АРХІТЭКТУРА КАНЦА 16 — СЯРЭДЗІНЫ 18 ст.

У гэты перыяд на Беларусі, як і ў многіх краінах Еўропы, быў пашыраны стыль барока. У храмавым дойлідстве ён звязаны з эпохай контррэфармацыі і новым часам. На Беларусі барока бярэ пачатак ад касцёла езуітаў у Нясвіжы (1587—93, арх. Дж.​М.​Бернардоні, купал — Дж.​Брызіо). Узорам для яго паслужыў касцёл Іль Джэзу (Ісуса) у Рыме, толькі ў нясвіжскім касцёле бакавыя нефы не падзелены на асобныя капліцы, што, магчыма, тлумачыцца яго прыходскімі функцыямі і густам М.​К.​Радзівіла. Касцёл — першы ў Рэчы Паспалітай 3-нефавы крыжова-купальны храм з трансептам. Пазней у стылі барока пабудаваны касцёл св. Казіміра (1604—18, арх. Дж.​М.​Бернардоні і Я.​Франкевіч), Святадухаўская царква (каля 1638) у Вільні, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на (сярэдзіна 17 ст.), касцёлы езуітаў у Брэсце (сярэдзіна 17 ст.), Гродне (1678—1705) і Полацку (закончаны ў 1745). На працягу 17—18 ст. найб. пашыранай была 3-нефавая базіліка: касцёлы бернардзінцаў у Нясвіжы (1598), Гродне (1602—18); францысканцаў у Гродне (апошняя чвэрць 17 ст.); Петрапаўлаўская царква ў Мінску (1620-я г.), касцёлы езуітаў у Магілёве, Мінску (абодва пач. 18 ст.), в. Юравічы Калінкавіцкага р-на (1755), бернардзінак у Мінску (1642) і інш. Каталіцкія ордэны арыентаваліся пераважна на ўзоры рымскіх храмаў, пры якіх знаходзіліся рэзідэнцыі генералаў іх ордэнаў. У адрозненне ад вышынных касцёлаў Польшчы прапорцыі езуіцкіх касцёлаў Беларусі набліжаны да рымскіх. Структура бакавых нефаў касцёла Іль Джэзу паўторана ў касцёлах дамініканцаў у Стоўбцах (1621—42, арх. К.​Тэнкала) і францысканцаў у Пінску (1705—21). У перыяд станаўлення барока (1-я пал. 17 ст.) многія храмы адзначаны спалучэннем рэнесансавых рыс з гатычнымі. Дж.​М.​Бернардоні адначасова з езуіцкім касцёлам у Нясвіжы ў традыцыйных гатычна-рэнесансных формах пабудаваў касцёлы фарны ў Гродне (1584—87), у в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на (пасля 1588), бенедыкцінак у Нясвіжы (1590—96), г.п. Мір Карэліцкага р-на (1599—1605), в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, Клецку (абодва да 1607). У гэтых храмах гал. нефы часта перакрываліся паўцыркульнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі, з’явіліся падпружныя аркі. Пераходную шматстылёвасць увасабляе група аднанефавых касцёлаў з контрфорсамі, шчытавымі фасадамі і часам са своеасаблівым дэкорам цыліндрычнага скляпення: св. Міхаіла ў Вільні (1596—1627), у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на (1617—20), Слоніме (1635—50), у в. Вішнева Валожынскага р-на (1637—41), г.п. Друя Браслаўскага р-на (1646), г.п. Свір Мядзельскага р-на (1653), Брэсце (2-я пал. 17 ст.). Да познарэнесансавай плыні адносяцца нешматлікія храмы з адной вежай на фасадзе: касцёлы бернардзінцаў у Слоніме (1639—70), в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на (пач. 17 ст. ці 1630), царква ў в. Чарэя Чашніцкага р-на (17 ст.). Сярод раннебарочных тыповымі былі аднанефавыя касцёлы з 2-вежавым фасадам і паўцыркульнай або гранёнай апсідай: у г. Дзятлава (1624—46), брыгітак у Гродне (1642—51), в. Міхалішкі Астравецкага р-на (1653), дамініканцаў у Клецку (1680-я г.). Прыкладам сціплага ранняга барока можа служыць езуіцкі касцёл св. Ігнація ў Вільні (1622—47; 3-нефавы, са шчытавым фасадам, падзеленым пілястрамі і плоскай апсідай) і касцёл св. Тэрэзы (1633—54, арх. К.​Тэнкала). Сярод іншых ранніх узораў барока касцёл кармелітаў у г. Глыбокае (сярэдзіна 17 ст.), ансамбль кляштара картузаў у Бярозе (1648—66, 1689, арх. Дж.​Гіслені). Для перыяду сталага барока характэрны рэгіянальныя архітэктурныя школы, з якіх найбольшай самабытнасцю вылучаецца Магілёўская школа дойлідства. Да яе належаць правасл. храмы Падняпроўя: саборы Успенскі Куцеінскага манастыра (каля Оршы, 1630-я г.), Богаяўленскі (1633—36), цэрквы Мікалаеўская (1665—72) і Пакроўская (1670; усе ў Магілёве). Гэта крыжова-купальныя храмы з кароткімі бакавымі нефамі, 3 апсідамі і фасаднымі шчытамі, дэкарыраванымі радамі арачных нішаў накшталт іканастасных.

