ФЕ́РЭНЧЫК (Ferencsik) Янаш (18.1.1907, Будапешт — 1984),

венгерскі дырыжор. Вучань А.​Тасканіні. З 1927 канцэртмайстар, у 1930—44 дырыжор, з 1952 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Венгерскага опернага т-ра ў Будапешце. З 1945 гал. дырыжор сімф. аркестра Венгерскага радыё, з 1952 — Венгерскага дзярж. сімф. аркестра. У 1948 і 1950 дырыжыраваў спектаклямі ў Венскай дзярж. оперы. Як дырыжору ўласцівы тонкае пачуццё розных стыляў, дакладнасць перадачы дэталей аўтарскага тэксту. Адзін з першых выканаўцаў твораў сучасных венгерскіх кампазітараў. Прэміі імя Л.​Кошута 1951, 1961.

т. 16, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЯР (Major) Тамаш (26.1.1910, Будапешт — 1986),

венгерскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Венгрыі (1950). У 1945—62 дырэктар Нац. т-ра ў Будапешце, з 1962 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1947 праф. Венг. вышэйшай школы тэатр. і кінамастацтва. Прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Сярод роляў: Люцыфер («Трагедыя чалавека» І.​Мадача), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Іван Васілевіч («Іван Васілевіч» М.​Булгакава). Паставіў: «Банк-бан» І.​Катаны (1945), «Ворагі» М.​Горкага (1949), «Баявое хрышчэнне» Э.​Урбана́ (1951), «Трагедыя чалавека» (1955, 1960, 1964) і «Добры чалавек з Сезуана» (1972) Б.​Брэхта. З 1941 здымаўся ў кіно.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ БАЙШЫ́, Ачжы,

Хуан (1860, прав. Хунань, Кітай — 16.9.1957),

кітайскі жывапісец, рэзчык пячатак, каліграф, паэт; найбуйнейшы майстар нац. кіт. жывапісу гохуа. У 1920—37 праф. Маст. ін-та ў Пекіне. Творы вылучаюцца багаццем танальных градацый, тонкай назіральнасцю, аўтарскім пераасэнсаваннем сярэдневяковых маст. традыцый: «Дванаццаць крабаў», «Курыца з куранятамі», «Арол» (усе 1930-я г.), «Крэветкі сярод водарасцей» (1946), «Персікі» (1948), «Лотас і жаба» (1954), «Цыкада на чырвоным лісце» (1955) і інш. Міжнар. прэмія Міру 1955.

Літ.:

Миклош П. Ци Бай-ши: [Пер. с венг.]. Будапешт, 1963.

т. 17, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ЖЭФ (József) Атыла (11.4.1905, Будапешт — 3.12.1937),

венгерскі паэт. Вывучаў філалогію ў Сегедскім і Венскім ун-тах і ў Сарбоне. Першы зб. вершаў «Папрашайка прыгажосці» (1922). Працаваў у жанрах санета, паслання, пейзажнай замалёўкі, балады, оды і інш. У ранніх творах істотны ўплыў экспрэсіянізму і сюррэалізму. Аўтар зб-каў «Не я крычу» (1925), «Ні бацька, ні маці» (1929), «Пні карчуй і не скуголь» (1931), «Ноч ускраіны» (1932), «Мядзведжы танец» (1934), «Вельмі балюча» (1936). Паэзія мае выразны філас. характар, у ёй спалучаюцца гратэск і лірызм, адметная метрычнай і страфічнай разнастайнасцю, асацыятыўнасцю. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1980.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ВЕШЫ (Hevesy) Дзьёрдзь (Георг; 1.8.1885, Будапешт — 5.7.1966),

венгерскі радыяхімік. Ганаровы чл. Венг. АН (1945). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1939). Скончыў Будапешцкі ун-т (1908). Праф. ун-таў у Будапешце (1918), Капенгагене (1920—26, 1934—43), Фрайбургу (1926—34), Стакгольме (з 1943). Навук. працы ў галіне радыяхіміі. Прапанаваў метад ізатопных індыкатараў (мечаных атамаў) і выкарыстаў яго для біял. даследаванняў (1913). Адкрыў хім. элемент гафній (з нідэрл. фізікам Дз.​Костэрам), магчымасць выкарыстання цяжкай вады для вызначэння воднага балансу ў жывых арганізмах (1941). Нобелеўская прэмія 1943. Міжнар. прэмія «Атам для міру» (1959).

