НІ́КА, Ніке,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя перамогі. Лічылася дачкой німфы Стыкс і Паланта (сына тытана Крыя). Крылатая Н. — абавязковы атрыбут Зеўса і Афіны, якіх звычайна паказвалі з фігуркай Н. ў руках. Яе статуі ў выглядзе крылатай вястункі багоў ставілі ў гонар перамогі на вайне, спарт. і маст. спаборніцтвах. Найб. вядома статуя Н. з в-ва Самафракія (Н. Самафракійская). У стараж.-рым. міфалогіі Н. адпавядала Вікторыя.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),

кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых I узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.

Аларых I. Выява на пячатцы.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́СІЙ (грэч. Lysias; 459—380 да н.э.),

старажытнаафінскі прамоўца, лагаграф (пісаў на заказ суд. прамовы); лічаць адным з лепшых прамоўцаў старажытнасці. З 412 да н.э. жыў у Афінах. У час праўлення «Трыццаці тыранаў» (404—403 да н.э.) збег у Мегару, вярнуўся ў Афіны пасля аднаўлення дэмакр. праўлення (403). Яму належаць больш за 200 прамоў (поўнасцю захаваліся 23, у фрагментах 11). Прамовы Л. — унікальныя крыніцы па пытаннях паліт., сац.-эканам. гісторыі Афін канца 5 — пач. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ I (Paulos; 14.12.1901, Афіны — 6.3.1964),

кароль Грэцыі [1947—64], З дынастыі Глюксбургаў. Сын караля Канстанціна I [1913—17, 1920—22) Служыў у ВМФ, удзельнік грэка-турэцкай вайны 1919—22. У сувязі з перамогай рэспубліканцаў у снеж. 1923 эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Пасля рэстаўрацыі манархіі вярнуўся (ліст. 1935) у Грэцыю ў якасці наследніка прастола. У 1941 у сувязі з уварваннем у Грэцыю ням.-фаш. войск эмігрыраваў у Егіпет, потым у Вялікабрытанію. Вярнуўся ў Грэцыю ў 1946. Пасля смерці брата — караля Георга II [1935—41, 1946—47] — абвешчаны каралём.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.

Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЫКА (Attikē),

Старажытная, вобласць у сярэдняй Грэцыі. Першыя жыхары прыйшлі ў Атыку каля 1900 да нашай эры. Займаліся земляробствам, вырошчвалі вінаград і аліўкі, на горных пашах гадавалі авечак і козаў. Значныя запасы жалеза, серабра, мармуру, солі, гліны спрыялі развіццю рамёстваў. Геагр. размяшчэнне на ўзбярэжжы мора, зручныя гавані, патрэба прывозіць збожжа садзейнічалі развіццю марскога гандлю, засяленню берагавой паласы. Да 5 ст. да нашай эры Атыка ператварылася ў самую развітую вобласць Грэцыі (гл. Афіны Старажытныя). У сучаснай Грэцыі Атыка — адм.-тэр. адзінка (ном) з цэнтрам у Афінах.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ПАС (Skopas),

старажытнагрэчаскі скульптар і архітэктар 4 ст. да н.э. Ураджэнец в-ва Парас. Творчая дзейнасць прыпадае на 380—330 да н.э. Працаваў у Атыцы, у гарадах Грэцыі і М.​Азіі. Работы: храм Афіны ў Тэгеі са скульпт. кампазіцыямі на франтонах (захаваліся фрагментарна), мармуровы фрыз маўзалея ў Галікарнасе), у рым. копіях — статуі «Менада», «Малады Геракл», «Мелеагр», «Потас». Мастацтва С. прасякнута драм. пафасам, у вобразах раскрываюцца моцныя душэўныя пачуцці, барацьба страсцей. Творчасць С. паўплывала на скульптараў эпохі элінізму (гл. Эліністычнае мастацтва).

Літ.:

Чубова А.П. Скопас. Л.;

М., 1959.

т. 14, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ніке Аптэрас храм (Афіны) 1/195; 2/5; 4/66

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕ́ТРЫЙ I ПАЛІЯРКЕ́Т (грэч. Dēmētrios Poliorkētēs, каля 337, Македонія — 283 да н.э.),

палкаводзец эліністычнага перыяду. Сын Антыгона I Аднавокага, паплечніка Аляксандра Македонскага. Разам з бацькам прымаў удзел у барацьбе дыядохаў. У 306 перамог флот Пталамея каля Саламіна на Кіпры, разам з бацькам прыняў тытул цара. У 301 каля г. Іпс Антыгон і Д.П. пацярпелі паражэнне, Антыгон быў забіты, Д.П. уцёк. У 295 захапіў Афіны, у 294—288 валодаў Македоніяй. У 287 у М. Азіі пацярпеў паражэнне ад караля Сірыі Селеўка I, трапіў у палон, дзе і памёр. Біяграфію Д.П. дае Плутарх у «Параўнальных жыццяпісах».

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)