БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав.ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял.кн.літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс.ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс.чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс.чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтрміжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст.цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́,
горад, сталіца Азербайджана. Размешчаны на Пд Апшэронскага п-ва. 1757 тыс.ж. (1992). Чыг. вузел. Порт на Каспійскім м. Паромная пераправа Баку—Краснаводск. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1967). Нафта- і газаздабыўная (гл.Бакінскі нафтагазаносны раён), нафтаперапр., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, каўстычнай соды і інш.), машынабуд. і металаапр. (нафтавае абсталяванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і быт. машынабудаванне; судна-, вагона- і аўтарамонт), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая), харч.прам-сць. ДРЭС. АН Азербайджана. 13 ВНУ (у т. л.Азерб.ун-т). 6 тэатраў, 28 музеяў.
Упершыню ўпамінаецца як горад у 9—10 ст. Ужо тады ў Баку здабывалі нафту. З 2-й пал. 12 ст. рэзідэнцыя шырваншахаў, значны порт. У 1540 захоплены войскамі Сефевідаў дзяржавы, з канца 16 ст. пад уладай Турцыі, на пач. 17 ст. — Ірана. У час Персідскага паходу 1722—23 заняты рус. войскамі, у 1735 вернуты Ірану. З 1747 цэнтр Бакінскага ханства. У 1806 далучаны да Расіі. У 1918—20 у Азербайджане, у т. л. ў Баку, ішла жорсткая барацьба за ўладу (гл.Бакінская камуна, Бакінскія камісары, Цэнтракаспій і інш.). З 1920 сталіца Азербайджана.
Стараж. частка Баку з вузкімі вулачкамі ў 12 ст. была абнесена сценамі з ровам; на яе тэр. — мінарэт Сынык-Кала (1078—79), Дзявочая вежа, Шырваншахаў палац, мінарэт Джума-мячэці (14 ст.) і інш. У Бакінскай бухце — затоплены замак шырваншахаў (1235), захаваўся манум. фрыз з надпісамі, стылізаванымі выявамі людзей, жывёл, фантаст. істот. У 1810 вакол стараж. часткі пачалася рэгулярная забудова. Будынкі 2-й пал. 19 ст. маюць эклектычны характар. У 1950—80 рэканструяваны стараж. раёны, сфарміраваны новы цэнтр горада і плошчы, пабудаваны Дом урада (1952), комплекс будынкаў Акадэміі навук (1951—66), цырк (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978), Палац радасці «Гюлістан» (1980), паштамт (1982), станцыі метрапалітэна і інш. Помнікі Нізамі, Фізулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Dubrovnik),
горад у Харватыі. Каля 50 тыс.ж. (1994). Порт на беразе Адрыятычнага м. Чыгункай і аўтадарогамі звязаны з Босніяй і Герцагавінай. Харч.прам-сць. Стараж.культ.цэнтр (Дуброўніцкі архіў, з 1628 сталы тэатр); з 1956 штогадовыя летнія тэатр. фестывалі. Прыморскі кліматычны курорт і цэнтр турызму. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для лячэння хвароб органаў дыхання (у т. л. бранхіяльнай астмы), сардэчна-сасудзістых, алергічных хвароб скуры і інш. Старая частка Д. — цэласны гарадскі комплекс 14—18 ст. з палацамі і манастырамі эпохі Адраджэння, у т. л. палацы Княжацкі двор (2-я пал. 15 ст.) і Дывона — б. мытня і манетны двор (1516—21), манастыры — францысканскі (1-я пал. 14 ст.) і дамініканскі (14—15 ст.), цэрквы ў стылі барока (17 і 18 ст.) і інш. Пашкоджаны землетрасеннем 1979. Моцна разбураны ў час сербска-харвацкай вайны 1991—92. Стары горад Д. уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 7 ст. славянамі. З 9 ст. да 1205 пад уладай Візантыі. У 1205—1808 самаст. камуна-рэспубліка (Дуброўніцкая рэспубліка, уключала горад, ч. ўзбярэжжа на ПнЗ ад яго, п-аў Пелешац, а-вы Шыпан, Ластава, Млет і інш.); васал (плаціла даніну) Венецыі (1205—1358), Венгрыі (да 1526), Турцыі (1526—1806). Культ. росквіт («паўд.-слав. Афіны») прыпадае на 14—17 ст., эканам. (мараходства, марскі і сухап. гандаль, мясц. рамёствы) — на 16—17 ст. Пасля землетрасення 1667 паступова заняпаў. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі, у 1815—1918 пад уладай Аўстрыі. З 1919 у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія): У 2-ю сусв. вайну акупіраваны войскамі фаш. Італіі (крас. 1941 — канец 1944). Пасля распаду саюзнай Югаславіі застаўся ў складзе Харватыі.
