НЯВЫ́ЗНАЧАНЫ ІНТЭГРА́Л,

агульны выраз першаіснай функцыі, вытворная ад якой роўная зададзенай падынтэгральнай функцыі 𝑓(x). Абазначаецца ∫ 𝑓(x)dx . Вылічваецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай, напр., ∫ xndx = xn + 1 n + 1 + C , дзе C — адвольная пастаянная.

Вылічэнне Н.і. (інтэграванне) — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню. Паводле абазначэння ∫ 𝑓(x)dx = F(x) + C . Усе першаісныя зададзенай функцыі адрозніваюцца толькі адвольнай пастаяннай і знаходзяцца ў выразе F(x) + C, таму што [F(x) + C]′ = F′(x) = f(x). Для функцыі, зададзенай на адрэзку, Н.і. звязаны з вызначаным інтэгралам ад гэтай функцыі Ньютана—Лейбніца формулай. Гл. таксама Інтэгральнае злічэнне.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫ́НА Якаў Валянцінавіч (н. 1.12.1946, в. Брылькі Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе (з 1975 заг. кафедры). Навук. працы па функцыянальным аналізе, дыферэнцыяльна-аператарных ураўненнях і тэорыі абагульненых функцый. Пабудаваў функцыянальнае злічэнне і даў яго дастасаванні, распрацаваў (разам з А.Б.Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый. Адзін з аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Линейные уравнения и борнология. Мн., 1982;

Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984 (разам з А.​Б.​Антаневічам).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬБЕРТАВА ПРАСТО́РА,

абагульненне эўклідавай прасторы на бясконцамерны выпадак. Уведзена ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Д.Гільберта як вынік абагульнення фактаў і метадаў раскладання функцый у артаганальныя шэрагі, а таксама даследаванняў інтэгральных ураўненняў. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі, тэорыі імавернасцей, тэарэт. фізікі.

Першасна гільбертава прастора — прастора бясконцых паслядоўнасцей, напр., x = (x1, x2, ..., xn, ...) са збежным шэрагам квадратаў x1​2 + x2​2 + ... + xn​2 + ... . Суму двух элементаў (вектараў) паслядоўнасцей, іх скалярны здабытак і інш. вылічваюць пакаардынатна па звычайных правілах (гл. Вектарная прастора, Вектарнае злічэнне). У больш шырокім сэнсе гільбертава прастора — лінейная прастора, для якой вызначаны скалярны здабытак. У залежнасці ад вызначэння множання элементаў на сапраўдны ці камплексны лік адрозніваюць сапраўдныя і камплексныя гільбертавы прасторы.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МБЕРТ (Lambert) Іаган Генрых (26.8.1728 г. Мюльгаўзен, Германія — 25.9.1777),

нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Берлінскай АН (1765). Па паходжанні француз. Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, астраноміі і філасофіі. Даказаў ірацыянальнасць ліку π, распрацаваў лагічнае злічэнне, чым прадугадаў многія ідэі алгебры логікі. У трактаце «Фотаметрыя, ці Аб вымярэннях і параўнаннях святла, колераў і ценяў» (1760) устанавіў асн. фотаметрычныя заканамернасці і закон паглынання святла (гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон, Ламберта закон). Развіў тэорыю іерархічнай будовы Сусвету і выказаў ідэю стварэння універсальнай мовы знакаў. У яго гонар названа адзінка яркасці — ламберт.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 161—164;

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 207—209.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́НЯ Людміла Іосіфаўна (н. 2.5.1955, в. Вялікая Ліпа Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1987), дацэнт (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1976). У 1976—82 у НДІ адукацыі Мін-ва адукацыі Беларусі, з 1985 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 2003 заг. кафедры Мінскага вышэйшага радыётэхн. каледжа. Навук. працы па тэорыі апраксімацыі, распрацоўцы бел. матэм. тэрміналогіі і ўкараненні яе ў працэс выкладання вышэйшай матэматыкі ў ВНУ. Адзін са стваральнікаў і аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993) і першай на бел. мове «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001).

