МАЗЫ́РСКІ РАЁН.

На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 21,1 тыс. чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавідкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр. навук. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел. дзярж. маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

М.​А.​Капач, Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.

Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.​Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш. Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.​Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.​Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.​Саканян).

На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.​Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел. навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.​Сарахатунаў, В.​Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.​Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.​Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.​Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.​Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.​Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.​Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.​Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.​Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.​Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.​Пятроўскі) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ СХОД ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, нацыянальны сход Заходняй Беларусі,

вярхоўны орган нар. улады ў Заходняй Беларусі пасля яе ўз’яднання з БССР. Выбары ў Нар. сход адбыліся ў адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 1.10.1939 «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». У ёй вызначаліся мэты, час, працэдура арганізацыі і правядзення выбараў, а таксама пытанні, якія павінны быць вырашаны дэпутатамі сходу. Пастанова прадугледжвала правядзенне выбарчай кампаніі пад лозунгамі ўстанаўлення сав. улады на тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, уваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР і Зах. Украіны ў склад УССР, адабрэння канфіскацыі памешчыцкіх зямель, патрабавання нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сці. 1-му сакратару ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнку даручалася падрыхтаваць адпаведныя дэкларацыі па парадку дня Нар. сходу. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Нар. сходу прадастаўлялася сял. к-там, часовым упраўленням гарадоў, сходам рабочых на прадпрыемствах, членам рабочай гвардыі, прадстаўнікам інтэлігенцыі. Выбарчае права атрымалі ўсе грамадзяне, якім споўнілася 18 гадоў, незалежна ад сац. паходжання, маёмаснага стану, нац. прыналежнасці і папярэдняй паліт. дзейнасці. Рэальнае права выбіраць і быць абранымі атрымалі і жанчыны. Выбары праводзіліся на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Ад 5 тыс. выбаршчыкаў у Нар. сход выбіраўся 1 дэпутат. У выбарах, якія адбыліся 22.10.1939, з агульнай колькасці 2 763 191 выбаршчык у галасаванні ўдзельнічала 2 672 280 чал. (96,71%). Было абрана 929 дэпутатаў. Супраць галасавалі 247 245 выбаршчыкаў (9,3%), прызнаны несапраўднымі 14 932 бюлетэні. У 2 выбарчых акругах Высока-Мазавецкага пав. кандыдаты не атрымалі большасці, і выбары былі праведзены паўторна. Пасяджэнне Нар. сходу адбылося 28—30.10.1939 у Беластоку. Прысутнічала 926 дэпутатаў, з іх паводле сац. складу — 563 селяніны, 197 рабочых, 112 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 саматужнікаў; паводле нац. складу — 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 53 украінцы, 43 рускія і інш. Сярод дэпутатаў былі актыўныя ўдзельнікі рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, нар. паэты Беларусі Я.​Купала і Я.​Колас. Парадак дня: аб дзярж. уладзе (С.​В.​Прытыцкі); аб уваходжанні Зах. Беларусі ў склад БССР; аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сні. Сход адкрыў старэйшы дэпутат селянін С.​Ф.​Струг. Нар. сход аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чал. для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Зах. Беларусі ў склад СССР. Нар. сход абвясціў 17 верасня днём вызвалення працоўных Зах. Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў.

Літ.:

