ЛАЙН (Line), Спарады Цэнтральныя Палінезійскія,

група з 11 каралавых астравоў (атолаў) у межах экватарыяльнай ч. Ціхага ак., у Палінезіі; у складзе дзяржавы Кірыбаці. Найб. атолы — Каляд (пл. 359 км²), Табуаэран, Тэраіна. Агульная пл. каля 500 км². Нас. каля 1,5 тыс. чал. Вырошчваюць какосавыя пальмы, хлебнае дрэва. Здабыча копры. Рыбалоўства. На а-вах Пальміра і Каляд аэрапорты, на в-ве Табуаэран — важная трансакіянская кабельная станцыя на лініі Каліфорнія — Фіджы — Новая Зеландыя. Адкрыты ў 1777 Дж.Кукам.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),

заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс. км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРАМЕ́НТА (Sacramento),

горад на З ЗША. Адм. ц. штата Каліфорнія. Засн. ў 1839 як гандл. факторыя. Рост горада звязаны з «залатой ліхаманкай» 1840-х г. Цэнтр штата з 1854. 404,2 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1,6 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Сакрамента Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр паўн. ч. Каліфарнійскай даліны. Прам-сць: ракетна-касм. (вытв-сць рухавікоў), радыёэлектронная, харч. (плодакансервавая, мясная). 12 каледжаў і універсітэтаў. Музеі і галерэя мастацтваў.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХА́ВЕ (Mohave),

пустыня на ПдЗ ЗША, у паўд. частцы штата Каліфорнія; частка Вялікага Басейна. Пл. каля 30 тыс. км². Вастраверхія хрыбты (выш. да 3366 м) чаргуюцца з шырокімі і глыбокімі катлавінамі, запоўненымі пяском, у т. л. Даліна Смерці. Клімат рэзка кантынентальны, з гарачым летам. Ападкаў 45—150 мм за год, часам іх не бывае гадамі («полюс сухасці» Паўн. Амерыкі). Шэраг невял. салёных азёр. Зараснікі крэазотавых хмызнякоў, сукуленты (юкі, кактусы і інш.). У паўд. ч. запаведнік Джошуа-Тры (ахова пустыннай расліннасці і фауны).

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,

паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл. каля 2,3 млн. км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн. дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН (Kahn) Луіс (20.2.1901, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 17.3.1974),

амерыканскі архітэктар. З 1915 у ЗША. Скончыў Пенсільванскі ун-т у Філадэльфіі (1924). Праф. Іельскага (1948—57) і Пенсільванскага (з 1957) ун-таў. Творчая манера набліжана да бруталізму. будынкі навук. лабараторый у Філадэльфіі (1957—64), Сан-Дыега (Каліфорнія; 1959—66), адм. і навуч. комплексы ў гарадах Ахмадабад (Індыя; 1963—66) і Дака (Бангладэш; з 1964), музей мастацтва Кімбеля ў Форт-Уэрце (Тэхас; 1967—72) і інш. Распрацаваў ген. план г. Дака на 1962—74. Іл. гл. да арт. Бруталізм.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver) Джордж (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),

англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.​Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕ́МІЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yosemite National Park),

у ЗША (штат Каліфорнія), у гарах Сьера-Невада. Пл. 304 тыс. га. Першы ў ЗША ахоўны ландшафт (з 1864), нац. парк з 1890. Маляўнічыя зах. схілы хр. Сьера-Невада з гранітнымі пікамі і купаламі (выш. да 3997 м — г. Лаел), горнымі азёрамі і вадаспадамі (у т. л. Іасеміцкі вадаспад у аднайм. даліне), даліна р. Іасеміты-Крык. Хвойныя лясы, гаі гіганцкай секвоі, альпійскія лугі. У фауне 78 відаў млекакормячых, у т. л. мядзведзь-барыбал, чарнахвосты алень; каля 200 відаў птушак. Турызм. Парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ДЫЕ́ГА (San Diego),

горад на Пд Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША, каля граніцы з Мексікай, у штаце Каліфорнія. Засн. іспанцамі ў 1769. 1220,7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 3 млн. ж. (2000). Марскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр цытрусаводчага раёна, авіяракетнай прам-сці і вытв-сці касмічных лятальных апаратаў. Прам-сць: радыёэлектронная, у т. л. вытв-сць ЭВМ і абсталявання, пераважна для ваенных мэт; суднабуд. прыладабуд., металаапр., хім., плодакансервавая. 9 ун-таў. Ін-т акіянаграфіі. Кліматычны курорт. У парку Бальбоа адзін з буйнейшых у свеце заапаркаў. Гал. ваенна-марская база ЗША на Ціхім ак.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)