ФІЛАСО́ФІЯ ГІСТО́РЫІ,

гуманітарная дысцыпліна, якая даследуе гіст. рэальнасць і праблемы гіст. пазнання. Вывучае аб’ектыўныя заканамернасці і духоўна-маральны сэнс гіст. працэсу, прызначэнне і шляхі рэалізацыі сутнасных сіл чалавека ў гісторыі. У адрозненне ад гістарыяграфіі, Ф.г. выконвае ролю тэарэт. асэнсавання гісторыі.

Некат. даследчыкі лічаць, што Ф.г. ўзнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе былі распрацаваны важныя для разумення гісторыі і пабудовы гіст. ведаў катэгорыі (рух, развіццё, узаемадзеянне асобы і грамадства). Але стараж.грэч. ўяўленні, паняцці і катэгорыі не склаліся ў закончаную сістэму філас. поглядаў на гіст. рэальнасць. У перыяд ранняга хрысціянства ўзнікла перыядызацыя гістарычная, сфармулявана ідэя гіст. прагрэсу (Аўгусцін), гіст. падзеі пачалі асэнсоўвацца з хрысц.-тэалагічных пазіцый: гісторыя ствараецца людзьмі, але ў яе аснове ляжыць Божая задума. Перадумовы стварэння ўласна Ф.г. ўзніклі ў 16—18 ст. (Ж.​Бадэн, Ф.​Бэкан, Т.​Гобс і інш.). Вальтэр упершыню ўжыў тэрмін «Ф.г.», пад якім разумеў універсальны агляд чалавечай культуры; у сваёй працы «Філасофія гісторыі» (1765) ён адмаўляў правідэнцыялізм і разглядаў гісторыю як творчасць людзей, а не выяўленне волі Бога. Дж.Віка прапанаваў ідэю аб’ектыўнага характару гіст. развіцця і распрацаваў гістарычнага кругавароту тэорыю. У 18—19 ст. Ф.г. развівалася пераважна ў выглядзе агульнай тэорыі гіст. развіцця.

І.​Г.​Гердэр разглядаў Ф.г. як спец. дысцыпліну, якая вывучае агульныя праблемы гісторыі і заклікана адказаць на пытанні, ці існуюць станоўчыя і нязменныя законы развіцця чалавечага грамадства і якія яны. Найвышэйшым дасягненнем традыц. Ф.г. стала тэорыя Г.Гегеля, які лічыў гал. крыніцай грамадскага развіцця аб’ектыўны розум, сусв. дух, абсалютную ідэю, што праходзілі розныя ступені свайго самаразвіцця. У 2-й пал. 19 ст. прадстаўнікі пазітывізму крытыкавалі традыц. Ф.г. і прапаноўвалі замяніць яе сацыялогіяй. Г.​Рыкерт вылучыў 3 значэнні тэрміна «Ф.г.»: усеагульная гісторыя (абагульненне гіст. працэсу і звядзенне «асобных» гісторый у адзіную сусветную); вучэнне аб прынцыпах гіст. быцця і пошуку сэнсу гісторыі; логіка гіст. пазнання. Яго трактоўку Ф.г. развівалі ў сваіх працах зах.-еўрап. і амер. філосафы, але зводзілі яе да гіст. тэорыі пазнання ці логікі і метадалогіі гісторыі (Р.​Дж.Колінгвуд, аналітычная філасофія і інш.).