Народное (Национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРАЛІ́ЗМ (франц. naturalisme ад лац. natura) у літаратуры і мастацтве, літаратурна-мастацкі кірунак, які характарызуецца свядомай устаноўкай на аб’ектывізм і біялагізм, адмовай ад сац. аналізу рэчаіснасці або схільнасцю да выяўлення вонкавых, эмпірычных фактаў жыцця без маст. абагульнення. маральна-эстэт. ацэнкі і без пранікнення ў іх духоўную сутнасць. На розных этапах развіцця маст. культуры Н. выявіўся як схільнасць да капіравання жыцця, рэпартажу без маст. адбору і тыпізацыі (натуралістычныя элементы ў познарымскім выяўл. мастацтве, у жывапісе, л-ры, т-ры 19—20 ст.). Як асобны кірунак са сваёй праграмай (адмова ад выразнай ацэнкі быцця і мастацтва ў дыяпазоне палярных эстэт. катэгорый) аформіўся ў франц. л-ры 2-й пал. 19 ст. пад уплывам філасофіі пазітывізму (А.​Конт, І.​Тэн і інш.), эвалюцыйнай тэорыі ў прыродазнаўстве. На думку яго тэарэтыка Э.​Заля, задача мастацтва — даследаваць жыццё з той жа дакладнасцю і аб’ектыўнасцю, як гэта робіць навука. У творчасці прадстаўнікоў гэтай плыні (Заля, Г.​Флабер, Гі дэ Мапасан, А.​Дадэ, браты Ганкур і інш.) Н. аказаўся маст. прыёмам у рэаліст. аналізе жыцця. Руская натуральная школа ў л-ры (В.​Бялінскі, М.​Гогаль, І.​Тургенеў, Дз.​Пісараў, М.​Салтыкоў-Шчадрын і інш.) была этапам станаўлення крытычнага рэалізму. Пазней натуралістычная плынь выявілася ў прозе П.​Бабарыкіна, А.​Пісемскага, Дз.​Маміна-Сібірака, М.​Арцыбашава, у сав. л-ры — Б.​Пільняка, Ф.​Панфёрава і інш. пісьменнікаў, у познім акад. жывапісе. Дасягненні натуралістычнай школы мастацтва — набліжэнне мастацтва да навукі, майстэрства бытапісання, аналіз сац. структуры грамадства, залежнасці чалавека ад матэрыяльных умоў жыцця, выяўленне кантрастаў багацця і беднасці, класавых супярэчнасцей, дэмакр. тэндэнцыі ў л-ры, інш. відах мастацтва. Сучасная масавая культура, тыражаваная сродкамі кінематографа і відэатэхнікай, страціла пазітыўныя набыткі традыц. Н., у ёй дамінуе арыентацыя на агіднае, нізкае і камічнае, адбываецца парадаксальнае спалучэнне натуралістычнага бытапісальніцтва з прыёмамі сюррэалізму, плыняў постмадэрнізму.

У бел. мастацкай культуры Н. не аформіўся ў асобную плынь, несумяшчальную з яе арыентацыяй на дэмакр. асветніцтва і рамантычныя ідэалы дзярж. і духоўнага адраджэння нацыі. Па аналогіі з негатыўнымі рысамі Н. могуць ацэньвацца недахопы ранняй бел. паэзіі, тэатр. і выяўл. мастацтва (блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, этнаграфізм, павярхоўнае бытапісанне), якія абумоўлены супярэчнасцямі станаўлення маст. прафесіяналізму. Інш. прырода натуралістычных тэндэнцый у л-ры і інш. відах бел. мастацтва перыяду 1930—50-х г.: яны з’явіліся пад націскам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі, дагматычнай ідэалогіі і рэпрэсіўнай палітыкі. У апошнія гады натуралістычныя тэндэнцыі выявіліся ў адыходзе некат. пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў ад значных грамадскіх праблем, тэматычным абмежаванні творчасці вузка-прымітыўнымі сферамі мяшчанскага побыту.

Літ.:

Давид-Соважо А. Реализм и натурализм в литературе и искусстве: Пер. с фр. М., 1891;

