Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.С.Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял.Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАГУ́К (ад лац. infra ніжэй, пад + гук),
пругкія ваганні нізкай частаты (менш за 20 Гц), нячутныя чалавечым вухам. Слаба паглынаецца рознымі асяроддзямі, распаўсюджваецца на значныя адлегласці. Генерыруецца атм. і акіянічнымі флуктуацыямі ціску, ветрам, марскімі хвалямі (у т. л. прыліўнымі), вадаспадамі, землетрасеннямі, абваламі, вывяржэннем вулканаў, выбухамі, работай і ваганнямі рухавікоў, машын, канструкцый, збудаванняў. Выкарыстоўваецца пры акіяналагічных і геафіз. даследаваннях, у гідраакустыцы і інш. Моцны І. выклікае пашкоджанне і разбурэнне канструкцый, а І. значнай інтэнсіўнасці (120 дБ і болей) шкодна ўплывае на арганізм чалавека (асабліва небяспечныя для асобных органаў інфрагукавыя вібрацыі з-за магчымых рэзанансных з’яў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТРО́Н [ад грэч. kenos пусты + (элек)трон],
электравакуумны дыёд для выпрамлення пераменнага току пераважна прамысл. частаты. Вынайдзены ў 1905 англ. вучоным Дж.А.Флемінгам.
К. мае аксідны або карбідаваны катод (прамога ці ўскоснага напальвання) і чэрнены ці маціраваны рабрысты анод. Высакавольтныя К. (напружанне на анодзе да 100 кВ, сіла току да 500 мА) выкарыстоўваюцца ў выпрамніках радыёпрыёмнай і вымяральнай апаратуры, рэнтгенаўскіх устаноўках і інш.; нізкавольтныя (напружанне да 2 кВ, сіла току да некалькіх ампер) выцеснены выпрамнымі паўправадніковымі дыёдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура), на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, з сак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,
сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл.Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).
Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл.Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ (БДАНТД). Створаны ў 1968. Зберагае навук.-тэхн. дакументацыю праектна-канструктарскіх, тэхнал. і н.-д. устаноў і арг-цый, асабістыя фонды дзеячаў навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь. Мае (1996) 160 фондаў (больш за 90 тыс. адзінак захоўвання за 1887—1941 і 1944—90). Дакументы архіва адлюстроўваюць буд-ва і рэканструкцыю гарадоў і інш.нас. пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, чыг. і шашэйных дарог, культ.-асв., адм. і інш. збудаванняў на Беларусі, распрацоўку вырабаў прамысл. прадукцыі і быт. тэхнікі. Сярод дакументаў ген. планы гарадоў, праекты па жыллёва-грамадз., прамысл. і сельскім будаўніцтве, чарцяжы станкоў, машын. Аддзелы: забеспячэння захавання і ўліку дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і навук. выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУРГІ́Я (ад гала... + грэч. ergon справа),
галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.
Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.П.Ільінскага, А.Б.Зданоўскага, У.В.Вязавова, А.Дз.Кашкарова і інш.
На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел.тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галіту з агульным запасам солей больш за 10 млрд.т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.