КУ́ПМАНС ((Koopmans) Цьялінг Чарлз) (28.8.1910, Грэйвленд, Нідэрланды — 26.2.1985),

амерыканскі эканаміст. Член Нідэрландскай АН. Адукацыю атрымаў ва Утрэхцкім і Лейдэнскім ун-тах. У 1938—40 эксперт Лігі Нацый па пытаннях грашовага абарачэння. У 1946—55 праф. Чыкагскага, у 1955—81 Іельскага ун-таў. З 1975 прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі. Даследаванні ў галіне тэорыі эканам. цыкла і планавання, лінейнага праграміравання, аперацыйнага аналізу, аптымальнага размеркавання рэсурсаў. Аўтар прац «Тры нарысы аб стане эканамічнай навукі» (1957), «Мэты, абмежаванні, даходы ў мадэлях аптымальнага росту» (1966) і інш. Навук. даклады К. ў 2 т. выдадзены ў 1970—85. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Л.В.Кантаровічам).

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕР ((Meyer) Ханес) (18.11.1889, г. Базель, Швейцарыя — 19.7.1954),

швейцарскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1909—12). Жыў у Германіі (1910—20-я г.; у 1928—30 дырэктар школы «Баўгауз»), СССР (1930—36), Мексіцы (1939—49). Быў блізкі да гал. групы «Стыль» і Ле Карбюзье. Паслядоўнік прынцыпаў функцыяналізму (пас. Фрайдорф каля Базеля, 1919—21), імкнуўся да аналітычна дакладнай пабудовы аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка, якая лагічна вынікала з сістэмы функцыян. працэсаў (неажыццёўлены праект Палаца Лігі Нацый у Жэневе, з Х.​Вітверам, 1926—27; прафс. школа ў Бернаў каля Берліна, 1928—30).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт. арг-цыя Лігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС ((Pearse) Патрык Генры) (10.11.1879, Дублін — 3.5.1916),

ірландскі грамадскі дзеяч, паэт і асветнік. Адзін з кіраўнікоў Гэльскай лігі. Аўтар паэм і драматычных твораў на гэльскай (ірландскай) мове. Удзельнічаў у стварэнні Ірландскага нац. ун-та. З ліст. 1913 чл. выканаўчага к-та ірландскіх валанцёраў, з ліп. 1914 — Вярх. к-та Ірландскага рэспубліканскага брацтва (ІРБ). Пасля пач. 1-й сусв. вайны чл. крыла ІРБ, якое выступала супраць удзелу ірландцаў у вайне на баку Вялікабрытаніі. У час Ірландскага паўстання 1916 прызначаны 24.4.1916 прэзідэнтам часовага ўрада Ірландскай Рэспублікі. Быў узяты ў палон брыт. войскамі і пакараны смерцю.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),

арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел. арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар. дыпламат. балі. Выдавала інфарм. час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.​Алехнік.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАЧ (Тэадор Часлававіч) (9.2.1883, г.п. Чупахаўка Сумскай вобл., Украіна — 12.5.1943),

дзеяч рабочага руху, юрыст. Скончыў Харкаўскі ун-т. Працаваў у судах на Украіне. З 1919 адвакат у Польшчы, абараняў дзеячаў рэв. і нац.-вызв. руху на судовых працэсах, у т. л. на працэсе Т.​Домбаля (1922), працэсе 56-і (1928), кобрынскім (1933), луцкім (1934) і інш. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. арг-цыі дапамогі рэвалюцыянерам у Польшчы. У 1933—37 нам. старшыні Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Польскай рабочай партыі і чл. яе ЦК з 1942. У 1943 арыштаваны гестапа і ў час следства закатаваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ПА РАЗЗБРАЕ́ННІ 1932—35,

міжнародная канферэнцыя аб скарачэнні і абмежаванні ўзбраення. Склікана 2.2.1932 па рашэнні Савета Лігі Нацый, удзельнічалі 63 краіны. Некаторыя краіны імкнуліся выкарыстаць канферэнцыю для аслаблення магчымых праціўнікаў і ўзмацнення сваёй ваен. магутнасці (франц. дэлегацыя дамагалася захавання ваен. перавагі над Германіяй паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, герм. дэлегацыя патрабавала роўнасці ва ўзбраеннях, а ў кастр. 1933 адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі). Дэлегацыя СССР прапанавала пакласці ў аснову работы прынцыпы ўсеагульнага і поўнага раззбраення, а пасля адхілення гэтай прапановы — правесці прагрэс.-прапарцыянальнае скарачэнне ўзбраенняў і ўзбр. сіл. Сав. прапановы былі адхілены, канферэнцыя зайшла ў тупік і ў 1935 фактычна спыніла сваю работу.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮІСО́Н ((Buisson) Фердынанд Эдуард) (20.12.1841, Парыж — 16.2.1932),

французскі педагог і грамадскі дзеяч. Праф. Лазанскай акадэміі (1866—70), дырэктар пач. адукацыі Францыі (1879—96), кіраўнік кафедры педагогікі Сарбоны (з 1896). Дэпутат парламента ў 1902—24. Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні законаў 1880-х г. аб усеагульнай абавязковай бясплатнай пач. адукацыі і аб свецкай школе, а таксама школьных законаў пач. 20 ст. Адстойваў прынцыпы «адзінай школы»: роўнасць у атрыманні адукацыі і даступнасць навучання ў сярэдняй школе, якая залежала б толькі ад здольнасцей вучняў. Вял. значэнне надаваў маральнаму развіццю асобы, прызнаючы ролю рэлігіі ў выхаванні. Адзін з заснавальнікаў «Лігі правоў чалавека» і «Т-ва па вывучэнні дзіцячай псіхалогіі». Нобелеўская прэмія міру 1927.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́ ((Passy) Фрэдэрык) (20.5.1822, Парыж — 19.6.1912),

французскі эканаміст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Вучыўся ў ліцэях Людовіка Вялікага і Бурбона ў Парыжы. Самастойна вывучаў эканам. тэорыю, чытаў па ёй лекцыі, выкладаў у школах Парыжа. У 1881—89 дэп. парламента. Пад уплывам Крымскай вайны 1853—56 усвядоміў амаральнасць і непрадуктыўнасць вайны як спосабу вырашэння міжнар. спрэчак. Выступаў за міжнар. арбітраж. У 1888 разам з У.Р.Крымерам арганізаваў сустрэчу франц. і англ. парламентарыяў для абмеркавання перспектыў арбітражу паміж іх краінамі і ЗША. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. лігі міру (1867) і Міжпарламенцкага саюза (1889). Аўтар зб. эсэ «Праблемы эканомікі» (1857), твораў «Гісторыя працы» (1872), «Міжнародны арбітраж» (1879) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1901 (прысуджана ўпершыню, разам з А.Ж.Дзюнанам).

Ф.Пасі.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)