КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),

навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.

Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст. англ. вучоныя Э.​Галей, Дж.​Хэдлі і рас. вучоны М.​В.​Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.​І.​Ваейкаў, ням. А.​Тумбальт, У.​П.​Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.​А.​Камінскага, Я.​С.​Рубінштэйн, Л.​С.​Берга, амер. Г.​Ландсберга, Д.​Мілера, аўстр. Ф.​Штайнгаўзера і інш.

На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.​І.​Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.​В.​Валабуевай, М.​А.​Гольберга, А.​І.​Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.​Х.​Шкляра (БДУ), М.​А.​Гольчанкі (БСГА), М.​І.​Касцюкевіча (Бел. тэхнал. ун-т).

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,

вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.

Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.​В.​Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.​Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.​В.​Дакучаеў і батанік Г.​І.​Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.

У пач. 20 ст. вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.​М.​Сукачоў, А.​Ф.​Флёраў, В.​Р.​Вільямс, У.​С.​Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.​Т.​Кірсанаў, М.​Ф.​Лебядзевіч, І.​С.​Лупіновіч, С.​Г.​Скарапанаў, іх прадаўжалі А.​П.​Підоплічка, М.​М.​Бамбалаў, П.​І.​Бялькевіч, І.​І.​Ліштван, У.​Я.​Ракоўскі, А.​В.​Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш. н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн. генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.

Літ.:

Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

т. 2, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.​Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.​Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.​Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.​Нарбут, у 19 ст. — Э.​Жалігоўскі, І.​Ястржэмбскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТАЛІ́ЗМ,

адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст. манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл. Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл. Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыі гасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв. інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.

У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала ​2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.

У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;

Капитализм на исходе столетия. М., 1987;

Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

В.​П.​Панюціч.

т. 8, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каламы́тка ’панос’ (Мат. Маг.). Рус. каламытка ’тс’. Статус бел. лексемы няясны. Фіксацыя, аднак, і рус. слова прадстаўлена на абмежаванай тэрыторыі і гэта не дазваляе думаць пра банальнае запазычанне або пра інфільтрацыю. Наяўнасць жа сепаратных сувязей нельга аспрэчваць, хоць і няясна, на якой тэрыторыі знаходзіўся цэнтр інавацыі. Слова, як здаецца, было ўтворана на базе больш шырока вядомага мыт ’панос’ (гл.). Паколькі гэта слова вядома і ў рус. і ва ўсх.-бел. гаворках, яно не вырашае пытання аб напрамку інавацыі. Адносна першай часткі лексемы каламытка можна выказаць наступныя меркаванні. Нельга выключыць магчымасці ўтварэння слова з пачатковым эспрэсіўным фармантам кала‑ (кола‑) няяснага паходжання (відаць, выдзяляецца як самастойная частка з складаных слоў). Існаванне такога фарманта пацвярджаецца шэрагам прыкладаў: рус. бран. коломат ’крык, шум і інш.’, укр. бук. калабусьок ’бусел’ і інш., на жаль, не вельмі ясных этымалагічна. З другога боку, нельга выключыць сувязі першай часткі слова са слав. kalъ, пэраў», бел. дыял. каліцца ’спаражняцца’. Трэба ўлічыць таксама, што другая частка разглядаемага слова суадносіцца з дзеясловам тыпу рус. мытить. Адносна значэння параўн. у Даля, 2, 956: «Хворать мытом, поносом». У такім выпадку каламытка ў большай меры нагадвае ўтварэнні тыпу бел. каламут, рус. колоброд і да т. п., аднак генезіс першай часткі слова няясны. Гл. яшчэ адносна этымалогіі другой часткі мыт, мытуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕАМАРФАЛО́ГІЯ (ад геа... + марфалогія),

навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб. вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінах гасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.

Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).

На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.​У.​Апокаў, А.​Э.​Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.​Л.​Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.​М.​Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.

Літ.:

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

А.​В.​Мацвееў.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛАГІ́ЧНЫ ЖАНР,

жанр выяўленчага мастацтва, прысвечаны героям і падзеям, прадстаўленым у міфах стараж. народаў. Творам М.ж. звычайна ўласцівы сімвалічнасць вобразаў (багоў, герояў, духаў і інш.), семантычная ўмоўнасць, своеасаблівая трансфармацыя прасторы і часу, ілюстратыўная апавядальнасць раскрыцця зместу міфа. У мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. яго кампазіцыі набылі большую вобразную і сэнсавую самастойнасць, часта змяшчаюць аўтарскія міфалагічныя мадэлі. Генезіс М.ж. цесна звязаны з біблейскім, а таксама гіст. і фантаст. жанрамі, традыц. нар. мастацтвам.