Тагер Е.Б. Проблемы реализма и натурализма // Русская литература конца XIX — начала XX в. М., 1968.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГСКІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс над групай гал. нацысцкіх ваенных злачынцаў. Праводзіўся 20.11.1945—1.10.1946 у г. Нюрнберг (Германія), у Міжнар. ваен. трыбунале, створаным паводле Лонданскага пагаднення ад 8.8.1945 паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССР гал. абвінаваўцам выступаў Р.​А.​Рудэнка. Пад суд былі аддадзены 24 ваен. кіраўнікі фаш. Германіі: Г.​Герынг, Р.​Гес, І.​Рыбентроп, В.​Кейтэль, Р.​Лей (скончыў самагубствам у турэмнай камеры), Э.​Кальтэнбрунер, А.​Роэенберг, Г.​Франк, В.​Фрык, Ю.​Штрэйхер, В.​Функ, К.​Дзёніц, Э.​Рэдэр, Б. фон Шырах, Ф.​Заўкель, А.​Іодль, М.​Борман (судзілі завочна), Ф. фон Папен, А.​Зейс-Інкварт, А.​Шпеер, К.​Нейрат, Г.​Фрычэ, Г.​Круп (прызнаны невылечна хворым, яго справа спынена ў сувязі са смерцю). Адбыліся 403 адкрытыя суд. пасяджэнні, на якіх заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Геса і Фрыка), 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс. дакумент. доказаў, у т. л. пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў на тэр. Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пра знішчэнне сав. людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у 3 канцлагерах на тэр. Палескай вобл., расстрэлы жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Брэсцкай вобл. Віна падсудных у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваен. злачынстваў была даказана. Да пакаранню смерцю праз павешанне прыгавораны Герынг, Рыбентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтэнбрунер, Штрэйхер, Іодль, Заўкель, Зейс-Інкварт, Борман (завочна), да пажыццёвага турэмнага зняволення Гес, Функ, Рэдэр, да турэмнага зняволення на 20 гадоў Шырах і Шпеер, на 15 — Нейрат, на 10 — Дзёніц, апраўданы Папен, Фрычэ, Я.​Шахт. Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі дзярж. тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі і яе ахоўныя атрады (СС). На прыгавор чл. трыбунала ад СССР заявіў асобную думку: Папен, Фрычэ і Шахт апраўданы беспадстаўна, да Геса павінна быць ужыта пакаранне смерцю, беспадстаўна адмоўлена прызнаць злачыннымі арг-цыямі генштаб і ўрадавы кабінет. Прыгавор да пакарання смерцю здзейснены ў ноч на 16.10.1946, целы пакараных і Герынга (скончыў самагубствам перад пакараннем смерцю) сфатаграфаваны, спалены і прах развеяны. Так упершыню ў гісторыі былі пакараны арганізатары агрэсіўнай вайны, агрэсія прызнана найцяжэйшым міжнар. злачынствам. На працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя дзеянні нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна гал. кіраўнікоў фаш. Германіі ў арганізацыі і ва ўчыненні найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Прынцыпы міжнар. права, што ўтрымліваюцца ў Статуце трыбунала і выказаныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН ад 11.12.1946.

Літ.:

Нюрнбергский процесс: право против войны и фашизма. М., 1995;

Нюрнбергский процесс: Сб. материалов: В 8 т. Т. 1—5. М., 1987—91.

