ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.

ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́ства, ‑а, н.

1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.

2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уры́цца, урыюся, урыешся, урыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рыючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. (пра жывёл).

2. Схавацца ў вырытым паглыбленні або ў чым‑н. сыпкім; зарыцца. «Салавей» урыўся ў вялізны стог сена і адпачываў. Бядуля.

3. З сілай, на хаду урэзацца ў што‑н. [Аляксей:] — Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі. Мележ. [Косцік] шыўся далей, да гурбы каровак. Нехта штурхнуў яго так, што ён урыўся ў іх носам, яшчэ не ўспеўшы падняцца, пачаў адчыняць каробкі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фла́гман, ‑а, м.

1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).

2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.

3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.

4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.

[Гал. vlagman.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хістаць (у 1, 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. хістацца (у 1–3 знач.). Хістанне дрэў. □ І толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне адзначалі яе [Анежкі] рух. Броўка.

2. Няўстойлівасць, зменлівасць. Хістанні тэмпературы. Хістанне цэн.

3. перан. Нерашучасць, сумненне. Ці зайздросны мой лёс? Ці шчасліва жыву? Каб такое пытанне стаяла ў анкеце, — Я, сябры, без хістання б запоўніў графу: — Так, па-мойму, я — самы шчаслівы на свеце! Гілевіч. Рады творчаму плёну, Мы працуем натхнёна, У нашым руху хістанняў няма. Журба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціка́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўсё ўведаць, убачыць ва ўсіх падрабязнасцях. [Стрэлачнік] быў чалавек цікаўны і вельмі любіў прачуць сёе-тое. Колас. Цікаўныя суседкі адна за адной падбягалі зірнуць на Сташэвічаў лён. Чарнышэвіч. / у знач. наз. ціка́ўны, ‑ага, м.; ціка́ўная, ‑ай, ж. Вакол напіралі цікаўныя, падскаквалі, каб убачыць, каго злавілі. Хомчанка. Сабраліся члены прафкома, прафоргі і так цікаўныя. Карпюк. // Які выяўляе жаданне ўсё ўведаць, убачыць. [Раман] нават не заўважыў цікаўных і не вельмі спагадлівых позіркаў сваіх таварышаў па рабоце. Чарнышэвіч.

2. Які пашырае свой кругагляд, папаўняе веды; дапытлівы. Многаму навучыла яго [Тураўца] — уважлівага, цікаўнага — партыйная работа. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарэ́нь, ‑і, ж.

1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.

2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чупры́на, ‑ы, ж.

Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (у мужчын); чуб. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі старая салома, калі яе вецер павырывае. Карпюк. У хлопца чупрына спаўзла на бачок, Над скрыпкай засноўдалі рукі. Калачынскі. // Валасы наогул. І кучаравы [хлопец] быў, чупрына — як лаза густая! Мележ. Толькі ў чорнай чупрыне гусцей і бялей Пракідаюцца пасмы сівыя. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Векавыя дубы, клёны паднімаліся сваімі магутнымі чупрынамі ў самае неба. Новікаў. Недалёка стукаў чорны дзяцел (жаўна) з чырвонай чупрынай. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хматны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкада́,

1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.

2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.

3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)