Адметнасць і самастойнасць царкоўнай архітэктуры відавочная пры параўнанні іх з магілёўскімі барочнымі касцёламі езуітаў (1699—1725) і кармелітаў (1740). Сінтэз архітэктуры і пластыкі сталага барока рэалізаваны італьянскімі і мясц. майстрамі-штука́тарамі ў віленскіх касцёлах Пятра і Паўла (1668—82) і трынітарыяў (1694—1717), капліцах св. Казіміра ў Вільні і латэранскай у Гродне.

У 1-й пал. 18 ст. сінтэз закрануў і разьбяную скульптуру (касцёл францысканцаў у Пінску, езуітаў у Гродне). У 2-й пал. 18 ст. паліхромны стука становіцца асн. дэкаратыўным матэрыялам манументальных алтароў. Укладам у еўрапейскую архітэктуру з’яўляюцца помнікі т.зв. віленскага барока 1740—70-х г. Для іх характэрны дынамічныя формы фасадаў: хвалістыя ў плане, з ажурнымі стромымі вежамі і фігурнымі шчытамі. Вызначальны ўклад у фарміраванне гэтага стылю зрабіў архітэктар Я.​К.​Глаўбіц. Яму належаць: у Вільні — рэканструкцыя касцёла бенедыкцінак (1741), касцёлы св. Казіміра (пасля 1749, з Т.​Жаброўскім), св. Яна (1760-я г.), брама базыльянскага кляштара св. Тройцы (1761); дамініканскі касцёл у Забелах каля в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на (1760-я г.), архірэйскі палац у Магілёве (1762—85); відаць, касцёл францысканцаў у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1740-я г.). Ён перабудаваў Сафійскі сабор у Полацку (1738—50), пабудаваў царкву манастыра базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага р-на (1756—63), Спаскую царкву ў Магілёве (1756—62). Для храмаў позняга барока характэрна пластычная распрацоўка інтэр’ера з выкарыстаннем архітэктуры малых форм (напр., царква ў Беразвеччы). Да храмаў позняга барока належаць касцёл св. Андрэя ў Слоніме, базыльянскія цэрквы ў вёсках Баруны Ашмянскага (1747—57) і Вольна Баранавіцкага (1768) р-наў. Апошнім выдатным помнікам стылю лічыцца манументальны касцёл у в. Будслаў Мядзельскага р-на (1767—83); яго архітэктар, відаць, Дж.​Фантана, які зрабіў значны ўклад у познабарочную архітэктуру на Пн Беларусі. Недастаткова вывучана барока ў драўляных храмах з прычыны слабай захаванасці помнікаў; яго рысы праглядаюцца ў пластыцы 2-вежавых фасадаў 2-й пал. 18 ст. Касцёлы 17—18 ст. (пераважная большасць разабрана ў пач. 20 ст.) адметныя манументальнымі памерамі і простым 2-зрубным планам. Такую ж структуру з мураванага дойлідства перанялі уніяцкія цэрквы 18 ст., хоць майстэрства мясц. цесляроў надало ім своеасаблівыя рысы. Больш выразны сілуэт маюць 3-зрубныя цэрквы. Шэдэўрамі лічацца правасл. храмы на У Беларусі: цэрквы Ільінская і Троіцкая ў Віцебску, Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра. У іх спалучыліся традыцыйны крыжовы 4-зрубны план з манументалізмам і маляўнічасцю барока. На Палессі такі тып, а таксама 3-зрубны з барочнымі купаламі, выкарыстоўваўся аж да пач. 19 ст. (вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага, Старая Беліца Гомельскага р-наў). Барочны стыль больш выразна выявіўся ў маст. афармленні інтэр’ераў (жывапіс, разьба, скульптура). Да дасягненняў барока належаць і драўляныя сінагогі 18 ст. на З Беларусі. Яны адметныя надзвычай складаным шматслойным купальным перакрыццём інтэр’ера (в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Гродна). У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. магнацкая рэзідэнцыя фарміруецца як палацава-замкавы комплекс рэнесансавага тыпу (Нясвіжскі замак Радзівілаў, Гальшанскі і Быхаўскі замкі Сапегаў, Смалянскі замак Сангушкаў, палац Януша Радзівіла ў Вільні). У 2-й пал. 17 ст. інтэр’еры набываюць багатае жывапісна-скульпт. аздабленне ў стылі барока (палацы Слушкаў і Сапегаў у Вільні). Сядзібы, што складаліся з палаца і 2 афіцын, набылі сіметрычны П-падобны план. У найб. развітых кампазіцыях яны злучаюцца каланадамі (Ружаны). Характэрнымі становяцца высокія ламаныя дахі, вежы з гадзіннікамі і флюгерамі, рызаліты, алькежы з купаламі (Ганута каля в. Ручыца Вілейскага р-на; Дзятлава). У 2-й пал. 18 ст. значны ўклад у палацавае буд-ва зрабілі архітэктары саксонскай (М.​Д.​Пёпельман, І.​Яўх, Я.​С.​Бекер) і італьянскай (А.​Гену) школ.

Петрапаўлаўская царква ў Мінску.
Касцёл і кляштар бернардзінак у Мінску. Сучасны Святадухаўскі кафедральны сабор.
Касцёл і кляштар бернардзінцаў у Гродне.
Мікалаеўская царква ў Магілёве. 1665—72.
Ратуша ў Віцебску. 1775.
Архірэйскі палац у Магілёве. 1762—85.

т. 18, кн. 2, с. 639

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)