НАТУРА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

паняцце паліт. і прававой думкі, якое абазначае сукупнасць зыходных каштоўнасцей, прынцыпаў, правіл, правоў, абумоўленых натуральнай прыродай чалавека і незалежных ад канкрэтных сац. умоў і дзяржавы. Асобныя ідэі Н.п. зарадзіліся ў антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон і інш.). У той час Н.п. супрацьпастаўлялася законам і інш. устаноўкам канкрэтнай дзяржавы. Як цэласная і развітая сістэма поглядаў Н.п. склалася ў 17—18 ст. у ходзе барацьбы супраць саслоўных прывілеяў за раўнапраўе і свабоду ўсіх членаў грамадства. Прыхільнікамі канцэпцыі Н.п. былі Г.​Гроцый, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Мантэск’ё, Дж.​Лок, Т.​Гобс, Д.​Дзідро, А.​М.​Радзішчаў, бел. мысліцелі-асветнікі Ф.​Скарына, М.​Літвін, А.​Волан, А.​Алізароўскі, І.​Страйноўскі, М.​Лавіцкі і інш. Гэту канцэпцыю звычайна выкарыстоўвалі ў якасці крытэрыя ацэнкі існуючага заканадаўства ў розных краінах, для вызначэння шляхоў яго ўдасканалення. Ідэі Н.п. знайшлі адлюстраванне ў амер. Дэкларацыі незалежнасці (1776), Канстытуцыі ЗША (1787); папраўках да яе, у франц Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789) і ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948). Марксізм падыходзіў да гэтых правоў як да сацыяльна абумоўленых, класавых, а не прыроджаных катэгорый.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),

дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.​Астроўскі (прэзідэнт), М.​Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.​Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.​Кушаль (вайсковыя справы), С.​Кандыбовіч (фінансы), А.​Калубовіч (справы культуры), П.​Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.​Калядка (лясная гаспадарка), С.​Станкевіч (прафес. справы), А.​Скурат (школьныя справы), П.​Орса (сельская гаспадарка), Н.​Абрамава, М.​Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СЬ (Generalkomissariat Weissruthenien),

вышэйшы орган ням.-фаш. цывільнага кіравання часткай акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ў адпаведнасці з загадам А.​Гітлера ад 17.7.1941, паводле якога кіраванне захопленымі сав. абласцямі пасля «спынення ваенных дзеянняў пераходзіць ад ваеннай адміністрацыі да цывільных улад». Ген. камісар — гаўляйтар В.Кубэ (1.9.1941 — 22.9.1943), в.а. ген. камісара — ген.-лейт. паліцыі групэнфюрэр К. фон Готберг (вер. 1943 — чэрв. 1944). Генеральны камісарыят Беларусі складаўся з 5 гал. аддзелаў: палітыкі (уключаў аддзелы палітыкі, прапаганды, культуры і моладзі); кіравання (кадраў, права, фінансавы, мед. абслугоўвання, ашчадных кас і інш.); гаспадаркі (гаспадарчы, сельскай гаспадаркі, харчовы, леса- і дрэваапрацоўкі, рабочай і сац. палітыкі, прам-сці і рамяства); тэхнікі (буд-ва дарог, воднай гаспадаркі, рэк); працы (з 1944). Склад апарата Генеральнага камісарыята Беларусі камплектаваўся з асоб ням. нацыянальнасці. Генеральнаму камісарыяту Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся абл. камісарыяты, гар. камісарыят Мінска, сілы паліцыі бяспекі і СД. Апарат Генеральнага камісарыята Беларусі ажыццяўляў ням.-фаш. палітыку на тэр. генеральнай акругі Беларусь, скіраваную на найб. эфектыўнае выкарыстанне эканам. патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі ў інтарэсах Германіі, правядзенне паліт. і ідэалаг. мерапрыемстваў і інш.

А.​М.​Літвін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́С 1944,

кангрэс Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Адбыўся 27.6.1944 у Мінску. Быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р.​Астроўскага з дазволу в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга. Прысутнічала 1039 дэлегатаў. Парадак дня: справаздача прэзідэнта БЦР праф. Астроўскага аб дзейнасці рады; выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцый; заслухванне рэферата М.​Шкялёнка «Аб прызнанні за няважныя пастановы ўрада СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу»; справаздача мандатнай камісіі (праф. Жарскі); заслухванне рэферата А.​Калубовіча «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб Уневажанні маскоўскага голасу ў беларускіх справах»; прыняцце рэзалюцый і заключная прамова. Кангрэс прызнаў правільным рашэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.3.1918 аб канчатковым разрыве з бальшавіцкай Масквой і Рас. дзяржавай ва ўсіх яго формах, пацвердзіў, што голас Масквы і СССР у бел. справах не мае ніякай законнай сілы, прызнаў БЦР на чале з Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». У сувязі з набліжэннем Чырв. Арміі кангрэс праходзіў у вял. спешцы. Значэнне кангрэса было важкім у асн. для амбіцый Астроўскага, які атрымаў ад дэлегатаў паўнамоцтвы на прэзідэнцтва БЦР, чым і карыстаўся да сваёй смерці.

А.​М.​Літвін.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),

грамадская нац. арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ. БНС узначальвалі І.​Ермачэнка, Ю.​Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),

падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр. б. СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.​Равецкі, Т.​Камароўскі, Л.​Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс. чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав. партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр. Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.

А.​М.​Літвін.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),

вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.​Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.​Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.​Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел. нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш. гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),

агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав. ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач. Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.​Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс. чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.

Літ.:

Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;

Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.

А.​М.​Літвін.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),

Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял. Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.​Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.​Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал. ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач. жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.​Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫХА́НКА,

1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.

Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.

2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Аляб’еў, М.​Глінка, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.​Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.​Шапэна, Брамса, Ф.​Ліста, Э.​Грыга, М.​Балакірава, А.​Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.​Равеля, для сімф. аркестра А.​Лядава, І.​Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.​Абеліёвіч, С.​Аксакаў, М.​Аладаў, Я.​Глебаў, Л.​Захлеўны, В.​Капыцько, Дз.​Лукас, І.​Любан, П.​Падкавыраў, Ю.​Семяняка, А.​Туранкоў, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін, Л.​Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера, «Матухна Кураж» С.​Картэса) і балетах. М.​Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1979).

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Літ. гл. таксама пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.​А.​Барташэвіч, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)