ЛЕГІЁНЫ ПО́ЛЬСКІЯ добраахвотніцкія польскія воінскія фарміраванні пры іншаземных арміях, якія ствараліся ў 18—20 ст. з мэтай барацьбы за аднаўленне Польшчы. Упершыню 2 Л.п. створаны ў Ламбардыі (Паўн. Італія) ген. Я.Г.Дамброўскім у 1797 (з 1799 фактычна ў складзе франц. арміі). У 1799 пры франц. арміі ў Паўд. Германіі сфарміраваны таксама Прыдунайскі легіён. У 1801 усе яны рэарганізаваны ў інш. польск. часці. Вядомы таксама 2 Л.п. ў складзе франц. арміі ў 1806—07, 2 у Венгрыі і 1 у Італіі ў час нац.-вызв. рэвалюцый 1848—49. У 1-ю сусв. вайну ў складзе рас. арміі існавалі 2 Л.п. (кастр. 1914 — сак. 1915), у аўстра-венг. арміі — створаныя Ю.Пілсудскім 2 Л.п. (жн.—вер. 1914) і I брыгады легіянераў (1914—18), чый асабовы склад стаў першапачатковым ядром арміі незалежнай Польшчы.
Літ.:
Lubicz-Pachoński J. Legiony polskie 1794—1807 — prawda i legenda. T. 1—4. Warszawa, 1969—79.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВА,
у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́Л ВО́ІНСКАЙ СЛА́ВЫна Лудчыцкай вышыні.
Адкрыты ў 1984 за 1,5 км ад в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Беларусі ў 1943 і 1944. Аўтары: скульпт. П.Белавусаў і У.Лятун, арх. В.Бялянкін і М.Мызнікаў, інж. Б.Шчарбакоў (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Дамінанта мемарыяла — сімвалічная фігура Баяна (выш. 10 м), які апявае подзвіг воінаў-герояў. Каля падножжа ўзгорка пляцоўка, па краі яе на авальнай сцяне змешчаны гарэльефныя партрэты Герояў Сав. Саюза, якім прысвоена гэта званне за баі на Быхаўшчыне: І.А.Барысевіча, П.Дз.Вінічэнкі, С.Іскаліева, У.К.Мартынава, Г.С.Размадзе, Г.Якубава (выш. каля 3,5 м); пад партрэтамі на абліцаванай чорным гранітам ч. сцяны імёны і воінскія званні герояў. На пляцоўцы — абліцаваная гранітам стэла (выш. каля 3 м) з інфарм. надпісам, гранітная пліта з бронзавай пяціканцовай зоркай і чашай для запальвання рытуальнага агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ме́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок.Машара.// Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў.Шамякін.// Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі.«Беларусь».
2.перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зва́нне, -я, мн. -і, -яў, н.
1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае ступень заслуг, службовага становішча, кваліфікацыі ў галіне якой-н. дзейнасці.
Воінскія званні.
Вучонае з.
2. Ганаровае найменне як адна з форм узнагароды і заахвочвання для далейшых поспехаў дзеячаў працы, навукі, культуры і інш.
З.
Героя Сацыялістычнай Працы.
З. народнага артыста Беларусі.
3. У дарэвалюцыйнай Расіі — аднесенасць да якой-н. грамадскай групы са спадчыннымі правамі і абавязкамі; саслоўе.
Ён з духоўнага звання.
Купецкае з.
4. У дарэвалюцыйнай Расіі — узаконенае абазначэнне службовага становішча па табелі аб рангах; чын.
Быў калежскім асэсарам.
Ён меў з. камер-юнкера.
◊
Адно званне (разм.) — пра тое, што не адпавядае свайму найменню.
Адно з., што горад, а на самай справе — пасёлак.
Ані званнякаго-чаго (разм.) — і ў паміне няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ПАДА́ННЕ,
жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.Міровіча «Машэка» Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».
Публ.:
Легенды і паданні. Мн., 1983;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.
Літ.:
Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;
Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ВЕСЦЬ СТАРАЖЫТНАРУ́СКАЯ,
жанр старажытнарускай л-ры, які аб’ядноўвае апавядальныя творы розных відаў (воінская, жыційная, бытавая, сатырычная аповесці, сказанне, гісторыя, слова, павучанне).
Вядома з 11 ст. Напачатку гэта былі перакладныя (пераважна з грэч.) творы — «Гісторыя Іудзейскай вайны» Іосіфа Флавія, прыгодніцка-фантастычная «Александрыя» пра Аляксандра Македонскага, гераічнае «Дзяўгеніева дзяянне», павучальныя «Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», апакрыфічныя «Пра стварэнне Адама», «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах». Амаль адначасова ўзніклі і арыгінальныя, пераважна гістарычныя, аповесці. Для кожнай жанравай разнавіднасці існавала свая літ.-эстэтычная рэгламентацыя. У 11—13 ст. пераважаў стыль манум. гістарызму, якому ўласцівыя значнасць тэм і праблем (веліч радзімы, сэнс чалавечага жыцця), ахоп падзей у буйных гіст. маштабах і вял. прасторах. На пач. 12 ст. ўзніклі агіяграфічныя аповесці «Сказанне аб Барысе і Глебе», «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш. (гл.Жыціе). Асаблівую папулярнасць набылі воінскія аповесці пра гераічную барацьбу за незалежнасць роднай зямлі («Слова пра паход Ігараў»). Блізкія да іх і царк. біяграфіі вядомых гіст. асоб («Аповесць пра жыццё Аляксандра Неўскага»). Аповесць старажытнаруская перыяду Кіеўскай Русі належыць да культурнай спадчыны рус., бел. і ўкр. народаў. У далейшым яна развівалася ў межах рускай літаратуры.
