дына́р

(ар. dinar, ад лац. denarius)

1) старажытная арабская залатая манета;

2) грашовая адзінка Алжыра, Ірака (роўная 1000 філсам), Іарданіі, Кувейта (роўная 10 дырхемам) і некаторых іншых краін;

3) разменная манета Ірана, роўная 1/100 рыяла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Табін, ст.-бел. табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус. табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс. tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск. дыял. tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням. Tabin ’тс’ з франц. tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп. tabí ’тс’ з араб. attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГУМІАРА́БІК

(ад гумі + лац. arabicus аравійскі),

камедзь арабская, празрыстая вязкая вадкасць, якую выдзяляюць розныя віды акацый і якая зацвердзявае на паветры. Уяўляе сабой комплекс поліцукрыдаў, у саставе якіх глюкоза, арабіноза, рамноза, глюкуронавыя к-ты. Раней гуміарабік выкарыстоўвалі ў медыцыне як сродак, што памяншае раздражненне слізістых абалонак пры выкарыстанні некат. лекаў, для прыгатавання пілюль і эмульсіі у прам-сці — у якасці клеючага рэчыва і як стабілізатар некат. злучэнняў. З развіццём хіміі палімераў гуміарабік практычна страціў сваё прызначэнне.

т. 5, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАЛТЭКІ́НСКАЯ ПАРО́ДА коней,

старажытная верхавая парода. Выведзена нар. селекцыяй на тэр. сучаснага Туркменістана. Зрабіла вял. ўплыў на сусв. конегадоўлю. Разводзяць у Расіі, Казахстане, Туркменістане, Германіі, ЗША. З удзелам ахалтэкінскай пароды выведзены арабская, чыстакроўная верхавая, тракененская і інш. пароды коней. На Беларусі выкарыстоўваецца ў селекцыі і конным спорце.

Зграбныя прыгожыя коні гнядой, буланай, вараной, рыжай і інш. масцей. Выш. ў холцы 156—158 см. Трывалыя на доўгіх дыстанцыях, рэзультатыўныя ў спаборніцтвах па выездцы. Рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,6 с.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГАС Уладзімір Фёдаравіч

(1835, г. Гродна — 1887),

расійскі ўсходазнавец-арабіст. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1858). З 1858 у Парыжы, у 1861—64 у Сірыі і Егіпце вывучаў арабскую мову, л-ру і культуру арабаў. Яго «Справаздача» аб паездцы (1864, рукапіс) — адна з першых у Расіі прац па араб. дыялекталогіі. З 1865 дацэнт, у 1873—85 праф. С.-Пецярбургскага ун-та. Аўтар навук. прац «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў» (1873), «Нарыс арабскай літаратуры» (1875), «Арабская хрэстаматыя» (вып. 1—2, 1875—76, разам з В.Р.Розенам), «Слоўнік да «Арабскай хрэстаматыі» і «Карана» (1881). Падрыхтаваў да выдання гіст. творы Абу Ханіфы ад-Дынаверы (выйшлі ў 1888).

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,

ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).

У.С.Кошалеў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЫ́ЙНАЯ МО́ВА,

мова, што выкарыстоўваецца для ўрадавых і інш. дзелавых патрэб. У сацыялінгвістыцы паняцце «афіцыйная мова» ўжываецца ў проціпастаўленні паняццю нацыянальная мова. І калі апошняя скіравана на ідэнтыфікацыю нацыі, згуртаванне народа ў адзіную нацыю, прызначэнне афіцыйнай мовы хутчэй утылітарнае, чым сімвалічнае. Неабходнасць выкарыстання абодвух тэрмінаў выклікана гіст., паліт., этнічнымі і інш. фактарамі, што вызначаюць моўную сітуацыю ў пэўнай краіне.

На практыцы абодва тэрміны ўжываюцца не строга, а ў адпаведнасці з паліт. мэтамі ўрада. Так, у Парагваі гуарані і ісп. мовы аб’яўлены нацыянальнымі, але іспанская — афіцыйная мова. У Танзаніі наадварот: нац. мова — суахілі, а суахілі і англ. — афіцыйныя мовы. У краінах, што лічаць сябе моналінгвальнымі (аднамоўнымі), — адна і тая ж мова служыць для абедзвюх мэтаў. У полілінгвальных (шматмоўных) дзяржавах адна з моў можа быць аб’яўлена нац. па паліт. меркаваннях — для замацавання нацыянальнасці (напр., іўрыт у Ізраілі, інданезійская ў Інданезіі). Але калі такая мова не ў стане задавальняць усе камунікатыўныя патрэбы краіны (урада) у знешніх і ўнутр. зносінах, пэўная мова прымаецца ў якасці афіцыйнай мовы (напр., арабская ў Ізраілі, французская ў Заіры, Чадзе). Афіцыйную мову выкарыстоўваюць у выпадку, калі выбар нац. мовы праблематычны (напр., у Індыі 14 нац. рэгіянальных моў прызнаны афіцыйнымі мовамі побач з англ. і хіндзі).

Значымасць нац. або афіцыйнай мовы можа быць замацавана ў юрыд. актах і дакументах (канстытуцыі, спец. законе аб мовах і інш.), ёй можа быць нададзены статус дзяржаўнай мовы.

А.Я.Міхневіч.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНСЕРЭ́) расійскія мастакі; бацька і сын.

Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыодёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.Талстога, М.Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольсхі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж прэмія СССР 1943.

Літ.:

Подобедова О.И. Е.Е.Лансере. М., 1961.

Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БЫ

(саманазва аль-араб),

група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн. чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.

Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст. н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл. Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл. Абасідаў халіфат), Каірскі (гл. Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст. араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст. араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч. тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СК,

араб. Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.

Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст. н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц. франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.

Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст. н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац. б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)