КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА,

рэлятывісцкая квантавапалявая тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў элементарных часціц; састаўная частка адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў. Дала пачатак агульнай квантавай тэорыі поля і стала найб. распрацаваным і эксперыментальна абгрунтаваным раздзелам гэтай тэорыі.

Пачала афармляцца як самаст. тэорыя (незалежная ад квантавай механікі) на аснове прац П.Дзірака. Грунтуецца на квантава-рэлятывісцкім хвалевым Дзірака ўраўненні для электрона (пазітрона) у эл.-магн. полі і ўраўненні тыпу Максвела—Лорэнца для эл.-магн. поля з крыніцамі. Ураўненні рашаюцца метадам паслядоўных набліжэнняў па канстанце эл.-магн. сувязі a = e2/4 πε0c ≈ 1/137. Атрыманыя рашэнні (хвалевыя функцыі дзіракаўскага і эл.-магн. палёў) раскладаюцца ў Фур’е шэрагі па вядомых наборах функцый свабодных станаў электрона (пазітрона) са значэннямі імпульсу, энергіі і праекцыі спіна. Каэфіцыенты такіх шэрагаў пры пэўных умовах вызначаюць амплітуды імавернасці пераходу элементарнай часціцы з аднаго стану ў другі ў выніку ўзаемадзеяння. Пасля працэдуры другаснага квантавання эл.-магн. і дзіракаўскае палі становяцца сістэмамі з пераменным лікам часціц і каэфіцыенты Фур’е-разлажэнняў функцый стану квантаваных палёў набываюць сэнс аператараў нараджэння і знікнення квантаў гэтых палёў (электронаў, пазітронаў, фатонаў). Паводле К.э. эл.-магн. ўзаемадзеянне электронаў адбываецца за кошт абмену паміж імі віртуальнымі фатонамі, якія неперарыўна выпрамяняюцца і паглынаюцца эл. зараджанымі часціцамі. Фундаментальнае значэнне ў К.э. мае матрыца рассеяння (S-матрыца), якая звязвае ў агульнай форме станы квантаваных палёў да і пасля эл.-магн. ўзаемадзеяння. На яе аснове ў межах тэорыі малых узбурэнняў вызначаюцца амплітуды рассеяння для любых магчымых эл.-дынамічных працэсаў. Кожнаму працэсу адпавядае графічная карціна (дыяграма Р.Фейнмана) Канстанта a дазваляе праводзіць разлікі эл.-магн. працэсаў (напр., эфекту Комптана, пераўтварэння электронна-пазітронных пар у фатоны і наадварот) з зададзенай дакладнасцю. Пры гэтым улічваецца працэдура перанарміровак, якая дазваляе пазбавіцца ад бясконцых значэнняў фіз. велічынь, выкліканых узаемадзеяннем квантаў поля (напр., электронаў) з палярызаваным вакуумам. Такое ўзаемадзеянне выявіла шэраг спецыфічных эфектаў (анамальны магн. момант электрона, лэмбаўскі зрух энергет. узроўняў электронаў у атамах, рассеянне святла на святле).

Літ.:

Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968.

