ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),
назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусьі г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб.к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-тяўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ГУРТО́К,
група вучоных гісторыкаў і археографаў, якая ўпершыню ў гісторыі рас. навукі ў шырокіх маштабах пачала выяўленне і збор дакумент. помнікаў па гісторыі Расіі ў айчынных і замежных архівах і бібліятэках. Існаваў з 1810-х г. да 1826. Засн. ў Пецярбургу М.П.Румянцавым. Уваходзілі М.М.Бантыш-Каменскі, А.Ф.Маліноўскі, К.Ф.Калайдовіч, І.І.Грыгаровіч і інш. Амаль усе члены гуртка былі членамі Камісіі друкавання дзярж. грамат і дагавораў. На сродкі Румянцава і з яго дапамогай выдадзены падрыхтаваныя членамі гуртка археаграфічныя працы, летапісы, помнікі л-ры, даследаванні па гісторыі рус. і слав. народаў; «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), «Старажытныя расійскія вершы, сабраныя Кіршам Данілавым» (2-е выд., 1818), «Звесткі аб працах Швайпольта Фіёля, старажытнага славянскага друкаршчыка» (1820) — адно з першых рас. даследаванняў па гісторыі кнігадрукавання, «Іаан Экзарх Балгарскі» Калайдовіча (1824), «Помнікі расійскай славеснасці XII ст.» (1821) і інш. Члены гуртка цікавіліся таксама археалогіяй, нумізматыкай, этнаграфіяй, мовамі народаў Расіі. Вял. работу па зборы, вывучэнні і публікацыі дакументаў па гісторыі Беларусі праводзілі Грыгаровіч (падрыхтаваў «Беларускі архіў старажытных грамат», склаў «Слоўнік заходнерускай гаворкі») і Калайдовіч — аўтар навук. апісання і кароткага слоўніка бел. мовы. Намаганнямі членаў гуртка ў навук. ўжытак уведзены шматлікія дакументы і матэрыялы, сфармуляваны прынцыпы публікацыі гіст. крыніц і ўзоры іх навук. апісання, зроблены першыя спробы гіст.-літ. і лінгвістычнай распрацоўкі помнікаў. Гурток распаўся пасля смерці Румянцава.
Літ.:
Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
і́менна, часціца.
1. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. члена сказа, для ўказання на яго; азначае: якраз. Іменна Пракоп падказвае сваім хлопцам, большасць тых ідэй, якія прынеслі брыгадзе славу.Шыцік.[Самуйлёнак] прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму.В. Вольскі.
2. Ужываецца пры далучэнні сказа або асобных членаў сказа, якія растлумачваюць, удакладняюць выказаную думку. Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам.Чарнышэвіч./ У спалучэнні са злучнікамі «а», «і». А бабуля ці мама шукае цябе, гукае з парога, нібы ты ёй немаведама як спатрэбіўся і іменна цяпер...Брыль.// Ужываецца перад пералічэннем, якое раскрывае і ўдакладняе сэнс абагульняючага слова. У лесе растуць розныя дрэвы, а іменна: дуб, бяроза, сасна.
3.(частаўспалучэнніз «во», «вось»). Разм. Ужываецца як сцвярджальнае слова са значэннем: так, сапраўды так. Вось іменна! □ — Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе.Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шабло́н, ‑а і ‑у, м.
1.‑а. Прылада ў выглядзе лекала, патрона і інш., па якой штампуюцца аднолькавыя па форме, памеру і пад. вырабы. Выразаць шаблон. □ Выконваючы першую самастойную работу, .. [Міхал Гуд] раптам прапанаваў зрабіць металічны шаблон для раздзелкі карнізаў унутраных вуглоў будынкаў.Харкевіч.// Прыстасаванне, інструмент для праверкі правільнасці формы і памеру гатовых вырабаў. Разьбовы шаблон. Радыусныя шаблоны. □ Напарніца Ніны Валянціна Пархоц бярэ цэлулоідны празрысты шаблон і накладае на экран.«Маладосць».
2.‑у; перан.Неадабр. Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп. [Захараў:] — Нас, членаў бюро, непакоіць, што ў вас пачаў выпрацоўвацца трафарэт, шаблон у рабоце.Сіўцоў.Можна было б пахваліць аўтара [А. Вярцінскага] і за разнастайнасць саміх тыпаў верша, якімі ён карыстаецца: тут і класічная рыфмаваная сілаба-тоніка, і белы верш, і верлібр. У гэтым таксама відаць імкненне быць арыгінальным, пазбягаць аднапланавасці і паэтычных шаблонаў.Бугаёў.
3.‑а. Спец. Чарцёж архітэктурнай дэталі ў натуральную велічыню.
[Ням. Schablone.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.Ленскі); паліт. справаздача ЦККПЗБ і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.С.Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш.Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦККПЗБ: чл. Лагіновіч, С.А.Мертэнс, М.А.Блінчыкаў, Арэхва, Е.І.Шоламаў, М.П.Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.Брун, Л.М.Янкоўская, І.Ф.Сяменнікаў, Х.Р.Гелер, А.Раф; канд. ў чл. С.М.Малько, М.М.Дворнікаў, Ф.Б.Пірышка, Э.К.Аболіна, М.С.Майскі.
Літ.:
В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕХАЛУ́Ц,
міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.
Літ.:
Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;
Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ КПСС,
вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр.рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш.цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ СССР,
з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Рас.Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (РСФСР), Укр.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (УССР), Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) і Закаўказскай Сав. Федэратыўнай Сацыяліст. Рэспублікі (ЗСФСР), на якім абвешчана стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Адбыўся 30.12.1922 у Маскве. Дэлегаты з’езда (2214 чал., у т. л. 1673 з рашаючым голасам, 541 з дарадчым) былі выбраны на з’ездах Саветаў у кожнай з 4 намінальна незалежных рэспублік: 1727 ад РСФСР (1217 з рашаючым голасам), 364 ад УССР (354 з рашаючым голасам), 91 ад ЗСФСР (73 з рашаючым голасам), 33 ад БССР (23 з рашаючым голасам). З іх 94,1% былі камуністамі, 0,2% (5 чал.) належалі да інш. партый, 5,7% былі беспартыйнымі. Старшынёй з’езда абраны М.І.Калінін, ганаровым старшынёй — У.І.Ленін. З’езд аднагалосна зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор, падпісаны 4 рэспублікамі. Па прапанове М.В.Фрунзе абодва дакументы вырашана перадаць на дадатковы разгляд у ЦВК саюзных рэспублік з тым, каб ЦВКСССР з улікам атрыманых водгукаў зацвердзіў іх і ўвёў у дзеянне. Канчатковы тэкст Дэкларацыі і Саюзнага дагавора падлягаў зацвярджэнню на 2-м з’ездзе Саветаў СССР. З’езд выбраў ЦВКСССР у складзе 371 чл. і 138 кандыдатаў ад усіх рэспублік прапарцыянальна колькасці іх насельніцтва з некаторымі адступленнямі на карысць менш населеных рэспублік (БССР, маючы 1,2% ад насельніцтва СССР, атрымала ў складзе саюзнага ЦВК 1,9% месцаў). На 1-й сесіі ЦВКСССР (30.12.1922) выбраны Прэзідыум ЦВК з 19 членаў і 13 кандыдатаў. Былі абраны 4 старшыні ЦВК: М.І.Калінін ад РСФСР, Р.І.Пятроўскі ад УССР, Н.Нарыманаў ад ЗСФСР, А.Р.Чарвякоў ад БССР.