лінгвістычная тэорыя, якая грамат. катэгорыі мовы тлумачыць праз катэгорыі мыслення. Наз. таксама ўсеагульнай, агульнай, рацыянальнай, філас., аналітычнай граматыкай. Бярэ пачатак у грамат. уяўленнях антычнасці. Найб. поўна ўвасоблена ў граматыках 16—17 ст.: грамат. трактат «Мінерва, або Аб прычынах лацінскай мовы» Ф.Санчэса (Іспанія), «Гермес, або Філасофскае даследаванне, якое тычыцца мовы і універсальнай граматыкі» Дж.Харыса, «Тэорыя мовы» Дж.Біты (Англія) і інш.Найб. вядомая з такіх спроб — Пор-Раяль граматыка. У пэўнай ступені У.г. захоўваецца ў сучаснай т.зв. школьнай граматыцы.
У аснове пабудовы У.г. ляжыць даўняе ўяўленне пра мову як просты адбітак мыслення: слова — паняцце, сказ — суджэнне, часціны мовы — пэўныя катэгорыі мыслення і г.д. Такія суадносіны маюць месца, але яны не носяць абсалютнага несупярэчлівага характару, таму што сістэмна-структурная арганізацыя адзінак мовы мае ўласныя прынцыпы, свае законы пабудовы і ў мове ёсць таксама адзінкі плана выражэння, якія ўвогуле не суадносяцца з адзінкамі значэння (фанемы, склады) або фарміруюць іх уласнымі, «пазалагічнымі» сродкамі (безасабовы сказ, выклічнікі і інш.). З сярэдзіны 18 ст. адрозніваюць «граматыку навукі» (пераважана логікі) і «граматыку мастацтва». 1-я абавязкова выяўляецца ва ўсіх мовах як сродак мыслення, 2-я складае спецыфіку, адметнасць кожнай асобнай мовы. Гэтыя ўяўленні адыгралі ў гісторыі мовазнаўства станоўчую ролю, прывялі да складвання агульнага мовазнаўства, параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, тыпалагічнага мовазнаўства і прыватнага мовазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст. школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).
Літ.:
Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];
Древний Псков;
История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬСКІ Дзмітрый Браніслававіч (н. 25.7.1937, Мінск),
бел. кампазітар, педагог. Сын Б.С.Смольскага. Засл. дз. маст. Беларусі (1976). Нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). Вучань М.Пяйко, Ю.Фартунатава, А.Эйгеса. З 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1986 праф.). Творам уласцівы прыхільнасць да паглыбленай псіхалагічнасці вобразаў, экспрэсіўнасць, сістэмнасць кампазіцыйных сродкаў, што вылучае адметнасць яго творчасці ў сучасным муз. мастацтве. Значныя дасягненні ў розных жанрах (сімфонія, опера, араторыя і інш.) абумоўлены своеасаблівасцю творчай задумы і маст. дасканаласцю яе ўвасаблення з выкарыстаннем індывідуальна асэнсаваных сродкаў музыкі. Сярод твораў; оперы «Сівая легенда» (паст. 1978), «Францыск Скарына» (паст. 1980); араторыі «Мая Радзіма» (1970), «Паэт» (1980), камерная араторыя «Песні Хірасімы» (1966); вак.-сімф. цыкл «Бабін век», 10 сімфоній (1961—99), канцэрты для фп. (1995), цымбалаў (1961, 1974, 1983), канцэрціны для скрыпкі (1972) і віяланчэлі (1973), вак. цыклы, у т. л. на вершы Я.Купалы, Цёткі, Г.Ахматавай, А.Вазнясенскага, Я.Палонскага, Б.Пастарнака, М.Цвятаевай, Ф.Цютчава, Ф.Гарсія Лоркі; хар. цыкл на верш М.Танка, рамансы, песні, музыка да кінафільмаў, драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў А.Бандарэнка, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Кур’ян. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Літ.:
Ауэрбах Л.Д. Д.Смольский // Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы. М., 1978;
Сергіенка Р.І. Восьмая сімфонія Дз.Смольскага: Погляд на кампазіцыю і драматургію // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13;
Аладова Р. Откровения Дмитрия Смольского // Муз. академия. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДЭРА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙу Аргенціне.