У працэсе станаўлення як асобнай дысцыпліны Ф.г. набыла канцэптуальнае афармленне ў 3 асн. тэарэт. мадэлях. Метафізічная мадэль Ф.г. ўключае анталагічную праблематыку: вучэнне пра гіст. рэальнасць і гістарычны працэс, праблемы логікі гіст. развіцця, гіст. законаў і заканамернасцей, гіст. прагрэсу і рэгрэсу, свабоды і неабходнасці, сэнсу гісторыі (Гердэр, Гегель, М.А.Бярдзяеў, Ф.​Франк, М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Ідэя адзінства і разнастайнасці сусв. гіст. працэсу, пакладзеная ў аснову гэтай мадэлі, стала сістэмаўтваральнай для ўзнікнення фармацыйнай тэорыі марксізму, канцэпцыі лакальных цывілізацый (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.​Дж.Тойнбі), тэорый мадэрнізацый (Х.Парсанс, С.​М.​Ліпсет і інш.) і пасіянарных цыклаў (Л.М.Гумілёў) і інш. Эпістэмалагічная мадэль разглядае праблемы гіст. пазнання і ведаў, лагічнай структуры гіст. думкі, гіст. разумення і тлумачэння, метадалогіі і інтэрпрэтацыі гіст. крыніц, гіст. ісціны і навук. мадэліравання гіст. падзей (бадэнская шкала неакантыянства, неапазітывізм, К.​Г.​Гемпель, У.​Дрэй, А.С.Лапа-Данілеўскі, У.М.Хвастоў, Р.Ю.Біпер, М.М.Кавалеўскі, Г.​Г.​Шпет і інш.). Антрапалагічная мадэль сінтэзуе анталагічны і эпістэмалагічны падыходы ў Ф.г., акцэнтуе ўвагу на праблемах чалавечага быцця і свядомасці, выступае за міждысцыплінарнае даследаванне гісторыі (Г.П.Фядотаў, А.​Я.​Гурэвіч і інш.). Спалучэнне метафіз., эпістэмалагічнай і антрапал. мадэлей характэрна для тэорыі «ўсеадзінства» Л.Л.Карсавіна і тэорыі «культурнага сінтэзу» Э.​Трольча.

У сав. гуманіт. думцы Ф.г. не лічылася самаст. дысцыплінай. Філас.-гіст. праблематыка распрацоўвалася ў межах гістарычнага матэрыялізму (М.​А.​Барг, У.​Ж.​Келе, В.​І.​Мішын, Дз.​І.​Часнакоў і інш.). Да 1980-х г. у межах марксісцкай тэорыі вызначылася тэндэнцыя да абгрунтавання ўласнага статуса Ф.г. як гнасеалогіі, метадалогіі і логікі гісторыі (А.​І.​Ракітаў і інш.). У 1990-я г. на Беларусі тэарэт. праблемы Ф.г. і новыя метады гіст. даследаванняў распрацоўваюць У.​С.​Кошалеў, А.​М.​Нечухрын, У.​Н.​Сідарцоў і інш.

Літ.:

Гердер И.Г. Идеи к философии истории человечества: Пер. с нем. М., 1977;

Коллингвуд Р.​Дж. Идея истории: Автобиогр.: Пер. с англ. М., 1980;

Лооне Э.Н. Современная философия истории. Таллинн, 1980;

Бердяев Н.А. Смысл истории. М., 1990;

Гегель Г.В.Ф. Лекции по истории философии: Пер. с нем. Кн. 1—3. СПб., 1993;

Гобозов И.А. Введение в философию истории. М., 1993;

Карсавин Л.П. Философия истории. СПб., 1993;

Философия истории: Антология. М., 1995;

Арон Р. Избранное: Введение в философию истории: Пер. с фр. М.; СПб., 2000;

Русанова О.Ф. Философия и методология истории в XX в. Екатеринбург, 2000.

У.​С.​Кошалеў.

т. 16, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ (грэч. philosophia любоў да мудрасці),

асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра фундаментальныя прынцыпы і асновы быцця, сутнасць чалавека і яго адносіны да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асн. праяўленнях. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Адрозненні ў філас. канцэпцыях, што складваюцца ў залежнасці ад інтарэсаў індывідаў і сац. груп, пераважна звязаны з суадносінамі чалавека і навакольнага свету, суб’екта і аб’екта, свядомасці і быцця. У сувязі з гэтым узніклі розныя варыянты матэрыялізму і ідэалізму, а таксама такія процілеглыя падыходы да рэчаіснасці як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм. Сярод асн. функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Унутры Ф. традыцыйна адрозніваюць адносна самаст. галіны філас. ведаў: анталогію, гнасеалогію, логіку і дыялектыку. Да філас.-светапоглядных дысцыплін адносяць этыку, эстэтыку, аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, філасофію сацыяльную, філасофію палітыкі, Ф. права, Ф. навукі, Ф. рэлігіі і інш.