І.​І.​Пацяружа.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОСТ», генеральны план «Ост», кодавая назва праграмы ням фаш. захопнікаў па каланізацыі і германізацыі Усх. Еўропы. Распрацаваны гал. упраўленнем імперскай дзярж. бяспекі. 1-ы варыянт датычыў у асн. тэр. Польшчы. Пасля нападу на СССР былі распрацаваны асн. фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізацыі акупіраваных тэрыторый. Адзін з яго варыянтаў знойдзены ў 1970-я г. пры інвентарызацыі ням. ваен. дакументаў у нац. архіве ЗША. Першапачаткова намячалася «высяленне» 31 млн. чал., потым зроблена ўдакладненне — 46—51 млн. чал., у т. л. 75% беларусаў. Прадугледжвалася з Польшчы, зах. раёнаў СССР за 25—30 пасляваенных гадоў перасяленне ў Зах. Сібір, на Паўн. Каўказ, у Паўд. Амерыку каля 31 млн. славян, а таксама значнай часткі насельніцтва Прыбалтыкі. Каланізацыі і амаль поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобл.), Готэнгаў (Крым і Херсонская вобл.). У адносінах да славянскага насельніцтва меркавалася знішчыць інтэлігенцыю (носьбіта культуры народа); стэрылізацыяй і інш. спосабамі штучна паменшыць нараджальнасць, агульнаадук. ўзровень народа звесці да ўмення чытаць і лічыць. Планавалася стварыць 4 рэйхскамісарыяты: «Балтэнланд» («Остланд»), «Украіна», «Каўказ» і «Расія» («Масковія»). Масква падлягала зруйнаванню (разам з насельніцтвам), Ленінград пераймяноўваўся ў г. Адольфсбург. «Кіраваць» захопленай тэр., паводле плана ням. ген. штаба, прызначаліся 56 дывізій. Для рэалізацыі плана «О.» меркавалася стварыць 36 пасяленскіх апорных пунктаў, з іх 14 на Беларусі і ў Прыбалтыцы. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць у якасці рабочай сілы 100 тыс. мясц. жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс. і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс. і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс. і 40 тыс., Полацку — 10 тыс. і 20 тыс., Гродне — 10 тыс. і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс. і 20 тыс., Барысаве і Навагрудку па 5 тыс. і 15 тыс. і г.д. Усяго ў 20 гарадах Беларусі прадугледжвалася пасяліць больш за 200 тыс. каланістаў. У Мінску планавалася буд-ва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваен. кіраўніцтва, жандармерыі і інш. карных органаў, турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў і спец. пад’язнымі пуцямі. У час акупацыі праводзілася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На Беларусі з 9200 вёсак, спаленых гітлераўцамі, больш за 5290 знішчаны разам з усімі або значнай часткай жыхароў. За гады акупацыі фашысты загубілі на Беларусі больш за 2,2 млн. грамадзян, каля 380 тыс. вывезлі ў Германію. Актыўны падп. і партыз. рух, разгром фаш. Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць план «О.». Гл. таксама Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці.

Літ.:

Преступные цели — преступные средства: [Сб. док.]. 3 изд. М., 1985;

Безыменский Л.А. Генеральный план «Ост»;

замысел, цели, результаты // Вопр. истории. 1978. № 5;

Яго ж. Разгаданные загадки третьего рейха, 1933—1941. [Ч. 1—21. 2 изд. М., 1984.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),

Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).

Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).

Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр. ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс. ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.

Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.​Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.​М.​Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.​Такі Абдул-Карым. К.А. — чл. ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.

Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн. дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс. т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн. кВтгадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн. дол., імпарт — 40,9 млн. дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн. гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.

І.​Я.​Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.
Да арт. Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.​Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.​Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус. рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш. Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.​Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.​Рахманінава, «Тры пальмы» А.​Спендыярава) і рамансавай (А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).

Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.​Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.​Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.​Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.​Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.​Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.​Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.​Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.​Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.​Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.​Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял. Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.​Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.​Колас, А.​Зарыцкі, А.​Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.​Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.​Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.​Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.​Зуёнак, П.​Макаль, Я.​Міклашэўскі (Я.​Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.​Броўка, М.​Танк, Я.​Брыль, С.​Грахоўскі і інш.

Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.​К.​Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл. драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл. драм. т-р (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986;

Соч. Т. 1—2. М., 1988—90;

Избр. соч. М., 1994;

Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.

Літ.:

М.​Ю.​Лермонтов в русской критике. М., 1985;

Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;

М.​Ю.​Лермонтов: Проблемы идеала. Куйбышев, 1989;

Лермонтовская энциклопедия. М., 1981.

С.​Ф.​Кузьміна, У.​В.​Гніламёдаў, В.​А.​Ракіцкі (тэатр).

М.Ю.Лермантаў. Мастак П.​Забалоцкі. 1837.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСО́НСТВА,

франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял. брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.​Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць ўдзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.

У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн. чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б. СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.​С.​Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».

Літ.:

Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;

Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;

Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;

Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;

Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.

М.​Я.​Рыбко.

т. 10, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar),

Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс. км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс. км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г. Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.

Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °Cліп.) да 27—33 °Cстудз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш. Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. г. Антананарыву — 1053 тыс. чал. (1997). Больш за 100 тыс. ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.

Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр. ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.​Дыяш (1500) і Ф.​Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыянампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.​Цырананам.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.​Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх. рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.​Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.

Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.

На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.

Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш. Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн. дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мадагаскара.
Да арт. Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.
Да арт. Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)