АБЕЛЯ́Р ((Abélard) П’ер) (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),

французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус. пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.

Г.​У.​Грушавы.

П.Абеляр.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСЦІ́Н Блажэнны

(Augustinus Sanctus) Аўрэлій (13.11.354, г. Тагаст, Паўн. Афрыка — 28.8.430),

хрысціянскі багаслоў, філосаф, буйнейшы прадстаўнік зах. (лац.) патрыстыкі. Епіскап г. Гіпон (395). Асн. творы «Споведзь» (400), «Пра тройцу» (400—416), «Пра горад божы» (413—426). Яго вучэнне — філас.-тэалагічнае абгрунтаванне хрысціянства ў духу неаплатанізму. Распрацаваў сац.-паліт. канцэпцыю, якая падзяляе чалавечае грамадства на 2 процілеглыя царствы — «горад зямны» і «горад божы». Не адмаўляючы свецкай улады, аддаваў перавагу ўладзе духоўнай. Ідэі Аўгусціна моцна паўплывалі на развіццё сярэдневяковай тэалогіі і філасофіі (гл. Аўгусцініянства). На Беларусі яго творы вядомыя з 11 ст., цікавасць да іх пабольшала ў 16—17 ст., калі тут былі выдадзены яго зб-кі павучанняў, творы «Пра горад божы», «Богападобная любоў», «Пра бачанне Хрыста».

Літ.:

Бычков В.В. Эстетика Аврелия Августина. М., 1984.

Г.​У.​Грушавы.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ НАЗІЯНЗІ́Н (Grēgorios Nazianzēnos),

Грыгорый Багаслоў (каля 330, каля г. Назіянза ў М. Азіі — каля 390), грэчаскі паэт і празаік, царк. дзеяч і мысліцель, адзін з прадстаўнікоў патрыстыкі. Адукацыю па рыторыцы і філасофіі атрымаў у Афінах. З 379 епіскап артадаксальнай абшчыны ў Канстанцінопалі; у 381 старшынстваваў на 2-м Усяленскім саборы, але ў хуткім часе з-за інтрыг і смуты склаў з сябе сан епіскапа і вярнуўся на радзіму. Належаў да т.зв. кападакійскага гуртка, які пераносіў у тэалогію метады платонаўскай ідэаліст. дыялектыкі. Аўтар твораў, прысвечаных абгрунтаванню хрысц. догмату пра Тройцу і накіраваных супраць арыянства, пропаведзяў, пабудаваных па правілах рыторыкі, гімнаў, што ўвайшлі ў правасл. песнапенні, аўтабіягр. паэмы «Пра маё жыццё», «Пра мой лёс», «Пра пакуты маёй душы». У прозе вылучаюцца надмагільныя панегірыкі бацьку і Васілію Вялікаму.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й КУЗА́НСКІ [Nicolaus Cusanus; сапр. Крэбс (Krebs); 1.8.1401, г. Бернкастэль-Кус, Германія — 11.8.1464],

нямецкі філосаф, багаслоў, царк. і паліт. дзеяч. Скончыў Падуанскі ун-т (1424). Манах-аўгусцінец. Удзельнік Базельскага і Ферара-Фларэнційскага сабораў. З 1433 чл. папскай курыі, саветнік папы Пія II, кардынал (1448). Крыніцай пазнання лічыў вопыт. Зыходзячы з ідэй неаплатанічнай дыялектыкі і ням. містыкі, развіў вучэнне пра абсалют як супадзенне процілегласцей (канечнага і бясконцага, найменшага і найбольшага, адзінага і множнага і г.д.) і палажэнні аб ролі матэм. паняццяў для пазнання прыроды, існаванні бясконца малых велічынь і інш. Аўтар матэм. трактатаў, адзін з папярэднікаў касмалогіі Каперніка; сцвярджаў, што Зямля не з’яўляецца цэнтрам Сусвету і падобная на інш. планеты. Стварыў першыя геагр. карты Цэнтр. і Усх. Еўропы.

П.: Рус. пер.Соч. Т. 1—2. М., 1979—80.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГО́ЦКІ (Сільвестр Сільвестравіч) (17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),

украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш. ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.

Тв.:

Критический взгляд на философию Канта. Киев, 1847;

О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;

Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;

Введение в историю философии. Киев, 1871;

Философский словарь... Киев, 1876;

Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКО́ЎСКІ (Васіль Васілевіч) (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),

расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).

Тв.:

Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;

Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;

Русские мыслители и Европа. 2 изд. Париж, 1955;

Русская педагогика в XX в. Париж, 1960;

Основы христианской философии. М., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,

найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п. каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Авросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў I Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),

рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1993;

Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;

Свет невечерний. М., 1994;

Тихие думы. М., 1996.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАБО́РСТВА,

рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.

Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк. землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.

І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.

З.​І.​Малейка.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́М ГРЭК (сапр. Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),

пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял. кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус. азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).

Літ.:

Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;

Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;

Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.

Г.​У.​Грушавы.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)