Першыя філас.-рэліг. вучэнні ўзніклі ў Індыі (веданта, джайнізм, будызм і інш.), Кітаі (канфуцыянства, маізм, легізм, даасізм) і Стараж. Грэцыі (7—6 ст. да н.э.). Ф. прыйшла на змену поглядам, для якіх быў характэрны антрапамарфізм. Ант. дыялектыка стала гістарычна першай формай дыялектыкі (Геракліт). Стройную сістэму навук.-філас. ведаў стварылі Дэмакрыт, Сакрат, Эпікур, Платон, Арыстоцель. У рэчышчы перыпатэтызму (гл. Перыпатэтычная школа) развівалі свае вучэнні прадстаўнікі сярэдневяковай араб. філасофіі Кіндзі, Фарабі, Ібн Сіна, Ібн Рушд. Ф. еўрап. сярэдневякоўя развівалася пераважна ў рэчышчы хрысц. культуры (патрыстыка, схаластыка, Фама Аквінскі, І.Дунс Скот, У.Окам). У эпоху Адраджэння адбыўся сінтэз хрысц. Ф. з ант. філас. традыцыяй (Г.​Галілей, Мікалай Кузанскі, Дж.​Бруна, М. дэ Мантэнь). Разнастайнасцю светапоглядных пазіцый і кірункаў адзначана Ф. новага часу і Асветніцтва (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Дж.​Лок, Дж.​Берклі, Д.​Юм, Г.​Лейбніц). Метады рацыянальнага пазнання як фактара разумнай арганізацыі грамадства паклалі ў аснову сваёй Ф. прадстаўнікі класічнай нямецкай філасофіі (І.​Кант, І.​Г.​Фіхтэ, Ф.​В.​Шэлінг, Г.​Гегель). Ідэалізм Гегеля і рэлігію крытыкаваў Л.​Феербах, Ф. якога паўплывала на фарміраванне філас. поглядаў К.​Маркса і Ф.​Энгельса (гл. Марксізм). У Расіі ў 18—пач. 20 ст. развіваліся матэрыяліст. Ф. рэвалюцыйных дэмакратаў, філас. канцэпцыі славянафілаў і заходнікаў, рэліг.-этычныя і гістарыясофскія погляды Ф.​М.​Дастаеўскага і Л.​М.​Талстога. Гэтая тэндэнцыя сінтэзавала Ф. ўсеадзінства У.​С.​Салаўёва, з якой бяруць пачатак вучэнні вядучых прадстаўнікоў рус. рэліг. Ф. (С.​М.​Булгакаў, С.​Л.​Франк, М.​А.​Лоскі, Л.​П.​Карсавін, П.​А.​Фларэнскі, М.​А.​Бярдзяеў, В.​В.​Розанаў). Ідэя ўнутр. адзінства чалавека і космасу пакладзена ў аснову Ф. рус. касмізму (М.​Ф.​Фёдараў, У.​І.​Вярнадскі, К.​Э.​Цыялкоўскі). У Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. пачаўся пераход ад класічных форм Ф. да некласічных (вульгарны матэрыялізм, пазітывізм, неакантыянства, прагматызм, філасофія жыцця, махізм). На ідэаліст. Ф. 20 ст. паўплывалі фенаменалогія, філасофская антрапалогія. Важную ролю ў развіцці сучаснай фармальнай логікі і семіётыкі адыгралі прадстаўнікі неапазітывізму. Уплывовымі кірункамі філас. думкі сталі персаналізм, экзістэнцыялізм, неатамізм, філас. герменеўтыка (Г.​Г.​Гадамер, П.​Рыкёр), структуралізм, крытычны рацыяналізм.

