ПЕРАЛІВА́ННЕ КРЫВІ́ гематрансфузія,

увядзенне ў крывяносную сістэму хворага (рэцыпіента) крыві здаровага чалавека (донара); эфектыўны лек. метад. Выкарыстоўваюць у хірург. практыцы, пры крывацёках, раненнях, шоках, апёках, анеміях, лейкозах, гемафіліі і інш. Адрозніваюць прамое П.к. (непасрэдна ад донара), непрамое (кансерваваная кроў), аўтагематрансфузію (уліванне хвораму ўласнай крыві), абменнае (частковае або поўнае выдаленне крыві з сасудзістага рэчышча хворага з адначасовым замяшчэннем яе адэкватным аб’ёмам донарскай крыві). Пералітая кроў аднаўляе нармальны кровазварот і газаабмен, спыняе крывацёк, уплывае на абмен рэчываў і кроваўтварэнне, звязвае таксіны ў арганізме. Пераліваюць таксама плазму крыві, клетачныя кампаненты крыві (эрытрацытарная, трамбацытарная, лейкацытарная масы і інш.), кровазаменныя вадкасці. Пры П.к. абавязкова ўлічваюцца групы крыві. На Беларусі даследаванні па П.к. вядуцца ў Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчым інстытуце.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАНАСЕ́ЛЕНАСЦЬ экалагічная,

часовы стан экасістэмы, пры якім колькасць асобін пэўнага віду перавышае ёмістасць асяроддзя для гэтага віду і з’яўляецца для яго лімітуючым фактарам.

У прыродных экасістэмах П. узнікае пры асабліва спрыяльных умовах размнажэння ці выжывання асобных відаў раслін ці жывёл. Непазбежна выклікае дэпрэсію колькасці інш. звязаных з імі відаў, а потым (праз самарэгуляванне колькасці папуляцыі) і дэпрэсію колькасці саміх перанаселеных відаў. У выніку П. ўзмацняецца біяцэнатычны адбор, які завяршаецца адноснай стабілізацыяй колькасці. У антрапагенных экасістэмах можа стварацца і падтрымлівацца мэтанакіравана пад кантролем чалавека (напр., на запаведных тэр. часам падтрымліваецца празмерна высокая шчыльнасць капытных з мэтай іх захавання і ўзнаўлення). Пры гэтым можа наносіцца свядомая шкода інш. кампанентам экасістэм (натуральнаму самааднаўленню лесу, пасевам с.-г. культур і інш.).

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КУЛЕЎ (Анатоль Цімафеевіч) (10.10.1931, ст. Глазуноўская Валгаградскай вобл., Расія —27.8.1993),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Д-р біял. н. (1971), праф. (1972). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Валгаградскі мед. ін-т (1955). З 1961 у БДУ (з 1964 заг. кафедры). Навук. працы па біяхім. механізмах дзеяння іанізавальнай радыяцыі, камбінаваным уплыве фіз. і хім. фактараў на абмен рэчываў чалавека і жывёл, распрацоўцы лек. прэпаратаў з радыепратэктарным і антыаксідантным дзеяннем.

Тв.:

Роль надпочечников в биохимических сдвигах при действии малых доз ионизирующей радиации. Мн., 1969 (у сааўт.);

Метаболические сдвиги в митохондриях облученного организма, связанные с циклом трикарбоновых кислот. Мн., 1977 (разам з Л.​С.​Чаркасавай, М.​Ю.​Тайцам).