Літ.:
Rapacka J. Rreczpospolita Dubrownicka. Warszawa, 1977;
Фрейденберг М.М. Дубровник и Османская империя. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т НАДЗЕ́ЙНАСЦІ МАШЫ́ННацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1957 пад назвай Ін-т машыназнаўства і аўтаматызацыі АНБССР. У 1963—64 у сістэме Дзярж.к-та па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, у 1965—70 — у сістэме Мін-ва станкабудавання інстр. прам-сці СССР (наз.Эксперым.НДІ машыназнаўства), з 1971 — у сістэме Нац.АН Беларусі. У ін-це (1998) н.-д.цэнтр, 14 лабараторый, 3 аддзелы, цэнтр па сертыфікацыйных выпрабаваннях, КБ з доследнай вытв-сцю, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: распрацоўка тэорыі прагназавання і метадаў павышэння надзейнасці і бяспечнасці вырабаў і вытв-сцей машынабудавання (станкоў, аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын), аптымізацыі іх структур і канструкцый, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій забеспячэння надзейнасці, стварэнне метадаў і сродкаў паскораных выпрабаванняў і тэхн. дыягностыкі вырабаў машынабудавання. Ін-т разам з БПА заснаваў Бел.нац. камітэт па тэорыі машын і механізмаў і новы тэхн. камітэт надзейнасці машын і механізмаў у межах Міжнар. федэрацыі па тэорыі машын і механізмаў (правадз. член гэтай федэрацыі з 1995), а таксама навук. школы: стварэння метадаў прагназавання параметраў надзейнасці машын, механізмаў, механатронных сістэм; стварэння і даследаванняў новых эфектыўных метадаў і сродкаў вібрааховы і павышэння надзейнасці мех. сістэм; стварэння сістэм прыводаў машын, ацэньвання надзейнасці гідраўл. прыводаў і гідрааўтаматыкі, распрацоўкі методык паскораных выпрабаванняў гідрапрыводаў; фіз. асноў і сучасных метадаў умацавальных пакрыццяў і хім.-тэрмічнай апрацоўкі. Выдадзена 30 манаграфій; атрымана больш за 1100 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на новыя канстр. і тэхнал. распрацоўкі; распрацаваны камплект электроннай і рэнтгенаграфічнай апаратуры для фіз. даследаванняў і мікраструктурнага аналізу матэрыялаў, а таксама выпрабавальныя стэнды з мікрапрацэсарнымі дыягнастычнымі сістэмамі. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (1986). У Ін-це працавалі чл.-кар.АН Беларусі Н.М.Дарожкін, В.М.Трэер, І.С.Цітовіч; працуе чл.-кар.Нац.АН Беларусі А.В.Бераснеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,
навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.
На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.К.Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.А.Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.І.Пераход, Г.М.Высоцкі, С.П.Мельнік, Д.І.Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел.НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац.АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел.тэхнал.ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі, у запаведніках.
Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПЯРО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (22.5.1900, в. Ізабалёва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. —26.12.1937),
бел. краязнавец, лексікограф, мастацтвазнавец і літаратуразнавец. Вучыўся ў Мінскім бел.пед. ін-це (1918—20), БДУ (1921—22). Скончыў Мінскі ін-тнар. асветы (1921). У 1917—21 настаўнічаў у Ігуменскім пав., у 1919—20 інструктар Часовага бел.нац.к-та і Цэнтр.бел. Школьнай рады, арганізатар і 1-ы старшыня ігуменскіх павятовых бел.нац.к-та і школьнай рады. Член арг-цый «Маладая Беларусь», Мінскага т-ва гісторыі і старажытнасцей, партыі бел. эсэраў (у 1918—24). З 1921 інструктар Наркамасветы БССР. З 1922 інспектар Слуцкага, з 1924 — Віцебскага аддзелаў нар. асветы. З 1926 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час.«Наш край». У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў. З 1935 выкладаў у Новасібірску. У 1937 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 і 1960. Пісаў пра гісторыю краязнаўства на Беларусі, яго задачы і методыку, даследаваў гісторыю бел.выяўл. мастацтва, архітэктуру: артыкулы «Беларускае малярства ў Польшчы» (1925), «Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідства» і «Мінск у графіцы А.М.Тычыны» (абодва 1927) і інш. Аўтар нарысаў па гісторыі тэатра, навукі: «Беларуская навука да Кастрычніка і пасля яго» (1927), «Беларуская культура: Да дзесяцігоддзя абвяшчэння БССР» (1928), «Уладзіслаў Галубок» (1929). Склаў бібліяграфію твораў К.Каганца, даследаваў асобныя праблемы развіцця бел. л-ры: артыкулы «Матывы барацьбы ў творчасці М.Багдановіча» (1927), «Беларуская літаратура ў Латвіі» (1928). Укладальнік першага бел. дапаможніка па тэорыі л-ры «Узоры для літаратурных гурткоў пры «Маладняку» і гурткоў селькораў» (1927). Выдаў «Беларуска-расійскі слоўнічак» (1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» і «Слоўнічак уласных найменняў» (1927).
