геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,
асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгр — т.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн. энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы для ўзбуджэння, прыёму, перадачы і паглынання акустычных хваляў. У акустаэлектроніцы як гукаправоды выкарыстоўваюцца матэрыялы з малымі акустычнымі стратамі ў рабочым дыяпазоне частот: шкло, сплавы на аснове магнію, плаўлены і крышт. кварц і інш.; у акустаоптыцы як святлогукаправоды — матэрыялы, празрыстыя ў адпаведнай вобласці аптычнага спектра, з малымі акустычнымі стратамі і з высокай акустааптычнай эфектыўнасцю ў рабочым дыяпазоне частот: свінцовае, тэлуравае, халькагеніднае шкло, крышталі паратэлурыту, малібдэну свінцу, фасфід і арсенід галію і інш. Для вырабу акустычных выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў выкарыстоўваюцца магнітастрыкцыйныя матэрыялы і п’езаэлектрычныя матэрыялы, у буд-ве — гукаізаляцыйныя і гукапаглынальныя матэрыялы, якія характарызуюцца малым каэфіцыентам адбіцця і вял. каэфіцыентам паглынання акустычных ваганняў на гукавых частотах (парапласты, мінер. вата, порыстая гума і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карэ́
(фр. carré = літар. квадрат)
1) баявое пастраенне пяхоты ў выглядзе чатырохвугольніка, якое прымянялася ў еўрапейскіх арміях 17—19 ст. для адбіцця атак кавалерыі;
2) перан. што-н. у форме чатырохвугольніка (напр. гарлавіна жаночай кашулі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,
сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф.адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл.Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
раздзел акустыкі, які вывучае гукавыя працэсы гал. чынам у закрытых памяшканнях. Выкарыстоўвае заканамернасць хвалевай, геам., статыстычнай акустыкі і электраакустыкі, даныя псіхафізіял. і слыхавога ўспрымання, стварае аптымальныя ўмовы чутнасці гаворкі, спеваў, музыкі ў аўдыторыях, кіна- і тэатр. залах, радыё-, тэле- і кінастудыях.
Адзін з асн. крытэрыяў акустычных якасцяў памяшканняў — час рэверберацыі (працягласць затухання гуку пасля спынення дзеяння яго крыніцы). Рэшткавае гучанне ўзнікае з-за шматразовага адбіцця гуку ад паверхняў памяшкання і размешчаных у ім прадметаў. Працягласць гучання расце з павелічэннем аб’ёму памяшкання, памяншаецца — з ростам гукапаглынання агараджальнымі канструкцыямі і мэбляй.
Задача акустычнага праектавання забяспечыць аптымальнасць часу рэверберацыі і аднолькава добрую чутнасць ва ўсіх пунктах памяшкання. Дасягаецца выбарам аптымальных памераў і формы памяшкання, агараджальных канструкцый і ўнутранай аддзелкі. У вял. залах выкарыстоўваюць электраакустычныя сістэмы гукаўзмацнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНЫЯ СІ́ЛЫ,
спецыяльныя воінскія фарміраванні пастаяннай баявой гатоўнасці, прызначаныя для адбіцця раптоўных удараў праціўніка, забеспячэння стратэг. разгортвання ўзбр. сіл дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), а таксама для іх узмацнення і вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага. Складаюцца з высокарухомых злучэнняў, часцей, падраздзяленняў і інш., гал. характарыстыкай якіх з’яўляецца мабільнасць. М.с. ўваходзяць у склад узбр. сіл многіх краін, у т. л. ў структуры ўзбр. сіл НАТО. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.с. створаны ў 1995 на базе часцей паветрана-дэсантных войск у складзе трох мабільных брыгад, падраздзяленняў сувязі і кіравання; на ўзбраенні маюць баявыя машыны дэсанта (БМД), бронетранспарцёры (БТР), баявыя машыны пяхоты (БМП) і інш. тэхніку. Асаблівасць М.с. — у спалучэнні аэрамабільнасці і агнявой моцы мотастралк. часцей і падраздзяленняў.
