/м). Характарызуюцца высокім значэннем астаткавай магнітнай індукцыі і макс. значэннем магн. энергіі на ўчастку размагнічвання пятлі гістэрэзісу. Высокія значэнні Hc у М.м. абумоўлены затрымкай працэсу перамагнічвання. М.м. выкарыстоўваюць як пастаянныя магніты, а таксама ў гістэрэзісных рухавіках і ў якасці носьбітаў магн. памяці.

Паводле тэхналогіі фарміравання высокакаэрцытыўнага стану М.м. падзяляюць на: сталі, якія загартоўваюць на мартэнсіт; недэфармуемыя літыя сплавы жалеза, нікелю і алюмінію (алні) з дабаўкамі кобальту, тытану, медзі і інш.; дэфармуемыя сплавы жалеза, нікелю, медзі (куніфэ), кобальту, нікелю, медзі (куніко) і інш., а таксама сплавы з выкарыстаннем высакародных металаў (напр., сплавы кобальту з плацінай для вырабу звышмініяцюрных магнітаў); М.м., якія атрымліваюць прасаваннем парашкоў з іх далейшай тэрмічнай апрацоўкай. З метал. парашкоў прасаваннем без сувязнога ці спяканнем пры высокай т-ры вырабляюць металакерамічныя М.м., да якіх адносяцца матэрыялы на аснове інтэрметалідаў металаў групы жалеза з рэдказямельнымі элементамі (напр., SmCo5 пяцькобальт-самарый) для вырабу найб. энергаёмістых сучасных магнітаў. Прасаваннем парашкоў разам з сувязным, які полімерызуецца пры невысокай т-ры, атрымліваюць металапластычныя М.м. Да М.м. адносяцца таксама барыевы, стронцыевы і кобальтавы ферыты.

Літ.:

Сергеев В.В., Булыгина Т.И. Магнитотвердые материалы. М., 1980.

Г.​І.​Макавецкі.

Блок-схема студыйнага шпулечнага магнітафона: 1 — генератар высокай частаты; 2 — узмацняльнік запісу; 3 — узмацняльнік узнаўлення; 4 — шпулі з магнітнай стужкай; 5, 6, 7 — магнітныя галоўкі ўзнаўлення, запісу і сцірання (адпаведна).

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІМУТ (ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны), утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.

Да арт. Азімут. А — азімут сапраўдны; Д — магнітнае схіленне; Ам — азімут магнітны.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; н. 2.1.1941, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, з 1989 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар кн. аповесцей і апавяданняў для дзяцей з займальнымі сюжэтамі, жывымі вобразамі: «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Бі, барабан!» і «Загадка без адгадкі» (1972), «Хто-каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989), «Дзень магнітнай буры» (1992), «Арэхавы спас» (1997). У сваіх творах ставіць праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, ролі сям’і і школы ў выхаванні падлеткаў. На бел. мову пераклаў раман Г.​Уэлса «Чалавек-невідзімка» (1997), а таксама творы рус. і ўкр. пісьменнікаў.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Пётр Пятровіч) (13.4.1878, Масква — 24.4.1942),

расійскі фізік і бія-геафізік. Акад. АН СССР (1917). Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). У 1912—25 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча. З 1920 дырэктар арганізаванага ім Дзярж. біяфіз. ін-та. З 1931 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны, з 1938 — дырэктар біяфіз. лабараторыі АН СССР. Заснавальнік і рэдактар (1918—24) час. «Успехи физических наук». Навук. працы па фізіцы, фіз. хіміі, біягеафізіцы, гісторыі дакладных навук. Стварыў іонную тэорыю ўзбуджэння, даследаваў працэсы фізіял. адаптацыі, распрацаваў методыку прымянення законаў тэрмадынамікі да біял. працэсаў. Кіраваў даследаваннямі Курскай магнітнай анамаліі.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М.; Л., 1950—57.

Літ.:

Шулейкин В.В. П.​П.​Лазарев // Основатели советской физики. М., 1970.

А.​У.​Астапенка.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

га́ус

[ням. C. Gauss = прозвішча ням. матэматыка (1777—1855)]

адзінка магнітнай індукцыі ў СГС сістэме адзінак, роўная 104 вебера на 1 м​2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

феразо́нд

(ад фера- + зонд)

фіз. устройства для вымярэння напружанасці магнітнага поля; выкарыстоўваецца ў магнітнай дэфектаскапіі, пры пошуках карысных выкапняў, у даследаванні магнетызму планет.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інтэнсі́ўнасць

(ад інтэнсіўны)

1) напружанасць, узмоцненая дзейнасць (напр. і. працы, і. працэсаў абмену рэчываў);

2) гушчыня патоку электрычнай, магнітнай, гукавой, светлавой або іншай энергіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

месмеры́зм

[ад ням. F. Mesmer = прозвішча ням. урача (1734—1815)]

уяўленне аб выпрамяненні планетамі асаблівай магнітнай сілы і аб яе лячэбным уплыве на людзей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)