КЕНІЯ́ТА, Кеньята (Kenyatta) Джома (10.10.1891, Ічаверы, каля г. Найробі, Кенія — 22.8.1978), дзяржаўны і паліт. дзеяч Кеніі. Паходзіў з племя кікую. У 1928—31 ген. сакратар Цэнтр. асацыяцыі кікую (адна з першых паліт. арг-цый кенійцаў). У 1931—46 вучыўся і працаваў у СССР і Вялікабрытаніі. З 1947 старшыня партыі Саюз афрыканцаў Кеніі. У 1952—59 зняволены брыт. ўладамі па абвінавачанні ў прыналежнасці да рэліг.-паліт. руху «Мау-мау», потым у ссылцы. У 1960 завочна абраны прэзідэнтам партыі Нац. саюз афрыканцаў Кеніі. У 1963—64 прэм’ер-міністр, у 1964—78 прэзідэнт і кіраўнік урада Кеніі. Распрацаваў (разам з Т.​Мбоя) і рэалізаваў канцэпцыю т.зв. дэмакр. сацыялізму, вынікам чаго стаў выбар капіталіст. шляху развіцця ў Кеніі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́-БАГА́З-ГОЛ (цюрк. кара — чорны, багаз — заліў, гол — возера),

салёнае возера (былы заліў-лагуна) каля ўсх. берага Каспійскага м., на З Туркменістана. Да 1980 злучалася з Каспійскім м. вузкім (да 200 м) аднайменным пралівам, даўж. каля 11 км. Пл. заліва складала каля 12 тыс. км², найб. глыб. 3,5 м; узровень вады знаходзіўся на 4,5 м ніжэй узроўню мора і быў абумоўлены надзвычай высокім выпарэннем з паверхні, што выклікала пастаянны прыток вады (ад 6 да 25 км³/год). У 1980 заліў перакрыты глухой дамбай «з мэтай захавання ўзроўню Каспійскага м.», у выніку чаго возера абмялела, салёнасць павысілася (больш за 310‰). У 1984 для падтрымання мінім. неабходнага ўзроўню расолу пабудавана водапрапускное збудаванне. Найбуйнейшае ў свеце радовішча мірабіліту. Цэнтр здабычы і перапрацоўкі сульфату — Бекдаш.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЫ́ЛІЯ (Castilla ад castello замак),

дзяржава ў цэнтр. ч. Пірэнейскага п-ва ў 11—15 ст. З 923 графства ў складзе каралеўства Леон, з 1035 каралеўства са сталіцай у г. Бургас. Стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва (сталіца — г. Таледа), калі аб’ядналася з Леонам (1037—65, 1072—1157, канчаткова ў 1230). Адыграла вядучую ролю ў Рэканкісце, пашырыла сваю тэрыторыю да паўд. ўзбярэжжа. У выніку перамяшчэння насельніцтва з Пн на Пд на працягу 11—13 ст. заселены Новая Кастылія, Эстрэмадура і б.ч. Андалусіі. Гараджане з сярэдзіны 13 ст. атрымалі доступ у картэсы. Імкненне феадалаў запрыгоніць сялян выклікала шэраг сял. хваляванняў у 15 ст. У выніку дынастычнай уніі К. і Арагона ў 1479 увайшла ў склад Іспаніі.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМО́ВІЧ (Адольф) (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),

бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел. хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял. Айч. вайну ў Бел. нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел. культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтрг. Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял. кн. ВКЛ Альгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.​Косцевічу (мужу Г.​С.​Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАДА́Р,

горад у Расіі. цэнтр Краснадарскага краю, на правым беразе р. Кубань. Засн. ў 1793 як крэпасць, да 1920 наз. Екацярынадар. 650 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (рысаўборачныя камбайны, станкі, малагабарытныя аўтобусы, с.-г. машыны, кампрэсары. радыё- і эл.-вымяральныя прылады, рачныя судны і інш.), нафтаперапр., хім. (пластмасавыя, гумава-тэхн. і хім. вырабы), буд. матэрыялаў, лёгкая (камвольна-суконная, баваўняная, гарбарная, трыкат., швейная), харчасмакавая, дрэваапр. (мэбля і інш.), фарфора-фаянсавая, мікрабіялагічная. НДІ. 6 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты. 3 т-ры (драм., аперэты, лялек). Філармонія. Цырк. Музеі: маст., гіст.-археал. музей-запаведнік.

Літ.:

Бардадым В.П. Этюды о прошлом и настоящем Краснодара. Краснодар, 1978;

Климат Краснодара. Л., 1990.

Краснадар. Мастацкі музей.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПІ́НСКІ (Леанід Паўлавіч) (10.11.1921, в. Казусёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 7.9.1982),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1974). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1948). У 1948—49 нам. дырэктара Цэнтр. дзярж. гіст. архіва ў Мінску. З 1952 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1966 у БПІ. Даследаваў сялянскі рух на Беларусі ў 1900—17, станаўленне і развіццё капіталізму ў бел. вёсцы, сац. расслаенне сялянства, сталыпінскую агр. рэформу на Беларусі і інш. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі прафсаюзаў Беларусі (1905—1969 гг.)» (1970).

Тв.:

Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;

Стольшинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;

Классовая борьба в белорусской деревне, 1907—1914. Мн., 1981.

Я.​П.​Сапёлкін.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЁЗДАВА,

комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.

А.​В.​Іоў.

Скарб з Гнёздава. 950-я г.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Засн. ў 1976 у Мінску на базе Мінскага філіяла Цэнтр. н.-д. і праектнага ін-та горадабуд-ва (з 1970). Галаўная арг-цыя па горадабудаўніцтве Беларусі.

Аддзяленні (1996): навуковае (9 аддзелаў), праектнае (аддзелы: раённай планіроўкі, 2 арх.-планіровачныя, арх.-канструктарскі, 3 інжынерныя, аўтаматызацыі работ). Асн. кірункі дзейнасці: навук. даследаванні, распрацоўка навукова-метадычнай і нарматыўна-прававой дакументацыі ў галіне тэр. планіроўкі, горадабудаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя; распрацоўка дакументацыі па планіроўцы рэгіёнаў, планіроўцы і забудове гар. паселішчаў і асобных тэрыторый, развіцці трансп. і інж. інфраструктур; распрацоўка і эксплуатацыя геаінфарм. сістэм і банкаў даных у горадабудаўніцтве і буд. комплексе; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты жыллёва-грамадз. прызначэння.

В.​П.​Іўлічаў.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТАЗЕ́ЛЬ (Genista),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд. ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.

Жаўтазель фарбавальны.

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)