КЕРЭКСУ́РЫ (манг.),

пахавальныя збудаванні 1-га тыс. да н.э. і 6—10 ст. н.э. ў Манголіі, Тыве і Забайкаллі. Размешчаны пераважна ў катлавінах і па далінах буйных рэк. Уяўляюць сабой каменныя насыпы (курганы), акружаныя квадратнай ці круглай каменнай агароджай з дадатковай кальцавой выбрукоўкай.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЭ́НЬКА (Францішак Леапольдавіч) (15.3.1862, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1892),

бед. краязнавец і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію (1881), Варшаўскі ун-т (1887). У 1886 за навук. працу па бел. нар. медыцыне ўзнагароджаны залатым медалём. Рабіў археал. раскопкі на тэр. сучаснага Ушацкага р-на: даследаваў гарадзішчы каля в. Гвазды, Вял. Бірулі, М. Дольцы, Афераўшчына; у наваколлі в. Пуцілкавічы выявіў 9 гарадзішчаў жал. веку, каля 50 курганных груп раннефеад. часу (раскапаў 36 курганоў) і склаў археал. карту ваколіц вёскі (уключана 85 помнікаў). У рукапісах засталіся працы «Курганы ў Пуцілкавічах» (1887—92), «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», археал. карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы бел. фальклору. Частка матэрыялаў захоўваецца ў Кракаўскім археал. музеі.

Тв.:

Przyczynek do lecznictwa ludowego // Materiały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne... Kraków, 1986. T.1.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗО́Ў (Уладзімір Ільіч) (1840, Масква — 1.11.1904),

расійскі археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў маскоўскага гіст. музея, з 1881 яго вучоны сакратар. Даследаваў славяна-рускія старажытнасці. У 1890 праводзіў раскопкі курганоў каля вёсак Іпалітаўка (Новабяляеўка) на Гомельшчыне, Чырвоная Слабада і Туравічы на Магілёўшчыне. Вынікі даследаванняў радзіміцкіх курганоў абагульніў у працы «Аб паходжанні і характары курганных скроневых кольцаў і пераважна так званага маскоўскага тыпу» (1895). У канцы 1890-х г. у вярхоўях Дняпра адкрыў доўгія курганы. У 1902 першы з археолагаў на аснове матэрыялаў з раскопак Гнёздаўскіх курганоў на Смаленшчыне выступіў супраць «нарманскай» тэорыі.

Тв.:

[Отчет о раскопках в Смоленской и Могилевской губерниях в 1890 г.) // Древности: Тр. Москов. археологического о-ва М., 1894. Т. 15, вып. 2;

Курганы Смоленской губернии. Вып. 1. СПб., 1902.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РКІ,

курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст. каля хутара Гуркі Брэсцкага р-на. 173 курганы, з іх 25 даследаваны. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З і У з выцягнутымі ўздоўж тулава рукамі. Знойдзены фрагменты рыфленага ганчарнага посуду з адагнутым венчыкам, глінянае прасліца, сярэбраны віты пярсцёнак, жал. нажы. Адно з пахаванняў воіна, магчыма, не мясц. паходжання.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́СЦІЧЫ,

курганны могільнік канца 10—13 ст. каля в. Кусцічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Даследаваны 24 курганы. У 12 пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе (галавой на 3), на гарызонце, у ямах; у адным — трупаспаленне па-за межамі кургана; у 11 пахаванні не выяўлены. Пахавальны інвентар дае падставу лічыць, што могільнік належаў дрыгавічам.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБАНТО́ВІЧ (Анатоль Станіслававіч) (13.5.1941, в. Ордаць Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.3.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у газ. «Піянер Беларусі» і час. «Бярозка». Друкаваўся з 1959. Аўтар зб-каў паэзіі «Азбука» (1966), «Міннае поле» (1968), «Пярсцёнак» (1971), у якіх змешчаны вянкі санетаў «Васілёк», «Курганы», «Салдат», балады, лірычныя вершы пра маладосць, хараство жыцця, каханне.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

курга́н, ‑а́ і ‑а; мн. курганы́, ‑о́ў і курга́ны, ‑аў; м.

Высокі старадаўні магільны насып. Скіфскі курган. □ Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі. — Удзірванелы курган векавечны. Купала. Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. В. Вольскі. // Горка, узгорак. Шкода светлай ручаінкі У берагах пясчаных, Што, як срэбра, мкне-бруіцца Паміж гор, курганаў. Колас.

•••

Курган Славы — конусападобны земляны насып з мемарыяльнымі архітэктурнымі надбудовамі для ўвекавечвання подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курга́нне

1. Месца старажытных пахаванняў, дзе ёсць звычайна насыпныя магілы-курганы круглай формы (БРС). Тое ж курганы́, курганнё (Слаўг.).

2. Купіны, узгоркі (Беш. Касп.). Тое ж курга́не (Слуцк.).

□ в. Курга́нне Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

про́шласць, ‑і, ж.

Мінулы час, мінулыя падзеі; мінулае. Гэй, адвечныя курганы, Сведкі прошласці глухой! Кім вы тут панасыпаны? Колас. Постаць і хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалі Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адве́чны, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Які заўсёды існаваў; спрадвечны. Адвечная тайна. Адвечныя балоты. □ Дзе крыўда адвечная спела, Дзе сыпала гора курганы, Рукой пралетарскаю смелай Гнілы стары лад зруйнаваны. Купала. Думка — гэта адвечная, невычэрпная, бясконцая, як само жыццё, крыніца сілы. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)