ЛЁГКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,

від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т. л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).

Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.

На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.Гараеў, Я.Гаўрыленка, М.Кіраў, У.Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.Іўчанка і П.Пачанчук; у трайным скачку А.Каваленка і І.Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.Шыкаленка, дыска У.Дуброўшчык, В.Капцюх і Э.Зверава; у сямібор’і Н.Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.Смяхнова (1983), А.Бялеўская (1987), У.Сасімовіч (1991), Я.Місюля (1991, 1995), С.Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.Духнова (1994).

Т.П.Юшкевіч.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́НІНА (Ларыса Сямёнаўна) (н. 27.12.1934, г. Херсон, Украіна),

украінская спартсменка (спарт гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер СССР (1972), суддзя міжнар. катэгорыі (1968). Скончыла Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1959). Ст. трэнер жан. зборнай каманды СССР (1966—77), дзяржтрэнер Маскоўскага спарткамітэта (1980—90). Уладальніца найб. колькасці медалёў (18) у гісторыі сучасных Алімп. гульняў, 9-разовая чэмпіёнка XVI, XVII і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія — у асабістым і камандным першынствах, апорных скачках, вольных практыкаваннях; 1960, Рым — у асабістым і камандным першынствах, вольных практыкаваннях; 1964, Токіо — у камандным першынстве і вольных практыкаваннях). Абс. чэмпіёнка свету (1958, 1962), Еўропы (1957, 1961), СССР (1961—62). Аўтар успамінаў «Гімнастыка праз гады» (1977).

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ТЭ́НІСЕ І НАСТО́ЛЬНЫМ ТЭ́НІСЕ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў Мінску ў 1996. Яго дзейнасць накіравана на падрыхтоўку спартсменаў і нац. каманд да Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы і інш. Каардынуе дзейнасць аддзяленняў спарт. дзіцяча-юнацкіх школ, вучылішчаў алімп. рэзерву і інш. Спарт. комплекс Н.ц. пабудаваны ў 1978 у Мінску. Мае 4 крытыя тэнісныя корты з трыбунай для 500 гледачоў, трэніровачную залу, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні, 13 адкрытых кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём), якія выкарыстоўваюцца для вучэбна-трэніровачных заняткаў, правядзення міжнар. і рэсп. спаборніцтваў. У цэнтры працуюць вучэбна-спарт. групы, трэнеры-выкладчыкі. Сярод выхаванцаў — пераможцы міжнар. спаборніцтваў Н.Зверава, В.Барабаншчыкава, У.Ваўчкоў, М.Мірны, У.Самсонаў і інш.

В.Я.Ржаных.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 19.10.1929, г. Дрэзна Маскоўскай вобл., Расія),

расійскі і армянскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1957), засл. трэнер СССР (1968), засл. дз. фіз. культ. Арменіі (1969). З 1972 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза сучаснага пяцібор’я і біятлона. Чэмпіён XVI і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія; 1964, Τόκιό) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у камандным і 1964 — у асабістым заліку). Чэмпіён свету ў асабістым і камандным (1957, 1958, 1959, 1961) і камандным (1962) заліку; сярэбраны прызёр у асабістым (1962, 1965) і камандным (1955, 1963, 1965) заліку; бронз. прызёр у асабістым заліку (1963). Чэмпіён СССР у асабістым заліку (1953, 1956, 1959, 1964).

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВІ́НСКАЯ (Белашапка) Таццяна Міхайлаўна

(н. 27.3.1958, г. Віцебск),

бел. спартсменка (баскетбол). Засл. майстар спорту СССР (1980). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1982). Чэмпіёнка Алімп. гульняў (1980, Масква), чэмпіёнка свету (1983), Еўропы (1973, 1985). З 1992 — трэнер спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (Мінск).

В.Л.Працкайла.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НІС ((Luganis) Грэгары) (н. ў студз. 1960, г. Сан-Дыега, ЗША),

амерыканскі спартсмен (скачкі ў ваду). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1983). Чэмпіён XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) і XXIV (1988, Сеул), сярэбраны прызёр XXIII (1984, г. Лос-Анджэлес, ЗША) Алімп. гульняў. Шасціразовы чэмпіён свету.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬЦА ((Balczó) Андраш) (н. 16.8.1939, с. Кандараш, Венгрыя),

венгерскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Алімпійскі чэмпіён у асабістым (1972) і камандных (1960, 1968) спаборніцтвах, чэмпіён свету ў асабістым першынстве (1963, 1965, 1966—67, 1969) і ў складзе каманды (1963, 1965—67, 1970). Неаднаразовы прызёр Алімп. гульняў і чэмпіянатаў свету.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІ́ЦКІ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 15.2.1959, г. Гродна),

бел. спартсмен (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). З 1977 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у камандным першынстве. Чэмпіён свету сярод юнакоў (1977), сярод дарослых (1979), чэмпіён VII летняй Спартакіяды народаў СССР (1979) у камандным першынстве.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЎЭНС ((Owens) Джэймс Кліўленд) (12.9.1913, г. Данвіл, штат Алабама, ЗША — 31.3.1980),

амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён XI Алімп. гульняў (1936, Берлін) у бегу на 100 і 200 м, скачках у даўжыню і эстафетным бегу 4 × 100 м. Рэкардсмен свету ў бегу на кароткія дыстанцыі (1935, 1936) і скачках у даўжыню (1935).

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Вікенцій Дзмітрыевіч) (н. 29.3.1931, с. Гаранава Ленінградскай вобл., Расія),

бел. трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Засл. трэнер СССР (1966). Засл. трэнер Беларусі (1964), засл. дзеяч фізічнай культуры Беларусі (1968). Засл. настаўнік Беларусі (1965). З 1966 старшы трэнер спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву (г. Віцебск). Сярод яго выхаванцаў алімп. чэмпіёнкі Т.Лазаковіч, Л.Петрык, чэмпіёнкі СССР Л.Аргучынская, С.Кудзінава, С.Маскалёва.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)