эта́н

(ад гр. aither = эфір, паветра)

бясколерны грымучы газ, які знаходзіцца ў прыродным і свяцільным газе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,

нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10​−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 10​4 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ ЛЯ́МПА,

від газаразрадных крыніц святла з кароткачасовымі светлавымі імпульсамі (успышкамі) высокай інтэнсіўнасці. Дзеянне Іл. заснавана на свячэнні плазмы пры іскравым разрадзе кандэнсатара ў інертным газе або пры згаранні алюм. ці магніевай фольгі ў кіслародзе. У адрозненне ад крыніц святла неперарыўнага дзеяння мае больш высокую т-ру плазмы (да 30 000 K) і большую шчыльнасць току, у выніку чаго пікавая яркасць дасягае 3∙10​11 кд/м², сіла святла — 10​8 кд. Выкарыстоўваецца для фота- і кіназдымкі Лямпа-ўспышка), аптычнай лакацыі, светлавой сігналізацыі, аптычнай напампоўкі лазераў, у аўтаматыцы і тэлемеханіцы і інш.

Да арт. Імпульсная лямпа.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

турбадэта́ндер

(ад турба- + дэтандэр)

дэтандэр, у якім расшыральнай машынай з’яўляецца турбіна, што працуе на сціснутым газе; выкарыстоўваецца ў халадзільнай тэхніцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,

змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл. Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.

т. 6, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.

Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,

газ, уласцівасці якога вызначаюцца ўзаемадзеяннем яго малекул. Пры звычайных умовах (T ≈ 300 К, p = 100 кПа) Р.г. сваімі ўласцівасцямі нагадваюць ідэальны газ і іх стан прыблізна апісваецца Мендзялеева—Клапейрона ўраўненнем. Наяўнасць міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ўлічваецца вірыяльным ураўненнем стану Р.г.: pV = RT(1 + B(T)/V + C(T)/V​2 + ...), дзе p — ціск, V — малярны аб’ём газу, T — абс. т-ра, R — газавая пастаянная, B(T), C(T) і г.д. — вірыяльныя каэфіцыенты, якія залежаць ад т-ры і характарызуюць парныя, трайныя і г.д. узаемадзеянні малекул у газе. Пры павышэнні ціску і паніжэнні т-ры ўласцівасці Р.г. апісваюцца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУЙ (Tsui) Даніэль Чы (н. 28.2.1939, прав. Хэнань, Кітай),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (2000). З 1958 у ЗША. Скончыў Чыкагскі ун-т (1967). З 1982 праф. Прынстанскага ун-та. Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, эл. уласцівасцях паўправадніковых мікраструктур і тонкіх плёнак, квантавай фізіцы электронных матэрыялаў (уздзеянне моцных магн. палёў і нізкіх тэмператур). Эксперыментальна адкрыў дробавы квантавы эфект Хола (1982; з А.​Госардам і Г.Шцёрмерам). Нобелеўская прэмія 1998 (з Р.Б.Лафлінам і Шцёрмерам).

Тв.:

Рус. пер. — Соотношение беспорядка и взаимодействия в двумерном электронном газе, помещенном в сильное магнитное поле // Успехи физ. наук. 2000. Т. 170, № 3.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Ч.Цуй.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ, гідрастатычнае супраціўленне,

сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.

Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,

кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.

І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.

Літ.:

Искровая камера. М., 1967.

А.​В.​Берастаў.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)