Аповесці старажытнарускія шырока бытавалі на Беларусі, а многія з іх у 15—17 ст. перакладаліся на бел. мову, перапрацоўваліся, уваходзілі ў буйныя творы інш. жанраў. Так, у 15—16 ст. з’явіліся бел. апрацоўка апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» — «Аб дванаццаці пакутах», бел. рэдакцыя «Сказання пра Мамаева пабоішча» — «Мамаева пабоішча»; «Аповесць пра разбурэнне Батыем Разані» была ўключана ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
История русской литературы Х—XVII веков. М., 1980;
Старинная русская повесть: Статьи и исслед. М.; Л., 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сфармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Надаць каму‑, чаму‑н., якую‑н. форму, выгляд. Сфарміраваць кроку дрэва.
2. Надаць каму‑, чаму‑н. устойлівыя, закончаныя рысы, уласцівасці. Сфарміраваць характар. Сфарміраваць светапогляд. □ Адзін рэжысёр не можа сфарміраваць аблічча тэатра.«ЛіМ».// Выпрацаваць тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. Максіма Танка як свядомага грамадзяніна сфарміравала рэвалюцыйная барацьба заходнебеларускага народа за сваё вызваленне.Бугаёў.
3. Арганізаваць, скласці, стварыць (калектыў, установу і пад.). Сфарміраваць у рад. Сфарміраваць разведачную экспедыцыю.// Арганізаваць, камплектуючы людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). Сфарміраваць полк. □ Мінькову даручылі за тры дні .. сфарміраваць для дапамогі партызанскаму краю зборны атрад, забраўшы са сваёй і дзвюх суседніх брыгад па дзве ўзмоцненыя роты.Хадкевіч.
4. Саставіць (поезд), счапляючы вагоны. — Калі .. [ворагі] падыходзілі да горада, мы паспелі сфарміраваць эшалон і адагнаць яго ў Смаленск, — расказваў Медны.Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАПІТА́Н (позналац. capitaneus военачальнік ад лац. caput галава),
1) воінскае званне (чын) афіцэрскага складу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў з сярэдніх вякоў да нашых дзён. Напачатку вядома ў Францыі як назва начальніка ваен. акругі, з 1558 яго сталі называць генерал-К., а камандзіра роты — К. У апошнім значэнні званне (чын) К. існавала ў арміях еўрап. краін, у т. л.ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. У ваен. флатах званне (чын) К. паходзіць ад назвы пасады начальніка каманды карабля і звычайна мае некалькі ступеней. У рас. арміі існавалі званні (чыны): К. (16 ст. — 1917), К.-паручнік (1705—98) і штабс-К. (1801—1917); у ВМФ — К. камандор (1707—32, 1751—64, 1798—1827, у 1764—98 наз. К. брыгадзірскага рангу), К. 1-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 2-га рангу (1713—32, 1751—1917), К. 3-га рангу (1713—32), К. 4-га рангу (1713—17), К. карабля (1701—13), К.-лейтэнант (1713—1884, 1909—11). У 1935 ва ўзбр. сілах СССР адноўлены воінскія званні К. для каманднага складу сухап. войск, ВПС і берагавых часцей ВМФ, а таксама К. 1, 2, 3-га рангаў і К.-лейтэнант для камандзіраў карабельнага складу ВМФ. Ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама ў інш. сілавых структурах дзяржавы званне К. адносіцца да малодшых афіцэраў. У ваен. флатах Рас. Федэрацыі, Украіны, Германіі і многіх інш. дзяржаў для афіцэраў карабельнага складу існуюць званні К. 1, 2, 3-га рангу (старшыя афіцэры) і К.-лейтэнант (малодшыя афіцэры).
2) Званне малодшага афіцэрскага складу міліцыі (паліцыі) у шэрагу краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
3) На суднах гандлёвага і рыбалоўнага (марскога і рачнога) флоту — старшая асоба ў экіпажы, на якую ўскладзена кіраванне суднам.
4) У Францыі ў 1622—1775 пасада камандзіра конных гвардзейцаў караля — каралеўскіх мушкецёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сфармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
1. Набыць якую‑н. форму, выгляд у працэсе развіцця; утварыцца. Сцябло сфарміравалася ў ствол. □ Найлепшым прыкладам можа быць так званая Руская платформа .. Пасля таго як яна сфарміравалася, ніводзін з перыядаў гораўтварэння амаль не пакінуў на ёй ніякіх слядоў.Чаркасаў.// Набыць формы, склад цела або духоўнае аблічча дарослага чалавека.
2. Набыць устойлівыя, закончаныя рысы, якасці; скласціся. Беларуская мова сфарміравалася ў перыяд XIV–XV стагоддзяў у межах Літоўскага княства з абласных дыялектаў на тэрыторыі, якую раней займалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы.Юргелевіч.// Скласціся як тып каго‑н. ва ўсёй сукупнасці характэрных для яго якасцей, уласцівасцей. У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека.Машэраў.
3. Арганізавацца, скласціся, стварыцца (пра калектыў, установу і пад.). У студзені 1928 г. сфарміравалася новае літаратурна-творчае аб’яднанне «Полымя».Пшыркоў.// Утварыцца шляхам камплектавання людзьмі і матэрыяльнай часткай (пра воінскія падраздзяленні). [Камарова] часць толькі што сфарміравалася і спешна рыхтавалася на фронт.Марціновіч.
4. Саставіцца ў выніку счаплення вагонаў. Эшалон сфарміраваўся хутка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)