сукупнасць функцыянальна ўзаемазвязаных касм. апаратаў і наземных тэхн. сродкаў для самаст. рашэння задач у космасе ці для забеспячэння рашэння такіх задач у складзе касм. сістэмы. Мае ракету-носьбіт, касм. апарат, тэхн. і стартавы комплексы, сродкі вымяральнага комплексу касмадрома, наземны комплекс кіравання касм. апаратамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна звязаных тэхн. сродкаў і сістэм для пуску ракет і кіравання іх палётам. Уключае ракеты, пускавыя ўстаноўкі і наземнае абсталяванне: сродкі транспартавання ракет, часовага іх захоўвання ў розных ступенях гатоўнасці, перагрузкі, прыцэльвання і пуску, апаратуру знаходжання і суправаджэння цэлей, навядзення на іх ракет.
Бываюць: баявыя (стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; зенітныя, процітанкавыя, процілодачныя і інш.; гл.Зенітны ракетны комплекс, Процітанкавы ракетны комплекс), даследчыя (касм., метэаралаг., геафіз. і інш.) і вучэбныя; наземныя (стацыянарныя, паўстацыянарныя, рухомыя), карабельныя (надводныя, падводныя) і авіяц. (самалётныя, верталётныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́СНЫ КО́МПЛЕКС,
некалькі ваданосных гарызонтаў, якія маюць гідраўлічную сувязь і агульны напорны ўзровень. Прымеркаваны да горных парод пэўнага ўзросту. Характарызуецца своеасаблівымі гідрадынамічнымі і гідрахім. ўмовамі. Некалькі ваданосных комплексаў звычайна ўваходзяць у гідрагеалагічны басейн (масіў). Называецца паводле ўзросту ваданосных парод, напр. верхнепратэразойскі, верхнерыфейска-вендскі, сярэдне-дэвонскі ваданосны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС, Гольджы апарат, Гольджы зона,
унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУЧА́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна ўзаемазвязаных навуч.-метадычных, інфарм., матэм. і інж.-тэхн. сродкаў, якія забяспечваюць праграмаванае навучанне. Ствараецца на базе ЭВМ з разгалінаванай сістэмай прыстасаванняў для ўводу і вываду дадзеных, напр., абучальных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭХНІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.
У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінак вытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.
Літ.:
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.
Г.І.Хуцкі.
Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (АПК),
сукупнасць галін нар. гаспадаркі, якія забяспечваюць вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны, а. таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Уключае: галіны, якія забяспечваюць АПК сродкамі вытв-сці (харч.прам-сць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, рамонт тэхнікі, вытв-сцьмінер. угнаенняў і хім. сродкаў аховы раслін, здабычу торфу для сельскай гаспадаркі, мікрабіялагічную прам-сць і капітальнае буд-ва); сельскую гаспадарку (у т. л.асабістую дапаможную гаспадарку насельніцтва) і лясную гаспадарку, галіны, што даводзяць с.-г. прадукцыю да спажыўца (нарыхтоўка, перапрацоўка, захаванне, транспарціроўка, рэалізацыя). У аграпрамысловай вытв-сці вылучаюць: вытв-сць сродкаў вытв-сці для ўсёй сістэмы АПК; с.-г.вытв-сць; вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны; рэалізацыю канчатковай прадукцыі; вытв.-тэхн. і тэхнал. абслугоўванне ўсіх стадый аднаўленчага цыкла. Да АПК адносяць таксама с.-г. навуку і сістэму падрыхтоўкі кадраў для ўсіх сфераў. На долю галін, якія ўваходзяць у АПК Рэспублікі Беларусь, прыпадае больш за 40% валавога грамадскага прадукту, каля 45% асн.вытв. фондаў і 36% колькасці працоўных усёй нар. гаспадаркі (1992). Асноўнае звяно АПК — сельская гаспадарка, у якой сканцэнтравана больш за 70% асн.вытв. фондаў АПК, каля 70% працаўнікоў і вырабляецца больш за 45% валавой прадукцыі (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,
1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж.зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.
2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн.тэхн. сродак навігацыі паветранай і марской навігацыі.
Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец.ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.