КА́МЕНЬ-ГО́РКА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1983). За 300 м на Пн ад в. Укропенка Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 18 м³, маса каля 48 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САРСКІ ПАГО́РАК (КАМО́ІД),

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Камоід купалападобны, плоскавяршынны, гляцыяін’екцыйны; выш. 25 м, дыяметр 750 м. Утварыўся каля 15—20 тыс. гадоў назад у выніку выціскання пяску, суглінку, гліны ў поласць нерухомага або слабарухомага лёду. М.п. — тыповая форма рэльефу для Бел. Паазер’я.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕПЯНЁЎСКІ БЕРАГАВЫ́ ЎСТУ́П,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны каля паўд. ускраіны б. в. Сцепянёва Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Выш. да 8 м, стромкасць схілаў 80—45°. Берагавы ўступ (абразійны кліф) утварыўся каля 11 тыс. г. назад у выніку хвалепрыбойнай дзейнасці возера і разбурэння высокага пясчанага берага.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 307

т. 15, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЮГА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 1,3 км на Пд ад в. Ладыга Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Капцюганскі Лес. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,7 м, шыр. 3,4 м, выш. 2,2 м, у абводзе 12,4 м, аб’ём 18,6 м³, маса каля 49 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯНЁЎСКІ КА́МАВЫ ЎЗГО́РАК,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). На паўд. ускраіне в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Купалападобны ўзгорак выш. 5—8 м, даўж. 100 м, шыр. 70 м. Форма авальная, паверхня нахілена на Пд і абкружана кальцавым валам выш. да 2 м. Узнік каля 150 тыс. г. назад пры раставанні дняпроўскага ледавіка. У 10—12 ст. тут існаваў стараж. горад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎСКІ КА́МАВЫ ПАГО́РАК,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 500 м на ПдУ ад в. Мядзведзева Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Пагорак выш. 11 м, дыяметрам 500—625 м размешчаны на забалочанай нізіне. Утварыўся каля 15—20 тыс. гадоў назад у выніку назапашвання жвіру, пяску, стужачнай гліны ў возеры паміж ледзянымі камлыгамі. М.к. п. — эталонная форма рэльефу водна-ледавіковага паходжання.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́ЧЫНСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). За 1,5 км на Пн ад в. Сарочына Ушацкага р-на Віцебскай вобл., у адхоне шашы Лепель—Полацк. Валун парфірападобнага буйназярністага граніту даўж. 2,3 м, выш. 2,2 м, шыр. 1,5 м, у абводзе 6,8 м, аб’ём 4 м³, маса каля 10 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЎЖО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 2000). Размешчаны за 1,2 км на ПнЗ ад в. Смаўжы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Шэры дробназярністы граніт з пражылкамі ружовага пегматыту. Даўж. 5,3 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,2 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 9,8 м³, маса бачнай часткі 25,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. г. назад з тэр. Швецыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМО́ЎСКІ МАРЦІ́Н-КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 900 м на ПнУ ад в. Кузьмы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун шэрага гнейсу са шматлікімі крышталямі гранатаў, палявых шпатаў і мінералаў цёмнага колеру. Даўж. 3,7 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,3 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)