РУДАКО́ВА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫ АЛТА́Й,

паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖЫК (Lactarius deliciosus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі з ліп. па вер. трапляюцца 2 формы Р.: у яловых лясах — яловы, у хваёвых лясах — хваёвы.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см з загнутым уніз краем, акругла-пукатая, потым лейкападобная. У Р. хваёвага афарбоўка шапкі маркоўна-рыжая з канцэнтрычнымі кругамі, мякаць шчыльная з аранжавым млечным сокам, са смалістым смакам і пахам, на зломе зелянее. У Р. яловага — больш бледная, зеленавата-рыжая, мякаць крохкая. Пласцінкі прырослыя. Ножка полая, цыліндрычная. Споры шырокаавальныя, светла-крэмавыя. Каштоўны ядомы грыб. Іл. гл. да арт. Млечнік.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЫ́САВЫЯ БУ́НТЫ»,

масавыя хваляванні ў Японіі ў 1918. Выкліканы рэзкім павелічэннем цэн на імпартуемы рыс шляхам увядзення яп. урадам вял. мытных збораў. Пачаліся з нападу 3.8.1918 жонак рыбакоў на судна з грузам рысу. Неўзабаве стыхійныя бунты ахапілі 33 прэфектуры Японіі. У ходзе іх натоўпы збівалі гандляроў рысам, падпальвалі і рабавалі склады і крамы. «Р.б.» былі жорстка задушаны войскамі, больш за 8 тыс. чал. асуджана. Аднак хваляванні прывялі да адстаўкі ўрада М.​Тэрауці і фарміравання першага ў гісторыі Японіі парт. ўрада Т.​Хара, які абапіраўся на парламенцкую большасць, што падштурхнула працэс дэмакратызацыі яп. паліт. жыцця ў 1920-я г.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТЫКУЛАЦЫ́ТЫ (ад лац. reticulum сетачка + kytos клетка),

бяз’ядзерныя постклетачныя структуры, якія папярэднічаюць утварэнню эрытрацытаў. У крыватоку за 24—28 гадз пераўтвараюцца ў спелыя эрытрацыты. Цытаплазма Р. амаль цалкам запоўнена гемаглабінам, мае ў сабе рэшткі полірыбасом і інш. арганел. У Р. ажыццяўляецца сінтэз бялку, пурынаў, ліпідаў і інш. У дарослага чалавека ў норме Р. у крыві 0,7—1% ад агульнай колькасці эрытрацытаў. Павелічэнне колькасці Р. (да 50% і больш) сведчыць пра недастатковасць пераносу кіслароду (бывае, напр., пры вял. стратах крыві). Р. менш за 0,5% ад агульнай колькасці эрытрацытаў — прыкмета прыгнечання іх утварэння.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЕ ПЛАТО́,

ледавіковае плато, найбольш высокая ч. паверхні ў цэнтр. ч. Усх. Антарктыды. Даўж. каля 2 тыс. км, шыр. каля 450 км. Выш. ад 3000 м на перыферыі да 4000 м і больш у цэнтры, дзе размешчаны падлёдныя горы Гамбурцава. Тоўшча ледавіковага покрыва ад 750 да 3800 м. Самая халодная ч. Антарктыды, з вельмі нізкім атм. ціскам: сярэднегадавая т-ра ніжэй за -56 °C; сярэдняя т-ра ліп. ніжэй за -72 °C, на станцыі «Усход» адзначаны абс. мінімум т-ры на Зямлі -89,2 °C. Адкрыта ў 1957—58 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Дзейнічае навук. станцыя «Усход» з 1957.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛВАДО́Р (Salvador),

Сан-Сальвадор, Баія, горад на ПнУ Бразіліі, на беразе зал. Тодуз-ус-Сантус Атлантычнага акіяна. Адм. ц. штата Баія. Засн. партугальцамі ў 1549, да 1763 — адм. ц. каланіяльнай Бразіліі. Больш за 2,2 млн. ж. (2000). Марскі порт (вываз какавы, кавы, тытуню, цукру, каштоўнай драўніны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: хім., харчасмакавая, тэкст., гарбарна-абутковая, дрэваапрацоўчая. У прамысл. прыгарадах — нафтаперапр., нафтахім., маш.-буд. прам-сць, чорная металургія. 2 ун-ты. Маст. і інш. музеі. Шматлікія арх. помнікі 16—18 ст.: палацы, саборы, кляштары і інш. Гіст. цэнтр С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛУІ́Н, Салуэн (тыбецкае Наг-Чу, кіт. Нуцзян),

рака ў Кітаі і М’янме, часткова — мяжа паміж М’янмай і Тайландам. Даўж. каля 3200 км, пл. басейна каля 325 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў хр. Тангла на У Тыбецкага нагор’я. Цячэ па Юньнаньскім і Шанскім нагор’ях у глыбокіх (да 3 тыс. м) цяснінах, утварае парогі і вадаспады, у ніжнім цячэнні — па раўніне. Упадае 2 рукавамі ў Андаманскае м. Рэжым мусонны з летнімі паводкамі (пад’ём узроўню ў цяснінах на 15 м і больш). Сярэдні расход вады каля 6700 м³/с. Сплаўная, суднаходная ў ніжнім цячэнні на 120 км. У вусці — марскі порт Малам’яйн.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬЕ́РЫ ((Salieri) Антоніо) (18.8.1750, г. Леньяга, Італія — 7.5.1825),

італьянскі кампазітар, дырыжор, педагог. З 1766 у Вене, прыдворны клавесініст, кампазітар, дырыжор; з 1778 кіраўнік опернага т-ра і прыдворнай капэлы. З 1817 дырэктар заснаванай у Вене кансерваторыі. Стварыў больш за 40 опер, у т. л. опер-буфа «Венецыянскі кірмаш» (паст. 1772), «Школа раўнівых» (паст. 1778), міфалагічных, героіка-трагічных, у т. л. «Данаіды» (паст. 1784); зрабіў значны ўклад у развіццё ням. зінгшпіля («Камінар», паст. 1781). Сярод твораў 4 араторыі, кантаты, 5 мес, рэквіем, творы для арк. і інш. Сярод вучняў Л.​Бетховен, Ф.​Ліст, Ф.​Шуберт і інш.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,

геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс. г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)