Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́ломзадам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нос, ‑а; мн. насы, ‑оў; м.

1. Выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з’яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху. Я пацягнуў глыбока носам і шапнуў тату: — Чуеце, як пахне хлеб... Пальчэўскі. Алесь прыхінуўся да Шуры, паклаў на плячо галаву. Ужо носам пасвіствае. Навуменка. Са злосці .. [воўчы важак] ляснуў зубамі, брыкнуў задам, панура чмыхнуў носам і, крадучыся, рушыў наперад. Чорны.

2. Дзюба ў птушкі. Буслы клякочуць, бусляняты Пішчаць жалобна, як шчаняты, Насы закідваюць угору. Колас. Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос! Прыказка.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад. Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чыркнулі насамі па пяску. Брыль. Паправіўшы курс на чатыры градусы, Сіняўскі паставіў нос самалёта на захад. Алешка. Танк спыніўся, нязграбна ўткнуўшыся носам у канаву. Шамякін.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога‑н. прадмета. Крышыла лёд, Крышыла скалы аб нос бетоннага быка... Кляшторны. На самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. В. Вольскі.

5. Тое, што і насок (у 1 знач.). Боты з тупымі насамі. □ Ногі былі мокрыя вышэй каленяў, і я з жалем успомніў пра свае юхтовыя боты, сумна глянуўшы на камашы з вострымі насамі. Кірэенка.

•••

Арліны нос — нос з гарбінкай.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Аж нос гнецца у каго — прагна, з апетытам есць хто‑н.

Астацца з носам гл. астацца.

Без фігі не да носа — аб ганарыстым чалавеку, да якога ніяк нельга падступіцца.

Біць (даваць) у нос гл. біць.

Бубніць (сабе) пад нос гл. бубніць.

Вадзіць за нос гл. вадзіць.

Ветрыць носам гл. ветрыць.

Высунуць (выткнуць) нос гл. высунуць.

Вярнуць нос гл. вярнуць ​2.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Драць нос гл. драць.

Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос гл. дуля.

Заараць носам (зямлю) гл. заараць.

Задраць нос гл. задраць.

Зарубіць (сабе) на носе гл. зарубіць.

Зарыць носам (зямлю) гл. зарыць.

Застацца з носам гл. застацца.

З-пад (самага) носа — на вачах у каго‑н., у непасрэднай блізкасць ад каго‑н.

Камар носа не падточыць (не падаткне, не падсуне) гл. камар.

Кляваць (дзюбаць) носам гл. кляваць.

Крукам (шастом) носа не дастаць гл. дастаць.

Круціць носам гл. круціць.

На носе — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што‑н.). [Сабураў:] — Ні адна са стратэгічных задач не дасягнута, а зіма на носе. Навуменка.

Не ў нос (не па носе) — не даспадобы.

Нос адвярнуць гл. адвярнуць.

Носам рыць гл. рыць.

Носам чуць гл. чуць.

Носа не ўбіць гл. убіць.

Нос у нос; носам к носу — вельмі блізка адзін да другога; твар у твар. Дні праз тры Міхась сустрэўся з камендантам нос у нос... Якімовіч.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос гл. павесіць.

Пад (самым) носам; перад (самым) носам — блізка, побач, у непасрэднай блізкасці ад каго‑, чаго‑н.

Пакінуць з носам гл. пакінуць.

Паляцець носам гл. паляцець.

Соваць (сунуць, тыцкаць) нос гл. соваць.

Соваць (тыцкаць) пад нос гл. соваць.

Сунуцца з (сваім) носам гл. сунуцца.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

Тыцнуць носам гл. тыцнуць.

Уткнуцца носам гл. уткнуцца.

Уцерці (падцерці) нос гл. уцерці.

(Хоць) кроў з носа гл. кроў.

Хоць (ты) нос затыкай гл. замыкаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)