А.​А.​Богуш, Ф.​І.​Фёдараў.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́Я, Гоя-і-Лусьентэс (Goya y Lucientes) Франсіска Хасэ дэ (30.3.1746, Фуэндэтодас, каля г. Сарагоса, Іспанія — 16.4.1828), іспанскі жывапісец, гравёр. З 1760 вучыўся ў Сарагосе ў мясц. мастака Х.​Лусана-і-Мартынеса. Каля 1769 наведаў Італію, у 1771 вярнуўся ў Сарагосу, дзе стварыў фрэскі ў духу італьян. барока (размалёўка бакавога нефа царквы Нуэстра Сеньёра дэль Пілар). З 1773 працаваў у Мадрыдзе, у 1776—80 і 1786—91 выканаў для каралеўскай мануфактуры больш за 60 кардонаў для шпалер, адметных насычаным каларытам і радасным светаадчуваннем. У 1790 абраны ў Мадрыдскую АМ (з 1785 віцэ-дырэктар, з 1795 дырэктар яе жывапіснага аддзялення), у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». Адначасова ў творчасці Гоя ўзмацняюцца рысы трагізму, глыбіня крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, непрыязнасць да феад.-клерыкальнай Іспаніі «старога парадку». Пачварнасць яе маральных, духоўных і паліт. асноў ён раскрываў у серыі з 80 афортаў «Капрычас» (з каментарыямі мастака, 1797—98), у якой спалучаны гратэск і рэальнасць, алегорыя і фантастыка. У 1790-я — пач. 1800-х г. росквіту дасягнула яго партрэтная творчасць, у якой адчуванне адзіноты (партрэт сеньёры Бермудэс), мужнае процістаянне і выклік усяму навакольнаму (партрэт Ф.​Гіймардэ, 1798), прыгажосць маладой жанчыны («Маха аголеная» і «Маха апранутая», каля 1802). Цудоўны па вастрыні і пераканальнасці характарыстык групавы партрэт «Сям’я караля Карла IV» (1800). Глыбокім гістарызмам, пратэстам напоўнены карціны Гоя, прысвечаныя барацьбе супраць франц. інтэрвенцыі («Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года», 1814), серыя афортаў «Бедствы вайны» (82 аркушы, 1810—20), якая па-філасофску асэнсоўвае лёс народа. Цяжкая хвароба прывяла мастака да частковай страты зроку і поўнай глухаты. У творах таго часу пераважаюць трагічная разгубленасць, кашмарная фантастычнасць вобразаў (фрэскі «Дома глухога», графічная серыя з 22 аркушаў «Дыспаратэс»; усе ў 1819—23). З 1824 Гоя жыў у Францыі, пісаў партрэты сяброў, асвойваў тэхніку літаграфіі. Уплыў яго творчасці на жывапіс і графіку меў і мае агульнаеўрап. характар.

Літ.:

Прокофьев В.Н. «Капричос» Гойи. М., 1970;

Фейхтвангер Л. Гойя, или Тяжкий путь познания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1959;

Ортега-и-Гассет Х. Гойя // Ортега-и-Гассет Х. «Дегуманизация искусства» и другие работы: Пер. с исп. М., 1991.

Ф.Гоя. Аўтапартрэт.
Ф.Гоя. Тут нічога нельга было зрабіць. Афорт. З серыі «Капрычас». 1797—98.
Ф.Гоя. Махі на балконе. Каля 1802.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),

бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац. гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.​Багушэвіча, Я.​Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж. бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.​Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.​Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.​Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.​Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.​Грыневіча, Я.​Пачопкі, М.​Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.​Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).

Тв.:

Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.

Літ.:

Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;

Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.​В.​Габрусь. Мн., 1993;

Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.

М.​Л.​Цыбульскі.

Я.Н.Драздовіч.
Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.
Я.Драздовіч. Космас. 1940.
Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.

т. 6, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАДРУКАВА́ННЕ,

комплекс тэхнал. працэсаў па стварэнні картаграфічнай прадукцыі. Уключае работы; рэдакцыйна-падрыхтоўчыя, картаскладальныя, падрыхтоўкі карты да друку, картавыдавецкія.