Дз.Хевешы.

т. 17, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТВЕШ (Eötvös) Лоранд (Роланд) фон (27.7.1848, Будапешт — 8.4.1919),

венгерскі фізік. Чл. Венгерскай АН (1883) і яе прэзідэнт (1899—1905). Вучыўся ў Будапешцкім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1871 у Будапешцкім ун-це (з 1872 праф.). Навук. працы па тэорыі капілярнасці, гравітацыі і геафізіцы. Устанавіў залежнасць малекулярнай паверхневай энергіі ад т-ры (1886; закон Э.). Вынайшаў гравітацыйны варыёметр, эксперыментальна ўстанавіў роўнасць гравітацыйнай і інертнай мас (1890—1906). Вывучаў размеркаванне мас у горных хрыбтах. Заснавальнік і першы прэзідэнт (з 1891) Венгерскага матэм. і фіз. т-ва. Яго імем названы Будапешцкі ун-т і пазасістэмная адзінка градыента сілы цяжару — этвеш.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГНЕР (Wigner) Юджын (Эўген) Пол (17.11.1902, Будапешт),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Вышэйшае тэхн. вучылішча ў Берліне (1925). У 1930—71 у Прынстанскім ун-це (з 1938 праф.), у 1942—45 у Чыкагскім ун-це. Навук. працы па квантавай механіцы, электрадынаміцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Абгрунтаваў магчымасць працякання ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення. У складзе групы Э.Фермі ўдзельнічаў у буд-ве першага ядз. рэактара ў Чыкага. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Физическая теория ядерных реакторов. М., 1961 (разам з А.​Вейнбергам);

Теория групп и ее приложения к квантово-механической теории атомных спектров. М., 1961;

Этюды о симметрии. М., 1971.

Ю.П.Вігнер.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РАЙІ, Каральі (Károlui) Міхай (4.3.1875, Будапешт — 18.3.1955), венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. У 1906—18 дэп. парламента. З кастр. 1918 кіраўнік Нац. савета з прадстаўнікоў розных партый, а пасля перамогі рэвалюцыі ў Венгрыі (31.10.1918) — кіраўнік урада; у студз.—сак. 1919 прэзідэнт Венг. рэспублікі. Пасля абвяшчэння Венг. сав. рэспублікі (24.3.1919) эмігрыраваў. За мяжой выступаў супраць дыктатуры М.​Хорці (1920—44), удзельнічаў у антыфаш. і антываен. руху, у т. л. ўзначальваў «Рух за дэмакратычную Венгрыю» ў Вялікабрытаніі (1943). З 1946 зноў на радзіме, у 1947—49 венг. пасланнік у Парыжы. Пратэстуючы супраць паказальнага працэсу Л.Райка і рэпрэсіўнага кіраўніцтва М.Ракашы, выйшаў у адстаўку і застаўся ў эміграцыі.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл

[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],

амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.​Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНУШЭ́ВІЧ Арнольд Пятровіч (15.1.1933, Мінск — 2.9.1991),

бел. спартсмен і трэнер (фехтаванне на шаблях). Майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер Беларусі (1966). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1957). З 1967 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Бронз. прызёр XVII Алімп. гульняў у камандным першынстве (1960, Рым), чэмпіянату свету ў асабістым першынстве (1958, г. Філадэльфія, ЗША). Чэмпіён свету (1961, г. Турын, Італія), сярэбраны (1959, Будапешт) і бронз. (1962, Буэнас-Айрэс) прызёр чэмпіянатаў свету ў камандным першынстве. Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР у асабістым першынстве (1959), СССР у асабістым (1962) і камандным (1958, 1962, 1964, 1966) пяршынствах. Сярод выхаванцаў чэмпіён Спартакіяды народаў СССР У.​Расолька.

т. 17, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)