ПАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Арсенавіч) (20.5. 1936, в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.3.1972),
бел. літаратуразнавец, краязнавец, педагог. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, нам. дырэктара Сваткаўскай СШ Мядзельскага р-на. Узначальваў літаб’яднанне пры газ. «Нарачанская зара» (г. Мядзел). Пісаў вершы, літ.-знаўчыя артыкулы. Выдаў кн. «З вопыту работы літаратурнага гуртка...» (1968) пра работу школьнага гуртка бел. л-ры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел бел. пісьменнікі (Я.Брыль, В.Быкаў, У.Караткевіч, І.Навуменка, М.Танк і інш.). Памяці П. прысвечаны аповесць Быкава «Абеліск», верш А.Лойкі «Каліны», карціна А.Пупко «Памяць», раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы.
Літ.:
Жук В. Сцежка застаецца людзям // Маладосць. 1981. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,
старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар.т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віду прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ (Адольф) (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел.хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял.Айч. вайну ў Бел.нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел.культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ (Марыя Магдалена Эліза) (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),
бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.Лізен-Маўэра і М.Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́НЬКА (Францішак Леапольдавіч) (15.3.1862, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1892),
бед. краязнавец і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію (1881), Варшаўскі ун-т (1887). У 1886 за навук. працу па бел.нар. медыцыне ўзнагароджаны залатым медалём. Рабіў археал. раскопкі на тэр. сучаснага Ушацкага р-на: даследаваў гарадзішчы каля в. Гвазды, Вял. Бірулі, М. Дольцы, Афераўшчына; у наваколлі в. Пуцілкавічы выявіў 9 гарадзішчаў жал. веку, каля 50 курганных груп раннефеад. часу (раскапаў 36 курганоў) і склаў археал. карту ваколіц вёскі (уключана 85 помнікаў). У рукапісах засталіся працы «Курганы ў Пуцілкавічах» (1887—92), «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», археал. карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы бел. фальклору. Частка матэрыялаў захоўваецца ў Кракаўскім археал. музеі.
Тв.:
Przyczynek do lecznictwa ludowego // Materiały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne... Kraków, 1986. T.1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНІ́ЦКІ (Рычард Вікенцьевіч) (28.7.1886, фальварак Селігоры, цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл. — 29.1.1956),
бел. гісторык-архівіст, крыніцазнавец. Вучыўся ў Пецярб. ун-це (1904—06). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Жыў у Кракаве, Віцебску, Варшаве, з 1918 у Вільні, з 1921 супрацоўнік Дзярж. архіва ў Вільні, з 1939 яго дырэктар, адначасова з 1923 выкладчык Віленскага ун-та (з 1938 праф.). Пасля 2-й сусв. вайны працаваў у Гданьску і Торуні, займаўся гісторыяй архіва- і крыніцазнаўства. Упершыню ўвёў курс архівазнаўства ў Віленскім ун-це (1923) і распрацаваў курс лекцый па архівістыцы для ВНУ. Сабраў матэрыялы па гісторыі Полацкай губ. Вывучаў помнікі пісьменнасці ВКЛ. Аўтар прац «Віленская археаграфічная камісія (1864—1915)» (1925), «Дыярыуш вайсковай Варшаўскай рады з 1710 г.» (1928), «Архіў даўніх актаў у Віцебску, 1852—1903» (1939) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЛІК (Піліп Сцяпанавіч) (22.10.1672, в. Касута Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 25.5.1742),
украінскі дзярж. дзеяч. З бел. шляхецкага роду герба «Навіна». Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме. Служыў у ген.вайск. канцылярыі Левабярэжнай Украіны, у 1702—08 ген. пісар. Атрымаў у пасаг значныя маёнткі на Палтаўшчыне. У час Паўночнай вайны 1700—21 прыхільнік швед. пратэктарату над Украінай. У 1708 разам з гетманам І.Мазепам і часткай казацкай старшыны перайшоў на бок шведаў. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 разам з Мазепам і швед. каралём Карлам XII уцёк у тур. ўладанні. Там у 1710 пасля смерці Мазепы абвешчаны яго прыхільнікамі ўкр. гетманам. У 1711 удзельнічаў у паходзе крымскіх татар на Украіну. У 1714—20 жыў у Швецыі, потым у Германіі, Польшчы, Францыі. Падбіваў многія дзяржавы на інтэрвенцыю супраць Расіі. Аўтар мемуараў. Імя О. згадваецца ва ўкр.нар. думах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛЫ (Касьян) (сапр.Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),
бел. пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.
Тв.:
Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;
Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУБО́ВІЧ (Каханоўскі) Аўген
(Яўген) Тодаравіч (5.3.1912, в. Ціхінічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1987),
бел. гісторык, літаратуразнавец, паліт. дзеяч. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). У 1930 арыштаваны, сасланы. У 1933 вярнуўся ў БССР, з 1939 кансультант-метадыст Наркамасветы БССР. У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай рады даверу, Беларускай цэнтральнай рады (1944, справы культуры), кіраўнік Беларускага культурнага згуртавання (1944); на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выступіў з асн. рэфератам. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. арг-цый і партый, займаўся літ., навук., культ.-асв. і паліт.-грамадскай дзейнасцю. Даследчык мовы, л-ры, гісторыі Беларусі, пачынальнік вывучэння гісторыі бел. эміграцыі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зб. «Янка Купала і Якуб Колас, 1882—1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).