КРУКО́ЎСКІ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.3.1937, г.Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1972). З 1979 маст. рэдактар час. «Маладосць», у 1982—84 — «Мастацтва Беларусі», з 1989 — «Спадчына». Аўтар плакатаў: «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціх «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), а таксама шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф.Скарыне, Міколе Гусоўскаму, В.Цяпінскаму, К.Каліноўскаму, Цётцы (А.Пашкевіч), М.Багдановічу, Я.Купалу, Я.Коласу, І.Луцкевічу, Я.Драздовічу і інш. Творы адметныя лаканізмам адлюстравання, выразнасцю колеру, трапнасцю сюжэта.
Г.А.Фатыхава.
У.Крукоўскі. Зверанят, нібы братоў малодшых... 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя за межамі гарадской лініі, занятая лясамі, лесапаркамі і інш. зялёнымі насаджэннямі. Выконвае ахоўныя і сан.-гігіенічныя функцыі і з’яўляецца месцам адпачынку насельніцтва. Лясы З.з. належаць да лясоў I групы; у іх вылучаюць лесапаркавую частку, дзе дазваляюцца сан. і высечкі догляду, і лесагаспадарчую, дзе дазволены лесааднаўленчыя высечкі. На Беларусі З.з. вылучаюцца паводле пастаноў урада рэспублікі. Першыя створаны ў 1945 вакол гарадоў Асіповічы, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Вілейка, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Мазыр, Маладзечна і Мінск. Агульная пл. З.з. склала 1,246 млн.га (1994). Самая вял. вакол Мінска (радыусам да 80 км). Каля абл. цэнтраў З.з. радыусам да 30 км, раённых — 10 км. Праекты З.з. распрацоўваюцца БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Літ.:
Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗЯ́НКА,
рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Канцавая станцыя чыг. веткі ад лініі Мінск—Асіповічы. За 45 км ад Асіповіч. 700 ж. (1997).
Пасёлак узнік у пач. 20 ст. ў сувязі з лесанарыхтоўкай і апрацоўкай драўніны. Паводле перапісу 1917, у Градзянцы 359 ж., 67 двароў, на чыг. станцыі 35 ж., 10 двароў. Дзейнічалі лесапільны з-д, кравецкая арцель. З 1924 у Свіслацкім, з 1931 у Асіповіцкім р-нах. У 1926—54 цэнтр сельсавета, з 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1940 у Градзянцы 800 ж., 260 двароў. У Вял.Айч. вайну з канца чэрв. 1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю спалілі пасёлак, загубілі 350 ж. У 1962—65 у Бабруйскім р-не. У 1969 — 1300 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы мясц. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКАЯ (Ніна Васілеўна) (10.1.1914, г.Асіповічы Магілёўскай вобл. — 22.3.1986),
бел. гісторык. Чл.-кар.АН Беларусі (1959). Д-ргіст.н. (1959), праф. (1961). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1937). З 1944 ст.навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, дырэктар (1965—69) Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1962—64 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КЛ(б)Б, у 1969—74 прарэктар, заг. кафедры гісторыі БССР Мінскага пед. ін-та. Даследавала праблемы гісторыі Беларусі, Кастр. рэвалюцыі і ўсталявання сав. улады, грамадзянскай вайны ў Беларусі, утварэння БССР.
Тв.:
Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мн., 1946;
Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;
Первые социалистические преобразования в Белоруссии. Мн., 1957;
Белорусский народ в борьбе за Советскую власть (1919—1920 гг.). Мн., 1963;
Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Ми., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧУ́ЛІШЧЫ,
гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).
Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.С.Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.
Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТАЎ (Павел Іванавіч) (1.6.1897, в. Філісава Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобласці — 19.4.1985),
генерал арміі (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1927), акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1950). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Данскім, Сталінградскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах; камандзір стралк. корпуса, нам. камандуючага, камандуючы арміяй, нам. камандуючага войскамі Бранскага фронту. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. З кастр. 1942 камандуючы 65-й арміяй, якая ў кастр. 1943 фарсіравала Дняпро ў раёне Лоева, у 1943—44 вызваляла Рэчыцу, Мазыр, Бабруйск, Асіповічы, Слонім. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. З 1962 нач. штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. З 1965 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР У 1970—81 старшыня Сав.к-та ветэранаў вайны. Дэп. Вярх. СаветаСССР (1927—50, 1954—66). Аўтар кнігі ўспамінаў «У паходах і баях» (3 выд., 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСК,
гарадскі пасёлак, цэнтр Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Ала. На аўтадарозе Бабруйск—Магілёў. За 87 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Бярэзіна на лініі Асіповічы—Жлобін. 10,1 тыс.ж. (1998).
На месцы К. ў 19 ст. быў маёнтак Качэрычы Качэрыцкай вол. Бабруйскага пав., з ліп. 1924 у Старцаўскім с/с Бабруйскага р-на. Пасля ўтварэння Кіраўскага р-на 12.2.1935 (названы ў гонар С.М.Кірава), часовы цэнтр раёна — в. Старцы, 20.4.1939 перайменавана ў в. Кірава. Каля в. Старцы на месцы маёнтка пабудаваны пас. К., куды пазней перанесены раённы цэнтр. З 30.6.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 152 ж., дзейнічала антыфаш. група (кіраўнік Ц.С.Коржаў). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. У 1955 в. Кірава злілася з пас. К., з 17.11.1959 — гар. пасёлак.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Ільнозавод. 2 сярэднія, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСК,
гарадскі пасёлак у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.; чыг. ст. на лініі Мінск—Асіповічы; вузел аўтадарог на Вузляны, Дукору, Праўдзінскі. За 22 км ад Мар’інай Горкі (цэнтр раёна), 41 км ад Мінска. 3 тыс.ж. (2000).
У 19 ст. вёска ў Цітвянскай вол. Ігуменскага пав. З пабудовай у 1873 Лібава-Роменскай чыгункі — станцыя з пасёлкам. У 1888—14 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Смілавіцкага, з 8.7.1931 — Пухавіцкага, з 12.2.1935 — Рудзенскага, з 6.7.1935 — Смілавіцкага, з 11.2 да 27.9.1938 — Рудзенскага р-наў. З 12.2.1935 да 20.1.1960 цэнтр Рудзенскага раёна (з 6.7.1935 да 11.2.1938 раён быў перайменаваны ў Смілавіцкі). З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 30.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 4750 чал., дзейнічала Рудзенскае патрыятычнае падполле. З 20.1.1960 у Пухавіцкім р-не.
Працуюць з-д пластмасавых вырабаў, лясніцтва, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг; сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Радзіма пісьменніка М.Чарота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас.р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г.Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.