КІРКО́Р (Адам Ганоры Карлавіч) (21.1.1818, в. Слівіна Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 23.11.1886),
бел. і польскі гісторык, археолаг, этнограф, выдавец, грамадскі дзеяч. З роду Кіркораў. Чл.-кар. Імператарскага археал.т-ва (1856), чл.Рус.геагр.т-ва (1857), Акадэміі ведаў у Кракаве (1873). Вучыўся ў Магілёўскай (да 1834) і Віленскай (да 1838) гімназіях. Выдаваў у Вільні літ.-навук. альманахі «Радэгаст» (1843), «Разумовыя дзённікі» (т. 1—3, 1845—46), «Віленскі альманах» (1859, 1862), час. «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», т. 1—6, 1857—58). З 1849 чл. Віленскага статыстычнага к-та, рэдактар «Памятнай кніжкі Віленскай губерні» (1850—54). З 1855 чл. Віленскай археал. камісіі, хавальнік Віленскага музея старажытнасцей, якому ахвяраваў сваю археал.-этнагр. калекцыю. У 1850—60-я г. кіраўнік віленскага гуртка бел., польск. і літ. літаратараў і дзеячаў культуры. У 1859—65 рэдактар газ.«Виленский вестник». З 1859 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаваліся танныя кнігі на польск., літ. і рус. мовах (планаваліся і на бел.). У 1868—71 адзін з выдаўцоў газ. «Новое время» (Пецярбург). З 1872 у Кракаве, чытаў лекцыі па гісторыі слав. літаратур, у т. л. і беларускай. Археал., краязнаўчыя, этнагр. даследаванні праводзіў у Віленскай і Мінскай губ. (Ашмянскі, Барысаўскі, Вілейскі, Віленскі, Лідскі, Мінскі, Навагрудскі, Свянцянскі пав.), дзе даследаваў каля 1000 курганоў, запісваў узоры вусна-паэт. творчасці (песні, прыказкі, прымаўкі, паданні), абрады, звычаі, гульні, танцы, нар. святы. У працах «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі» (1839), «Аб этнаграфічнай мяжы літоўскай і славянскай народнасцей у Літве» (1857), «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857—59), «Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе» («Жывапісная Расія», т. 3, ч. 1—2, 1882) адзначаў багацце, самабытнасць духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа, падкрэсліваў гіст. і этнагр. своеасаблівасць беларусаў, іх мовы, пісьмовых традыцый, даў этнічную і сац.-быт. характарыстыку тыпаў беларуса. Аўтар «Нарысаў сучаснай рускай літаратуры» (1873), кн. «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874), дзе выказаў ідэю аб бел. культуры як цэласнай шматвяковай гіст. з’яве ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэт. традыцый. Аўтар мемуараў «Літоўскія абразкі» (1874), «З віленскіх успамінаў» (1884), «Успаміны з 1860—1863 гг.» (1884—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАНЕ́Ц (Карусь) (сапр.Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),
бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.
Тв.:
Творы. Мн., 1979.
Літ.:
Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;
Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;
Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. Мн., 1991.