АРГАНАТЭРАПІ́Я,

лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл. Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.

Л.Р.Кажарская.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМОНАТЭРАПІ́Я,

гармоналячэнне, лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.

Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГАНТЫ́ЗМ

[ад грэч. gigas (gigantos) гігант],

клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.Г.Шанько.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕЗДАВА́ННЕ птушак, перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудова гнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;

Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НЫ

(ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл. Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.

Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.

У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.

В.К.Кухта.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)