Тв.:
Беларуская архітэктура. Віцебск, 1925;
Матэрыялы для вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Мн., 1927;
Краязнаўства. Мн., 1929.
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 141—162.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пд Віцебскай вобл., паўд.-ўсх.ч.Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Працягласць з Пн на Пд 20 км, з 3 на У ад 6 км (на Пн) да 24 км (на Пд). Найб.выш. 279 м (за 6 км на ПнУ ад в. Новыя Валосавічы Лепельскага р-на. У тэктанічных адносінах Л.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. схілу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкавым чахлом з парод верхняга пратэразою, верхняга дэвону і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 70—100 м) складзена з адкладаў бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны на Пн паазерскім, на астатняй тэрыторыі сожскім ледавікамі. Ледавікова-акумуляцыйны сярэдне- і буйнаўзгорысты рэльеф пашыраны ў цэнтры і на У узвышша. Валападобныя і купалападобныя марэнныя ўзгоркі выш. 15—30 м, радзей 40 м утвараюць грады, арыентаваныя на ПнУ, на У — у паўд.-ўсх. напрамку. Узгоркі і грады падзяляюцца лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод; характэрны западзіны тэрмакарставага і суфазійнага паходжання. На крайнім У трапляюцца невял. азёрныя катлавіны. У зах.ч. ўзвышша дробнаўзгорысты, месцамі платопадобны рэльеф з ваганнямі адносных вышынь да 5—10 м. Узвышша складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу. У цэнтр.ч. маламагутнае покрыва (да 0,5 м) з лёсападобных суглінкаў. Рачная сетка належыць да бас.Зах. Дзвіны. Гал. рэкі Свядзіца і Байна (прытокі Эсы), Ула, Лукомка. Азёры Турыцкае, Сарочынскае, Слідзец і інш. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя, сярэднеападзоленыя на лёсападобных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых лёгкіх суглінках, дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя глебы на сярэдніх і лёгкіх марэнных суглінках, дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на водна-ледавіковых і марэнных супесках. У цэнтр. ч. ўзвышша лясістасць 10—15%, лясы шыракаліста-яловыя зеленамошна-кіслічныя з дамешкамі дубу, ліпы, таксама шэраальховыя злакавыя; на З лясістасць да 30%, пашыраны больш буйныя масівы хваёвых кусцікава-зеленамошных лясоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́Т (Milētos),
старажытнагрэчаскі горад у Іоніі, каля вусця р. Меандр у М. Азіі. Першыя тут паселішчы грэкаў вядомы з 16 ст. да н.э. У 14 ст. да н.э. буйны ахейскі горад-крэпасць. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў М. перасялілася новая хваля грэкаў — іанійцы (жыхары Атыкі, паводле інш. звестак — выхадцы з Піласа пасля ўварвання на Пелапанес дарыйцаў). У 8—6 ст. да н.э. буйны горад-дзяржава, гандл. (пасрэднік паміж еўрап. Грэцыяй і дзяржавамі Усходу), рамесніцкі (апрацоўка воўны, чаканка манет) і культ.цэнтр; адыгрываў вядучую ролю ў грэч. каланізацыі (засн. больш за 80 калоній, у т. л.Абідас, Кардыя, Сінопа, Ольвія, Пантыкапей і інш.). Росквіту дасягнуў у час тыраніі Фрасібула (каля 610—600 да н.э.). Тут была засн.Мілецкая школа. У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад уладай персаў, у 500 да н.э. ўзначаліў антыперс. паўстанне іанійскіх гарадоў, пасля задушэння якога (494 да н.э.) разбураны персамі, з 479 адбудоўваўся. У 478 увайшоў у Дэлоскі саюз. Пасля Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. зноў залежаў ад персаў, у 334 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 129 да н.э. пад уладай Рыма.
У канцы 5 ст. да н.э. М. набыў рэгулярную планіроўку паводле т. зв. сістэмы Гіпадама, якая ўяўляла сабой адзін з лепшых узораў ант. горадабудаўніцтва. Археал. раскопкі выявілі, што ў эліністычна-рым. час цэнтр горада складалі 3 плошчы-агоры (рынкі): паўночная (забудоўвалася з канца 4 ст. да н.э.; каля яе дом для сходаў — булеўтэрый, свяцілішча Апалона Дэльфінія, будынак гімнасіі, тэрмы Фаўсціны і інш.), паўднёвая (забудоўвалася з 3 ст. да н.э.; манум. вароты), заходняя (позні элінізм; каля яе храм Афіны, тэатр на 45 тыс.чал.). У М. — візант. сабор 5—6 ст. н.Э., гал. помнік мусульм. перыяду — мячэць Ільясбея (1403).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтрг. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтрг. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.