Да арт. Піктаграфічнае пісьмо. Піктаграфічны расказ эскімоса пра ўдалае паляванне.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),

колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет пасля меёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЫ́БЫ,

аб’екты рыбалоўства і рыбаводства, якія выкарыстоўваюцца чалавекам для харчавання і атрымання прадуктаў тэхн. перапрацоўкі (кармавая мука, рыбін тлушч, арган. тукі, скура, клей і інш.). Асн. П.р.: акулы, акунёвыя, асятровыя, камбалавыя, карпавыя, кефалевыя, ласасёвыя, селядцовыя, скарпенавыя (марскі акунь), скумбрыевыя, сомавыя, стаўрыдавыя, трасковыя, тунцовыя і інш. Адрозніваюць асн. (шматлікія) і пабочныя (нешматлікія) віды П.р., колькасць якіх залежыць ад экалагічных умоў вадаёма і можа змяняцца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На Беларусі каля 40 відаў П.р. У прамысл. уловах пераважаюць плотка, лешч, шчупак, карась, акунь, гусцяра, карп (сазан) і інш. Гадавы ўлоў азёрна-рачной рыбы 966 т (з азёр 608 т, з рэк 203 т, з вадасх. 155 т); з сажалак каля 4,5 тыс. т, пераважна карпа (1999).

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ШКО́ДНАСЦІ,

фактары працоўнага працэсу і вытворчай сферы, якія аказваюць прамое або ўскоснае неспрыяльнае ўздзеянне на стан здароўя і працаздольнасць чалавека. Могуць выклікаць прафесійныя хваробы. Да П.ш. належаць хім. (таксічныя рэчывы і інш.), фіз. (шум, вібрацыя, ультрагук, іанізаваныя, лазерныя і інш. выпрамяненні, электрамагнітныя палі і інш.), біял. (узбуджальнікі інфекц. захворванняў, гармоны, антыбіётыкі і інш.) фактары; вымушанае нязручнае становішча цела ў час працы, нерв.-псіхічнае, зрокавае, слыхавое напружанне і інш. Падзяляюць на 2 групы: небяспечныя фактары, якія выклікаюць вострае парушэнне здароўя і гібель арганізма і шкодныя фактары, якія аказваюць адмоўны ўплыў на працаздольнасць або выклікаюць прафес. хваробы. Пры ўдасканаленні ўмоў працы П.ш. могуць памяншацца або ліквідавацца. З мэтай прафілактыкі П.ш. праводзяцца перыяд. мед. агляды працуючых.

М.​В.​Шчавелева.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕГІГІЕ́НА (ад радые... + гігіена),

раздзел медыцыны, які вывучае ўплыў іанізавальных выпрамяненняў на здароўе чалавека і распрацоўвае меры процірадыяцыйнай аховы. Аб’ядноўвае 4 асн. кірункі: дазіметрычны (вывучэнне крыніц і доз апрамянення), радыебіял. (вывучэнне эфектаў уздзеяння радыяцыі на арганізм), гігіенічны (рэгламентаванне ўзроўняў дапушчальнага апрамянення) і санітарна-арганізац. (распрацоўка канкрэтных мер процірадыяцыйнай аховы). Падзяляецца на Р. працы і камунальную. Вывучае натуральны і тэхнагенны павышаны фон іанізавальнага выпрамянення, мед. радыяцыйную надбаўку за кошт дыягнастычных і лячэбных працэдур, уплыў павышанага радыяцыйнага фону на здароўе насельніцтва, умовы і асаблівасці фарміравання радыяцыйных абставін на рабочых месцах, распрацоўвае мерапрыемствы па ахове насельніцтва пры радыяцыйных аварыях, вывучае заканамернасці міграцыі радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе і інш. Рэкамендацыі па гігіенічным нарміраванні іанізавальных выпрамяненняў распрацоўвае Нац. камісія Беларусі па радыяцыйнай ахове.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),

1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.

2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мара́зм

(гр. marasmos = знясіленне)

1) стан поўнага ўпадку псіхічных і фізічных сіл чалавека, што развіваецца ў глыбокай старасці або ў выніку працяглай хваробы;

2) перан. упадак, разлажэнне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

меланацы́ты

(ад гр. melas, -anos = чорны + -цыты)

пігментныя клеткі жывёл і чалавека, якія сінтэзуюць меланін, абумоўліваючы чорную, карычневую, шэрую і рыжую афарбоўку покрываў і ўнутраных абалонак цела.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)