МАХНА́Ч (Аляксандр Іванавіч) (н. 27.8. 1922, в.Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1960). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кідрам. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял.Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
тэрыторыі, вылучаныя з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных, а таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін і жывёл. На Беларусі 52 біялагічныя заказнікі агульнай пл. 412,5 тыс.га (1995). Падзяляюцца на батанічныя і заалагічныя заказнікі: у Брэсцкай вобл. — Баранавіцкі, Борскі, Міхалінска-Бярозаўскі, Радастаўскі, Спораўскі, Ялоўскі, Лукава, Тырвовічы і інш., у Віцебскай — Асвейскі, Вялікае Балота, Забалацце, Запольскі, Казьянскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, у Гомельскай — Бабінец, Буда-Кашалёўскі, Букчанскі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Струменскі, Чачэрскі, Чырковіцкі, Шабрынскі, Нізоўе Случы (ч. ў Брэсцкай вобл.), у Гродзенскай — Гожаўскі, Дубатоўскае, Парэцкі, Сапоцкінскі, Слонімскі, Дакудаўскі і інш., у Мінскай — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Ленінскі (ч. ў Брэсцкай вобл.), Мацеевіцкае, Налібоцкі (ч. ў Гродзенскай вобл.), Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, Антонава, Кайкаўскі, Лебядзіны і інш.
У біялагічных заказніках вызначаны спец. рэжым прыродакарыстання, які забяспечвае ахову асобных відаў, груп ці згуртаванняў раслін і жывёл з мэтай захавання генафонду, стварэння аптымальных умоў іх існавання або рацыянальнага выкарыстання пэўных раслінных і жывёльных рэсурсаў. У розных зонах рэспублікі створаны заказнікі-журавіннікі пераважна на вярховых балотах (каля 20) і заказнікі лек. раслін (каля 10). Адметныя біял. аб’екты ахоўваюцца і ў інш. заказніках (гідралагічных, ландшафтных і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ Генрык Міхайлавіч [26.10.1810, Вільня (паводле інш. звестак маёнтак Забалацце Міёрскага р-на Віцебскай вобл.) — 26.5.1863], бел. скульптар, удзельнік рэв. руху на Беларусі, у Літве і Польшчы ў 1830—60-я г. Скончыў Віленскі ун-т (1828). Удзельнік паўстання 1830—31 (у атрадзе В.Пяткевіча). Пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1832—33 з рэв. эміграцыяй рыхтаваў новае паўстанне (т.зв. экспедыцыя Ю.Заліўскага). За рэв. дзейнасць у Галіцыі засуджаны аўстр. ўладамі (1834—41). У 1841—51 вывучаў скульптуру і працаваў як скульптар у Парыжы, з 1851 у ЗША, з 1861 на радзіме. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 (паўстанскі камісар Дзісенскага пав. і нач. атрада). Загінуў у баі ў в. Парэчча Барысаўскага пав. Стварыў помнікі В.Пяткевічу (1848), героям паўстання 1848 у Познані (1849), жонцы ў Філадэльфіі, Б.Радзівіл, рэльеф Ю.Заліўскага, бюсты Т.Касцюшкі, К.Пуласкага, Т.Джэферсана (для кангрэса ЗША), Т.Дзялынскага (Познань), У.Сыракомлі (Вільня), гісторыка М.Балінскага, статую св. Уладзіслава, скульпт. групу «Гарыбальдзі з воінамі», медаль «Апафеоз Т.Касцюшкі», медальён з сілуэтамі павешаных дзекабрыстаў і інш.
Літ.:
Кісялёў Г Адысея паўстанца-скульптара // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Рагачове і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арг-цый (больш за 160 чал.): 2 у Рагачове (кіраўнікі М.Я.Данілава і К.К.Гардзіеўскі), 3 у в. Турск (А.А.Ганчароў, В.Ф.Ярмоленка, Л.А.Кудраўцава), у пасёлках Дняпроўскі (Г.А.Фядосава), Масткі (М.С.Філіпаў) і Лавы (Ф.Р.Сідарэнка), вёсках Азяраны (А.К.Мальцаў), Гадзілавічы (І.В.Гранкова), Забалацце (В.К.Парфёнава), Красніца (А.І.Шукевіч), Слабада (А.А.Канавалава), Станькаў (У.Я.Крапніцкая), Філіпкавічы (Р.П.Лукашэвіч), Церахоўка (У.Ф.Мазепіна) і на ст. Салтанаўка (В.А.Ашмянскі, У.В.Лабачоў) Жлобінскага р-на. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, зімой 1943 пераправілі ім абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета і ўрачоў-стаматолагаў; рэгулярна псавалі абсталяванне на лесазаводзе, сянных прэсаў, апаратуру сувязі, водаправодную сістэму чыг. станцыі Рагачоў і гарнізона праціўніка, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі з ням. гарнізонам у в. Гадзілавічы; аказвалі дапамогу разведгрупам Чырв. Арміі ў зборы інфармацыі пра перадыслакацыі праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в.Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в.Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».