Тв.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Т. 1—2. Мн., 1994—97 (у сааўт.);

Курс вышэйшай матэматыкі: Тэорыя функцый камплекснай зменнай. Аперацыйнае злічэнне. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

варыяцы́йны

(ад варыяцыя)

які мае адносіны да варыяцыі;

в-ае злічэнне — раздзел матэматыкі, які вывучае экстрэмумы, што залежаць ад выбару адной або некалькіх функцый, метадам варыяцый.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нумара́цыя

(лац. numeratio)

1) мат. сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы лікаў; злічэнне;

2) лічбавае абазначэнне прадметаў, размешчаных у паслядоўным парадку (напр. н. кватэр, н. старонак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЕ́ЙБНІЦА ФО́РМУЛА,

формула для вызначэння вытворнай n-га парадку ад здабытку дзвюх функцый праз вытворныя сумножнікаў. Прыведзена Г.В.Лейбніцам у лісце да І.​Бернулі (1695).

Калі функцыі u(x) і v(x) у пункце х маюць вытворныя да n-га парадку ўключна, то іх здабытак у тым жа пункце мае вытворныя тых жа парадкаў, якія паводле Л.ф. маюць выгляд: dn dxn ( uv ) = dnu dxn v + c n 1 dn−1u dxn−1 dv dx + c n 2 dn−2u dxn−2 d2v dx2 + ... + c n n−1 du dx dn−1v dxn−1 + u dnv dxn , дзе c n k — бінаміяльныя каэфіцыенты. Выкарыстоўваецца пры вызначэнні вытворных вышэйшых парадкаў. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК у матэматыцы,

лікавая характарыстыка матэм. аб’ектаў.

П. алгебраічнай крывой — найб. ступень членаў мнагаскладу, які апісвае дадзеную крывую. Напр., эліпс x​2/a​2 + y​2/b​2 = 1 — крывая 2-га парадку. П. бясконца малой велічыні a адносна бясконца малой велічыні b — лік n, пры якім існуе канечны ліміт Lim(a/b​n), адрозны ад 0. Аналагічна вызначаецца П. бясконца вялікіх велічынь. П. вытворнай — лік дыферэнцаванняў функцыі для атрымання зададзенай вытворнай (гл. Дыферэнцыяльнае злічэнне). Аналагічна вызначаецца П. дыферэнцыяла. П. дыферэнцыяльнага ўраўнення — найвышэйшы П. вытворнай, якая ўваходзіць у дадзенае ўраўненне. П. набліжэння — П. хібнасці набліжэння пераменнай велічыні адносна інш. пераменнай, паводзіны якой лічацца вядомымі.

Калі пры вылічэннях (даследаваннях) у матэм. выразах адкідваюцца ўсе ступені якой-н. велічыні, пачынаючы з n + 1, то г. зн., што вылічэнні (даследаванні) вядуцца з дакладнасцю да велічынь n-га П. Напр., пры даследаваннях ваганняў струны адкідваюць велічыні, якія маюць 2 і больш высокія ступені выгіну (лінеарызацыя задачы). Пры запісе вынікаў вымярэння фіз. велічынь лічаць, што велічыня мае П. 10​n, калі яе значэнне змяшчаецца ў межах ад 0,5∙10​n да 5∙10​n.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРЭ́МУМ (лац. extremum крайняе),

значэнне функцыі, якое адпавядае яе максімуму ці мінімуму (гл. Максімум і мінімум). Адрозніваюць Э. лакальны (у некаторым дастаткова малым наваколлі пункта) і глабальны, які з’яўляецца найбольшым ці найменшым значэннем функцыі ў вобласці вызначэння. Функцыя мае лакальны максімум (мінімум) у некаторым пункце, калі яна вызначана ў некаторым наваколлі гэтага пункта і значэнні ва ўсіх дастаткова блізкіх да яе пунктах не большыя (не меншыя) за значэнне функцыі ў гэтым пункце. Напр., лакальны максімум функцыі y = x​3/3 − x​2 + 1/3 роўны 1/3 у пункце x = 0, лакальны мінімум -1 у пункце x = 2. Глабальнага Э. гэта функцыя на (−∞, ∞) не мае. Неабходнай умовай існавання лакальнага Э. дыферэнцавальнай функцыі ў некаторым пункце з’яўляецца роўнасць нулю вытворнай (для функцыі некалькіх пераменных — усіх частковых вытворных першага парадку ў гэтым пункце); дастатковая ўмова існавання лакальнага Э. функцыі адной пераменнай — змена знака вытворнай пры пераходзе праз гэты пункт.

Літ.:

Гл. да арт. Дыферэнцыяльнае злічэнне.

А.​А.​Гусак.

Экстрэмумы функцыі y = x​3/3 − x​2 + ​1/3.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)