Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
разнавіднасць вісячых канструкцый, нясучымі элементамі якіх з’яўляюцца гнуткія расцяжкі — ванты (звычайна стальныя тросы). Вантавыя канструкцыі складаюцца з вантаў і канструкцый, якія ўспрымаюць сцісканне, — бэлек, жорсткіх формаў, арак, рамаў, абалонак і інш.
Да арт. Вантавыя канструкцыі. Каток з вантавым пакрыццём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́РНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі будынкаў і збудаванняў, якія збіраюць (манціруюць) на буд. пляцоўцы з элементаў, папярэдне зробленых на заводах і палігонах. Робяцца з жалезабетону, бетону, металу, драўніны і інш. Выкарыстанне З.к. зніжае працаёмкасць і кошт буд-ва, павышае якасць работ, спрыяе комплекснай механізацыі буд. вытв-сці. З.к. найб. эфектыўныя пры вял. паўторнасці аднатыпных элементаў у жыллёвым, прамысл., камунальным і трансп. буд-ве (гл.Буйнаблочныя канструкцыі, Буйнапанэльныя канструкцыі). На Беларусі пашырана буйнаблочнае, буйнапанэльнае і аб’ёмнаблочнае домабудаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНАПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі з буйнапамерных плоскасных зборных элементаў. Вырабляюцца на спец. прадпрыемствах і манціруюцца на буд. пляцоўках. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве жылых, грамадскіх і вытв. будынкаў, дарог, аэрадромаў, плацін, каналаў, прамысл. і інш. збудаванняў. З іх робяць насцілы міжпаверхавых перакрыццяў, панэлі пакрыццяў будынкаў, сценавыя панэлі, фундаментныя пліты і інш. Буйнапанэльныя канструкцыі найбольш пашыраны ў каркасна-панэльнай і панэльнай (бескаркаснай) канструкцыйных схемах будынкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,
танкасценныя прасторавыя канструкцыі з ліставога металу. Выкарыстоўваюцца пераважна для буд-ва ёмістасцей рознага прызначэння (рэзервуараў, газгольдэраў, бункераў, трубаправодаў вял. дыяметраў і інш.).
Элементы Л.к. — цыліндрычныя, сферычныя, канічныя і інш. абалонкі, плоскія пласціны. Канструкцыі амаль заўсёды зварныя: невял. памераў зварваюць і манціруюць на месцы, вял. памераў (негабарытныя) скручваюць у рулоны, а на мантажнай пляцоўцы разгортваюць і манціруюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРЭ́ДНЕНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, у якіх загадзя (у працэсе вырабу ці мантажу) ствараюцца напружанні, аптымальна размеркаваныя ў элементах канструкцыі. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў жалезабетонных вырабах і канструкцыях, у арматуры якіх ствараюць унутр. напружанне расцяжэння, у бетоне — сціскання. Вызначаюцца высокай шчылінаўстойлівасцю, меншай металаёмістасцю. Высока эфектыўныя з прычыны больш поўнага выкарыстання высокатрывалых матэрыялаў і іх фіз.-мех. уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЯ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, асн. нясучыя элементы якіх (тросы, канаты, кабелі, ланцугі, сеткі, стрыжні, мембраны) успрымаюць толькі расцягвальныя намаганні. Бываюць: плоскія (выкарыстоўваюцца ў вісячых мастах, канатных дарогах) і прасторавыя (у пакрыццях грамадскіх і прамысл. будынкаў); аднапаясныя (паралельныя тросы, сеткі ці мембраны ўтвараюць цыліндрычныя або парабалоідныя паверхні з насцілам), двухпаясныя (папярэдне напружаныя, з крывалінейных паясоў, павернутых выпукласцямі ў процілеглыя бакі), седлападобныя (з тросаў, якія перасякаюцца і ўтвараюць сетку, або з адпаведных абалонак), вантавыя (гл.Вантавыя канструкцыі) і камбінаваныя.
Вісячыя канструкцыі лёгкія, эканамічныя, архітэктурна выразныя, мала адчувальныя да сейсмічных уздзеянняў, асядання апор. Будуюцца хутка, з дапамогай лёгкіх пад’ёмных механізмаў, пераважна без рыштаванняў. Асн. недахоп — дэфармавальнасць ад мясц. нагрузкі (памяншаецца адцяжкамі, раскосамі, бэлькамі жорсткасці, дадатковымі паясамі, папярэднім напружаннем элементаў). Выкарыстанне ў вісячых канструкцыях сучасных высокатрывалых матэрыялаў дазваляе перакрываць збудаванні з вял. пралётамі.
М.К.Балыкін.
Вісячыя канструкцыі: 1 — спартыўны будынак з вантава-бэлечным пакрыццём; 2 — падвеснае пакрыццё фабрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.
Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш.Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.