На Беларусі Ф. ўзнікла ў 10—11 ст. пасля прыняцця хрысціянства ў бел. княствах, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і зах.-еўрап. краінамі. Хрысц. разуменне свету і высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей чалавека знайшло ўвасабленне ў творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Філас. накіраванасцю і гуманізмам пазначаны творы Ф.​Скарыны, які лічыў, што ў Бібліі выкладзена не толькі боская мудрасць, але і арыстоцелева Ф., і таму мудрэц павінен быць прасякнуты «духам святым і філасофіяй». С.​Будны прапаведаваў канцэпцыю антытрынітарызму (гл. Антытрынітарыі), якая вяла да дэізму, вучэнне пра натуральнае паходжанне Хрыста; ён адмаўляў бессмяротнасць душы і лічыў, што ў аснове паводзін чалавека павінны ляжаць разумныя маральныя прынцыпы, а не страх пакарання або надзея на ўзнагароду ў замагільным царстве. Матэрыяліст. і ідэаліст. ідэі, вучэнне пра аўтаномны характар маральнай свядомасці і паводзін чалавека прапанавалі «эпікурэйцы» К.​Бекеш і С.​Лован. Элементы натуральнага погляду на гісторыю меліся ў сац.-філас. поглядах А.​Волана, які лічыў, што прычынай узвышэння або ўпадку грамадства з’яўляюцца людзі, іх норавы, сац. інтарэсы і матывы, а не Бог. З пазіцый рацыяналістычнага пазнання навакольнага свету і заканамернага натуральнага развіцця прыроды выступаў К.​Лышчынскі. З канца 18 ст. развівалася пераважна схаластычная Ф., заснаваная на тэалагічнай інтэрпрэтацыі вучэння Арыстоцеля (М.​Сарбеўскі, С.​Лаўксмін і інш.). У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніўся ўплыў ідэалогіі і Ф. новага часу, распаўсюдзіліся эклектычная Ф. (А.​Скарульскі, Б.​Дабшэвіч, С.​Шадурскі і інш.), вучэнне фізіякратаў, якія лічылі, што адыход чалавецтва ад разумення законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. У 19 ст. развіваліся тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сац.-утапічныя ідэі, звязаныя з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, А.​Луцкевіч і інш.). На мяжы 19—20 ст. на Беларусі распаўсюдзіліся ідэі марксізму, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з’явіліся філас. працы, у якіх распрацоўваліся праблемы пазнання, быцця, нац. свядомасці, гісторыі Ф. (І.​Канчэўскі, У.​Самойла, Б.​Э.​Быхоўскі, С.​Я.​Вальфсон, У.​І.​Пічэта, А.​Цвікевіч і інш.). У 1931 у Мінску створаны Інстытут філасофіі АН БССР (гл. Інстытут філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). З 1950-х г. пачаліся сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі. 1960—80-я г. адзначаны сур’ёзнымі распрацоўкамі ў галіне матэрыяліст. дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, філас. пытанняў прыродазнаўства, духоўнай сферы і выхавання. З 1990-х г. на Беларусі праводзяцца комплексныя даследаванні па праблемах логікі і метадалогіі навук. пазнання (А.​І.​Зелянкоў, У.​К.​Дукашэвіч, Дз.​І.​Шыраканаў, Я.​С.​Яскевіч), сац. Ф. (Я.​М.​Бабосаў, В.​І.​Боўш, А.​М.​Елсукоў, Ю.​А.​Харын), гісторыі Ф. (Э.​К.​Дарашэвіч, У.​М.​Конан, А.​С.​Майхровіч, С.​А.​Падокшын, В.​Ф.​Шалькевіч і інш.).

Тэндэнцыі развіцця сучаснай Ф. звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем такіх праблем, як глабальны экалагічны крызіс, лёс сучаснай цывілізацыі і спосабы прадухілення рэальных пагроз яе існаванню, дынаміка і перспектыва сусв. культ. працэсу, гуманізацыя грамадскіх адносін, шляхі ўмацавання дэмакр. ін-таў і механізмаў функцыянавання грамадз. супольнасці, гранічнае пашырэнне магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам і інш.

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Развитие марксистско-ленинской философии в БССР (20—70-е гг.). Мн., 1984;

Лукьянов А.Е. Становление философии на Востоке (Древний Китай и Индия). М., 1989;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;

Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;

Юлина Н.С. Очерки по философии в США: XX век. М., 1999;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Шаповалов В.Ф. Основы философии: От классики к современности. 2 изд. М., 2000;

Новая философская энциклопедия. Т. 1—4. М., 2000—01.

С.​Ф.​Дубянецкі, В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)