Рэдакцыйна-падрыхтоўчыя работы — гэта збор, сістэматызацыя і навук. абагульненне картаграфічных матэрыялаў, выбар маштабу і картаграфічных праекцый, пабудова макета кампаноўкі, вызначэнне спосабаў адлюстравання і ўмоўных адзнак, стварэнне ўзору фарбавага афармлення, пабудова картаграфічнай (пры неабходнасці каардынатнай) сеткі, нанясенне пунктаў дзярж. геадэзічнай сеткі і інш. Картаскладальныя работыграфічная пабудова арыгінала карты і перанос картаграфічнага відарыса з зыходных матэрыялаў на падрыхтаваную аснову. Перанос ажыццяўляюць спосабамі камп’ютэрнага картаграфавання ці традыцыйнымі: оптыка-механічным пры дапамозе фотарэпрадуцыравання, фотатрансфармавання; праектыўным — праз эпідыяскоп або аптычныя рысавальныя прылады; графамеханічным з выкарыстаннем пантографа, перспектографа і інш. Пры камп’ютэрным картаграфаванні выкарыстоўваюць спец. графічныя сістэмы на базе персанальных камп’ютэраў з адпаведным праграмным забеспячэннем (фотаграмметрычныя, картаграфічныя, графічныя і тэкставыя праграмы). Адначасова з графічнай пабудовай зместу карты робяць фарбавае афармленне і наносяць подпісы назваў. Падрыхтоўка да друку ўключае выраб штрыхавых выдавецкіх арыгіналаў гравіраваннем на пласцінах мех., хім., тэрмаэл. лазерным спосабамі або вычэрчваннем на пластычнай ці папяровай аснове. У выніку гравіравання атрымліваюць арыгінал з негатыўным відарысам элементаў. Фарбавы арыгінал і макеты (неабходныя пры стварэнні дыяпазітываў фонавых элементаў карты) робяць акварэльнымі фарбамі ад рукі. Картавыдавецкія працэсы ўключаюць рэпрадукцыйныя, рэтушорныя, святлокапіравальныя, друкарскія і пераплётна-брашуровачныя работы. Пры камп’ютэрнай тэхналогіі колерадзяленне і фотавывад дыяпазітываў карты ажыццяўляюць на электронным фотанаборным аўтамаце, дзе атрымліваюць фотаформы штрыхавога і растравага тонавага відарыса на фотаадчувальным матэрыяле (плёнцы, паперы) пры экспаніраванні яго лазерным промнем. Пры традыцыйнай тэхналогіі выкарыстоўваюцца чорна-белыя штрыхавыя, паўтонавыя, фонавыя і каляровыя арыгіналы на маладэфармавальнай арміраванай аснове. Вычарчаныя на ватмане арыгіналы фатаграфуюць і з негатываў робяць столькі дыяпазітываў, колькі на карце выкарыстана фарбаў; паўтонавыя арыгіналы рэпрадуцыруюць з дапамогай праекцыйных або кантактных растраў; фонавыя вырабляюцца ўручную або метадам здымнага слоя з выкарыстаннем залівак або сетак, каляровыя ўзнаўляюцца электроннымі сканіруючымі прыладамі або рэпрадуцыруюцца з дапамогай святлафільтраў і колеракарэкціруючых аптычных прыстасаванняў. Са створаных дыяпазітываў на фотапалімерных алюмініевых пласцінах пазітыўным кантактным святлокапіраваннем атрымліваюць друкарскія формы плоскага (афсетнага) друку. Тыраж друкуецца на ратацыйных ліставых друкарскіх машынах (у асн. 2- і 4-фарбавых).

На Беларусі К. на прамысл. узроўні вядзецца з 1939 на Мінскай картаграфічнай ф-цы (цяпер дзярж. прадпрыемства «Мінская друкарская фабрыка»), з 1947 таксама на Бел. картографа-геадэзічным прадпрыемстве (цяпер Бел. картаграфічнае аб’яднанне «Белгеадэзія»). З 1990-х г. існуюць і прыватныя картаграфічныя выд-вы і прадпрыемствы («Трывіум», «Арты-фекс», «Квадрограф», «Еўраферлаг»), якія шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрнае абсталяванне і высокія сучасныя тэхналогіі. Гл. таксама Геаграфічныя карты, Картаграфія.

Літ.:

Билич Ю.С., Васмут А.С. Проектирование и составление карт. М., 1984;

Справочник по картографии. М., 1988;

Издание карт [Справ.]. М., 1995.

В.​М.​Пейхвасер.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)