ІСМАІ́Л I (17.7.1487, г. Ардэбіль, Іран — 23.5.1524),
шах Ірана ў 1502—24, заснавальнік дынастыі Сефевідаў, палкаводзец. Пры ім тэр. дзяржавы Сефевідаў дасягнула найб. памераў: у 1503—10 падпарадкаваны амаль увесь Іран, Арменія, ч. Сярэдняй Азіі, Ірак Арабскі (страчаны ў 1514) і інш. Экспансія І. I на З прывяла да вайны паміж Сефевідамі і Асманамі; у бітве каля Чалдырана (1514) з войскам Селіма I армія І. I разбіта. Заахвочваў развіццё рамяства, гандлю, навукі, культуры, умацоўваў дзярж. апарат. Аб’явіў дзярж. рэлігіяй шыізм. Пісаў вершы пад псеўд. Хатаі.
т. 7, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),
моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).
К.В.Фамічэнка.
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСРО́П МАШТО́Ц (каля 362, с. Хацэкац, правінцыя Тарон, Арменія — 17.2.440),
армянскі вучоны, манах-асветнік; стваральнік арм. алфавіта (405—406), пачынальнік пісьменнасці, асветніцкага руху ў Арменіі. Адукацыю атрымаў у мясц. грэчаскамоўных школах. Валодаў некалькімі мовамі, у т. л. сірыйскай, перс., грэч. Займаўся прапаведніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю. Разам з вучнямі пераклаў з сірыйскай мовы на арм. Біблію (часткова), філас. і рэліг. творы. Аўтар кнігі хрысц. павучанняў, духоўных песень («шараканаў-пакаянняў», усяго каля 130). Арм. царквой прылічаны да святых.
Літ.:
Корюн. Житие Маштоца: Пер. с арм. Ереван, 1962.
А.Казінян.
т. 10, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІГ-БЭ́НД (англ. big band),
тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.Дорсі, А.Шоу, Ч.Уэба, К.Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.Гараняна, А.Крола (Расія), К.Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.
т. 3, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВАЯ́Н (Размік Нікагосавіч) (н. 3.7.1940, в. Мец Парні Спітакскага р-на, Арменія),
армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1964). Друкуецца з 1964. З 1994 старшыня СП Арменіі. Аўтар кніг вершаў і паэм «Мой свет» (1963), «Праз цені» (1967), «Рэквіем» (1969), «Соты» (1973), «Гарачыя пліты» (1978), «Медная ружа» (1983), «Выбранае» (1987), «Эпас юнацтва», «Каменная падушка» (абедзве 1989) і інш., у якіх шматграннае адлюстраванне духоўнага свету суайчыннікаў, асэнсаванне іх праблем і пошукаў, беражлівыя адносіны да традыцый класічнай арм. л-ры, багацце новых паэт. формаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1985. На бел. мову асобныя творы Даваяна пераклаў Р.Барадулін.
С.Арзуманян.
т. 5, с. 561
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЯ́НЦ (Хачатур Седракавіч) (26.9.1900, г. Гюмры, Арменія — 2.4.1961),
расійскі фізіёлаг. Чл.-кар. АН СССР (1939), акад. АН Арменіі (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), працаваў у ім і адначасова ў Ін-це марфалогіі жывёл імя А.М.Северцава АН СССР (з 1936). У 1946—53 дырэктар Ін-та гісторыі прыродазнаўства АН СССР. Навук. працы па праблемах эвалюцыі функцый і тэарэт. асновах эвалюц. фізіялогіі. Распрацаваў энзіма-хім. гіпотэзу ўзбуджэння. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Очерки по истории физиологии в России. М.; Л., 1946;
Основы сравнительной физиологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950—57.
т. 8, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗАНДАРА́Н (Татэвік Тыгранаўна) (н. 2.9.1916, с. Хндзорэск Гарыскага р-на, Арменія),
армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Скончыла вак.-драм. студыю пры Доме культуры Арм. ССР у Маскве (1937). Да 1971 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1961 выкладала ў кансерваторыі (з 1970 праф.) і адначасова з 1972 у Маст.-тэатр. ін-це ў Ерэване. У яе выкананні арганічна спалучаліся класічная і нац. манера выканання. Першая выканаўца партый у класічных і сучасных операх, у т. л. Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава), Назелі («Гераіня» А.Сцепаняна). Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІРЧА́Н (Дэрэнік Карапетавіч) (18.2.1877, г. Ахалкалакі, Арменія — 6.12.1956),
армянскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Арменіі (1940). Акад. АН Арменіі (1953). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі (1892—94). Скончыў тбіліскую семінарыю Нэрсісян (1897), Жэнеўскі ун-т (1909). Друкаваўся з 1893. Аўтар паэт. кніг «Вершы» (1899 і 1913), «Вясна» (1920). Найб. ярка яго талент выявіўся ў драматургіі і прозе. Пра гіст. мінулае арм. народа раманы «Вардананк» (т. 1—2, 1943—46), «Месроп Маштоц» (незавершаны, кн. 1, 1956). Аўтар п’ес «Фасфарычны прамень» (1932), «Напалеон Каркацян» (1934), прац па літаратура-, мова- і мастацтвазнаўстве, гістарыяграфіі. На бел. мову творы Д. пераклалі В.Лукша, М.Татур.
Д.Гаспаран.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІЯЗАРА́Н (Рыгор Егіязаравіч) (21.12.1908, с. Блур Сурмалінскага пав., цяпер Турцыя — 4.11.1988),
армянскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Арменіі (1961), нар. арт. СССР (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935, клас М.Мяскоўскага). З 1938 выкладаў у Ерэванскай кансерваторыі (з 1959 праф., у 1954—60 рэктар). У 1952—56 старшыня Саюза кампазітараў Арменіі. Сярод твораў: балеты «Севан» (1956), «Возера мрояў» (1968), «Ара Прыгожы і Семіраміда» (1972); для сімф. аркестра — сімфонія «Раздан» (1960), «Рапсодыя» (1939), паэма «Арменія» (1942), сімф. карціна «Да ўзыходу сонца» (1952); канцэрт для скрыпкі з арк. (1943); хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Аганесян. Дзярж. прэмія Арменіі 1970.
т. 6, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МКРТЧАН (Мгер) (Фрунзе) Мушэгавіч (4.7.1930, г. Гюмры, Арменія—1993),
армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1971). Нар. арт. Грузіі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1956). У 1946—53 працаваў у Ленінаканскім,драм. т-ры імя А.Мравяна. З 1956 у т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Мастацтву акцёра ўласцівы лірызм, спалучэнне камедыйнай імправізацыйнасці з пранікненнем ў характары герояў. Здымаўся ў кіно: «Каўказская палонніца», «Трохвугольнік» (абодва 1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Хатабала» (1971), «Айрык» (1972), «Наапет» (1977), «Міміно» (1978), «Аплявуха» (1980), «Песня мінулых дзён» (1982), «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» (1984). Дзярж. прэмія Арменіі 1967. Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)