Вытокі М.ж. ў першабытным мастацтве. Вял. ролю ў яго станаўленні мела мастацтва Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Міфы былі асновай традыц. мастацтва народаў Усходу, Афрыкі і Акіяніі. У эпоху сярэднявечча ў межах М.ж. склаліся сістэмы культавага мастацтва асн. рэліг. канфесій. Як жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, што было абумоўлена цікавасцю да ант. культуры. Праз сюжэты міфаў мастакі ўвасаблялі складаныя этычныя, часта алегарычныя падтэксты (творы С.​Батычэлі, Дж.​Беліні, П.​Веранезе, Данатэла, Джарджоне, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Тыцыян Б.​Чэліні ў Італіі, Х.​Босха, Х. ван дэр Гуса, Р.​Кампена ў Нідэрландах, Л.​Кранаха Старэйшага ў Германіі і інш.). У 17—19 ст. у стылях класіцызму, ракако, рамантызму М.ж. стаў нормай высокага, ідэальнага мастацтва (Ж.​Л.​Давід, Ж.А.​Д.​Энгр, Н.​Пусэн у Францыі, В.​Сяроў, Д.​Веласкес у Іспаніі, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі, А.​Канова ў Італіі, І.​Мартас, А.​Іванаў у Расіі і інш.). Ў 19—20 ст. разам з тэмамі ант. міфалогіі пашырыліся тэмы герм., кельцкіх, інд., слав. міфаў. У 20 ст. набыў сучаснае пераасэнсаванне ў стылях сімвалізму і мадэрну (М.​Дэні ў Францыі, В.​Сяроў, М.​Урубель у Расіі), а таксама ў творах мастакоў А.​Бурдэля, А.​Маёля, П.​Пікасо (Францыя), Д.​Рыверы, Д.​Сікейраса (Мексіка), Дж.​Дэ Кірыка (Італія), С.​Далі (Іспанія), Г.​Каспара, Р.​Кляйна (Германія), С.​Канёнкава, А.​Краўчанкі, М.​Ульянава, С.​Рамановіча (Расія) і інш.

На Беларусі найб. раннія элементы М.ж. ўвасоблены ў мастацтве першабытнага ладу і звязаны са слав. міфалогіяй. Пасля прыняцця хрысціянства яны захаваліся ў некаторых творах дэкар.-прыкладнога мастацтва і ў традыц. нар. мастацтве. З пашырэннем класіцызму і рамантызму адбыўся новы ўздым цікавасці да міфалагічных тэм. У 18 ст. да М.ж. звярталіся мастакі В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, К.​Ельскі, К.​Рыпінскі, у 19 — пач. 20 ст. — А.​Гараўскі, Г.​Дмахоўскі, Б.​Русецкі, Н.​Сілівановіч, І.​Трутнеў, І.​Лавярэцкі, К.​Каганец, Я.​Драздовіч, Ю.​Пэн. У сучасным бел. мастацтве тэмы язычніцкай міфалогіі распрацоўвае С.​Цімохаў. Да М.ж. звяртаюцца Г.​Вашчанка, Г.​Гаравая, А.​Зіменка, У.​Кожух, А.​Ксяндзоў, А.​В.​Кузняцоў, А.​Марачкін і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Міфалагічны жанр. Г.​Вашчанка. Жыцень. 1990.
Да арт. Міфалагічны жанр. Тыцыян. Венера і Адоніс. 1553.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маўчаць, мыўчаць, моўчетэ ’нічога не гаварыць, не падаваць голасу, весткі; захоўваць у таямніцы, не выказваць адкрыта сваіх думак’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), маўча́нка ’маўчанне’ (ТСБМ, Грыг., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ), ’паслухмянасць’ (Нас.); маўча́к, маўчок ’маўчанне, ні слова, ні гу-гу’, ’маўклівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), маўчком, моўчкам, маўчаком, моўчыкам, маўчака́, моўчака́, моўчакі, моўная, маўком ’ціха, патаемна, моўчкі, нічога не кажучы’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), моўчыкі маўча́ць ’быць маўклівым’ (Ян.), маўчлівы, моўчліву ’маўклівы’ (Сл. ПЗБ, Яруш., ТС). Укр. мовча́ти, рус. молча́ть, молка́ть, мо́лкнуть, ст.-рус. мълчати, польск. milczeć, н.-луж. mjelcaś, в.-луж. mjelčeć, чэш. mlčeti, славац. mlčať, славен. mółčati, серб.-харв. му́чати, макед. молчи, балг. мълча, ст.-слав. мльчати. Прасл. mъlčeti (Бязлай, 2, 192), mьlčati (Трубачоў, Проблемы и.-е. языкозн., М., 1964, 101), Скок (2, 474) адносіць да асновы mьlk‑, Махэк₂ (368) — да ml̠k‑. Дакладныя роднасныя і.-е. адпаведнікі не выяўлены. Траўтман (184), Персан (BB, 19, 262), Трубачоў (там жа) збліжаюць слав. лексемы са ст.-в.-ням. motawên ’раставаць’, ірл. malcaim ’гнію’, ст.-грэч. μαλακός ’мяккі’, літ. smulkùs ’дробны’ smil̃kti ’адміраць’. Леві (IF, 32, 164), Гофман (189), Буазак (605) збліжаюць з літ. mùlkis ’дурны’ ст.-інд. mūrkhás ’дурнаваты’, ст.-грэч. μαλκή ’дубенне ад холаду’, лац. mulcēre ’гладзіць’, ’утаймоўваць’, ’цешыць’. Трубачоў (там жа, 100, 105), разглядаючы тэрміны ’маўчаць’ у і.-е. мовах, устанавіў семантычны пераход ’раставаць’ — ’маўчаць’ і паказаў генезіс і этымалагічную роднаснасць: ст.-в.-ням. molawên ’раставаць’ — слав. mьlčati; слав. tajati/taviti ’раставаць, плавіцца’ — лац. tacẽre ’маўчаць’, літ. tir̃pti ’раставаць’ — слав. tьrpĕti ’цярпець’, слав. tьlěti ’тлець’ — літ. tylė́ti ’маўчаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)