ПАДПРА́ПАРШЧЫК,

воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У рас. арміі існавала ў 1722—1917. Прысвойвалася унтэрафіцэрам і фельдфебелям, якія вытрымалі экзамен або вызначыліся ў баях, і юнкерам. П. карысталіся некаторымі правамі малодшых афіцэраў.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чын¹, -у і -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. -у. Службовы разрад у вайсковых і цывільных служачых.

Ч. маёра.

На заводзе ў яго быў вялікі ч., дырэктарскі.

2. -а. Пасада або асоба, якая займае пасаду (разм.).

Чыны дыпламатычнага рангу.

Класныя чыны — цывільныя званні, якія прысвойваюцца пракурорска-следчым работнікам пракуратуры.

Ніжні чын — салдат у царскай арміі ў адрозненне ад афіцэраў.

Чын чынам (чынаром); чын па чыну (разм.) — найлепш; так, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КАТЫ́НЬ,

лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦК ВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.крас. 1943 у Вял. Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.​Н.​Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал. ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш. сав. лагерах.

Літ.:

Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;

Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;

Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;

Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Жанчына, якая сваімі паводзінамі, манерамі, туалетамі імкнецца падабацца мужчынам, звярнуць іх увагу. Дачка пані Міхаліны, какетка Яня, прымусіла каля сябе бегаць, можа, з пяць афіцэраў. Карпюк.

2. Тое, што і гестка.

[Фр. coquette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаўро́н, ‑а, м.

Нашыўка з галуну ў выглядзе вугла на левым рукаве адзення салдат і малодшых афіцэраў (колькасць гэтых нашывак абазначае колькасць гадоў звыштэрміновай службы). Валока.. агледзеў.. пакамечаную, абсыпаную пылам постаць [ворага] з яфрэйтарскім шаўронам на разадраным да локця рукаве. Быкаў.

[Фр. chevron.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фельдфе́бель, ‑я, м.

У царскай і некаторых замежных арміях — званне старшага унтэр-афіцэра ў пяхоце. [Залыгін:] Фельдфебеля за адвагу далі, смелы! Тры Ягорыі начапілі... Мележ. // Асоба, якая мае гэта званне. Блакітныя льдзінкі воч з захапленнем абводзілі маўклівых памочнікаў, малодшых афіцэраў, фельдфебеля, салдат, паліцэйскіх. Лынькоў.

[Ад ням. Feldwebel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КО́РЦІК,

колючая халодная зброя з прамым тонкім двухбакова-вострым клінком і з ручкай, што мае крыжавіну і галоўку. З’явіўся ў канцы 16 ст. як абардажная зброя. Цяпер прадмет форменнага адзення ў ВМФ многіх дзяржаў (параднай формы адміралаў, генералаў, афіцэраў, мічманаў і прапаршчыкаў).

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

датава́цца, ‑туецца; незак.

1. Абазначацца якой‑н. датай, адносіцца да якога‑н. часу. Рукапіс датуецца 17 стагоддзем. □ Апошні запіс датуецца 30 лістапада таго ж самага года — днём, калі курсанты здалі залікі і, атрымаўшы годнасць савецкіх афіцэраў, збіраюцца ісці на фронт. Арабей.

2. Зал. да датаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́нкер

(ням. Junker = малады дваранін)

1) выхаванец ваеннага вучылішча, якое рыхтавала афіцэраў у царскай Расіі;

2) памешчык у былой Прусіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІНЧАНКО́Ў (Міхей Мітрафанавіч) (н. 15.1.1913, в. Каськова Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з кастр. 1943. Камандзір стралк. аддзялення сяржант М. вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Усх. Прусіі. За час вайны знішчыў 125 варожых салдат і афіцэраў.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)