Літ.:
Вершалович Ю., Каршакевич Д. Мобильные силы ведут бой // Армия. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 16.7.1937, в. Адамаўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-рфіз.-матэм.н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959). З 1975 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. З 1987 нам. дырэктара Міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі пры БПА. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы (манаімпульсныя лазеры і лазеры хваляводнага тыпу). Выявіў (разам з Ф.І.Фёдаравым) новы від эл.-магн. хваль (гл.Неаднародныя хвалі). Прадказаў эфект узмацнення святла пры поўным адбіцці ад інверсных асяроддзяў і з’яву гістэрэзіснага адбіцця святла (аптычнай бістабільнасці). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах (разам з Ф.І.Фёдаравым) // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, вып. 6;
Отражение света от усиливающих и нелинейных сред. Мн., 1988 (разам з Б.Б.Бойкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла на аснове ўяўлення пра светлавыя прамяні як лініі, уздоўж якіх перамяшчаецца светлавая энергія. У аднародным асяроддзі прамяні прамалінейныя, у неаднародным скрыўляюцца, на паверхні раздзела розных асяроддзяў мяняюць свой напрамак паводле законаў пераламлення і адбіцця святла. Асноўныя законы геаметрычнай оптыкі вынікаюць з Максвела ўраўненняў, калі даўжыня светлавой хвалі значна меншая за памеры дэталей і неаднароднасцей, праз якія праходзіць святло; гэтыя законы фармулююцца на аснове Ферма прынцыпу.
Уяўленне пра светлавыя прамяні ўзнікла ў ант. навуцы. У 3 ст. да н.э.Эўклід сфармуляваў закон прамалінейнага распаўсюджвання святла і закон адбіцця святла. Геаметрычная оптыка пачала хутка развівацца ў сувязі з вынаходствам у 17 ст. аптычных прылад (лупа, падзорная труба, тэлескоп, мікраскоп), у гэтым асн. ролю адыгралі даследаванні Г.Галілея, І.Кеплера, В.Дэкарта і В.Снеліуса (эксперыментальна адкрыў закон пераламлення святла). У далейшым геаметрычная оптыка развівалася як дастасавальная навука, вынікі якой выкарыстоўваліся для стварэння розных аптычных прылад. Для атрымання нескажонага відарыса аптычнага лінзавая сістэма адпавядае пэўным патрабаванням: пучкі прамянёў, што выходзяць з некаторага пункта аб’екта, праходзяць праз сістэму і збіраюцца ў адзін пункт; відарыс геаметрычна падобны да аб’екта і не скажае яго афарбоўкі. Любая аптычная сістэма задавальняе патрабаванні, не звязаныя афарбоўкай, калі відарыс ствараецца параксіянальнымі прамянямі (бясконца блізкімі да аптычнай восі). Фактычна ў стварэнні відарыса ўдзельнічаюць шырокія пучкі прамянёў, нахіленыя да восі пад значнымі вугламі. У выніку наяўнасці аберацый аптычных сістэм яны не задавальняюць гэтыя патрабаванні. На аснове законаў геаметрычную оптыку памяншаюць аберацыі да дапушчальна малых значэнняў падборам гатункаў шкла, формы лінзаў і іх узаемнага размяшчэння. Для праектавання асабліва высакаякасных аптычных сістэм карыстаюцца таксама хвалевай тэорыяй святла.
Асн. палажэнні і законы геаметрычнай оптыкі выкарыстоўваюць пры праектаванні лінзавых аптычных сістэм (аб’ектывы, мікраскопы, тэлескопы і інш.), распрацоўцы і даследаванні лазерных рэзанатараў, прылад з валаконна-аптычнымі элементамі, факусатараў і канцэнтратараў светлавой, у т. л. сонечнай, энергіі, сістэм асвятлення і сігналізацыі ў аўтамаб., паветр. і марскім транспарце.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ.М., 1970;