фільтр, ‑а, м.

Прыстасаванне або рэчыва для ачысткі вадкасцей або газаў ад непатрэбных прымесей. Фільтр процівагаза. Пясочны фільтр. Цыгарэты з фільтрам. // Спец. Прыбор для затрымкі пэўных прамянёў і пад. Электрычны фільтр. Акустычны фільтр.

[Фр. filtre ад лац. filtrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыяфо́н

(ад дыя- + -фон)

акустычны апарат, які прымяняецца на маяках для сігналізацыі ў час туману.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

sonic

[ˈsɑ:nɪk]

adj.

1) гукавы́; акусты́чны

2) з ху́ткасьцю гу́ку, які́ ма́е ху́ткасьць гу́ку

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ГУКАВА́Я КАЛО́НКА,

групавы акустычны выпрамяняльнік у выглядзе лінейнага ланцужка аднатыпных гучнагаварыцеляў (пераважна эл.-дынамічных), размешчаных у агульным корпусе. Бываюць магутнасцю ад 2 да 100 Вт, маюць 2—8 гучнагаварыцеляў. Выкарыстоўваюцца для агучвання вял. памяшканняў і плошчаў (канферэнц-залаў, стадыёнаў і інш.). Гукавая калонка з гучнагаварыцелямі розных тыпаў, кожны з якіх эфектыўна дзейнічае ў пэўнай паласе частот, наз. акустычнай сістэмай; выкарыстоўваецца для высакаякаснага гукаўзнаўлення ў прафес. і быт. апаратуры.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́ТАР (ад лац. resono адгукаюся),

вагальная сістэма, у якой могуць адбывацца ваганні найб. амплітуды (гл. Рэзананс) пры ўздзеянні знешняй сілы пэўнай частаты і формы.

Звычайна Р. адгукаецца на гарманічныя (сінусаідальныя) уздзеянні, частата якіх блізкая да частаты яго ўласных ваганняў. Пры несінусаідальных уздзеяннях у Р. ўзнікаюць ваганні складанай формы, аднак у спектры ваганняў пераважаюць частоты, блізкія да частот уласных ваганняў, напр., вагальны контур, аб’ёмны рэзанатар, аптычны рэзанатар, рэзанатар акустычны.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

akustyczny

akustyczn|y

акустычны;

warunki ~e sali — акустычныя ўмовы залы

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,

акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.

Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬТР (франц. filtre ад позналац. filtrum лямец),

прыстасаванне або збудаванне для фільтравання неаднародных сістэм (сумесей), у выніку чаго адбываецца іх раздзяленне (ачышчэнне), асвятленне, згушчэнне. Асн. элемент Ф. — фільтравальная перагародка, што вырабляецца з паперы, тканіны, метал. ці пластмасавай сеткі, спечаных парашкоў і інш. Выбар матэрыялу для перагародкі залежыць ад прызначэння Ф. Выкарыстоўваюцца для ачысткі раствораў (напр., мінер. солей, масел), для раздзялення рэчываў на фракцыі, ачысткі і асвятлення прадуктаў у тэхнал. сістэмах, водаправодных сетках і інш. Ф. наз. таксама вял. групу прыстасаванняў, што выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, напр. фільтр акустычны, святлафільтр.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАЗА́ПІС,

запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.

Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл. Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш. Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.

У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл. Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.

Літ.:

Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ. М., 1990;

Рождение звукового образа. М., 1985.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне пастаяннага току ці электрарухальнай сілы ў праводным асяроддзі (метал, паўправаднік) пад уздзеяннем бягучай ультрагукавой (УГ) хвалі. Адкрыты Г.​Вайнрахам і Х.​Дж.​Уайтам (ЗША, 1957) у монакрышталях германію. Паяўленне эл. току звязана з перадачай імпульсу (і адпаведна энергіі) ад гукавой хвалі электронам праводнасці. Пад уздзеяннем УГ хвалі ў правадніку ўзнікаюць лакальныя эл. палі, якія распаўсюджваюцца разам з хваляй і захопліваюць носьбіты зараду, што прыводзіць да ўзнікнення акустаэл. току. Акустычны эфект адносіцца да нелінейных эфектаў (гл. Нелінейная акустыка). Выкарыстоўваецца для вымярэння магутнасці УГ сігналу, частотных характарыстык УГ пераўтваральнікаў, для даследавання эл. уласцівасцяў паўправаднікоў.

У.​М.​Белы.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)