Створана ў маі 1939. Заснавальнікі: культ.-асв.т-ва «Грамада», бел.т-ва «Культура», Т-ва б-кі імя І.Луцкевіча, бел.культ.т-ва «Белавежа». Паступова ў федэрацыю ўвайшло яшчэ 16 бел. эмігранцкіх арг-цый. Кіруючы орган — управа, якую ўзначальвалі М.Мярэчка, У.Гайлевіч, Я.Пятрушак. Выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». Члены бел. арг-цый, што ўваходзілі ў федэрацыю, займаліся на курсах ісп. мовы, вывучалі творы класікаў марксізму-ленінізму, удзельнічалі ў маст. самадзейнасці, антыўрадавых дэманстрацыях, мітынгах, забастоўках, уступалі ў Кампартыю Аргенціны. У пач. 2-й сусв. вайны пры федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, актывісты якога праводзілі кампаніі па зборы дабрачынных ахвяраванняў і адзення для адпраўкі ў СССР пад лозунгамі «На дапамогу сіротам», «За падзенне Берліна», «На будаўніцтва шпіталя «Мінск» і інш. Характэрная тэндэнцыя гэтага перыяду — паступовая русіфікацыя т-ваў. У сак. 1943 на 1-м Лацінаамерыканскім кангрэсе (Мантэвідэо, Уругвай), дзе прысутнічала 50 беларусаў з Аргенціны, быў утвораны Слав. саюз Аргенціны прасав., пракамуніст. арыентацыі. Пад яго ўплывам арг-цыі бел. эміграцыі пачалі страчваць сваю нац.адметнасць, змяняць назвы (бел.т-ва «Культура» стала «Бел. обществом им. Горького», Бел.культ.т-ва на Док Судзе — «Бел. обществом «Минск», Бел.т-ва ў Берыса — «Обществом Георгия Скорины» і гл.), узніклі новыя арг-цыі («Общество имени Л.Толстого» і інш.). У 1945 федэрацыя далучылася да Слав. саюза Аргенціны. У 1949 у выніку асуджэння Слав. саюза Аргенціны як антыдзярж. арг-цыі Ф.б.а. забаронена аргенцінскімі ўладамі.
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.Каяловіч, А.Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.Саланевічы, І.Бажэлка, Л.Паеўскі, часткова А.Сапуноў, Я.Карскі, Е.Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час.«Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел.нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час.«Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.
Літ.:
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд.Мн., 1993;
Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з найб. значных школ стараж.-рус. дойлідства 12—15 ст. Склалася ў г.Ноўгарад і яго ўладаннях у феад.перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—50; Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра, 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манум. прастатой і кампактнасцю аб’ёмаў. З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невял. 4-стаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці буд. матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкар. аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская і Успенская ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш. З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць арх. кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне, 1292; Успення на Волатавым полі, 1352). У 14—15 ст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкар. элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асн. аб’ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкар. крыжы і інш. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі, 1360—61; Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках, 1406). З 2-й пал. 15 ст. ў архітэктуры Н.ш.д. праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рус. цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рус. культуры.
Літ.:
История русского искусства. Т. 1. 2 изд. М., 1979;
Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982.
Г.А.Лаўрэцкі.
Наўгародская школа дойлідства. Царква са на Ільіне вуліцы. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.
Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПІСЬМЕ́ННІКА,
сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст. вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЕР (Becher) Іаганес Роберт (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел.пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш.бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Чаротам, К.Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.Бузук, С.Дзяргай, М.Дуброўскі, А.Зарыцкі, А.Звонак, А.Клышка, Я.Семяжон. Нац. прэмія імя І.В.Гётэ 1949, 1950.
Тв.:
Бел.пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;
[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Вяртанне да сябе. Мн., 1985;
Рус.пер. — Сонеты. М., 1960;
Стихотворения;
Прощание;
Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;
Избранное. М., 1974;
О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.
Літ.:
Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;
Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;
Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.Чарот і І.Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.