ДО́КШЫЦКА-КРУЛЁЎШЧЫНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.

Праведзена 16—17.8.1943 1-й Антыфаш. партыз. брыгадай ва ўзаемадзеянні з партыз. брыгадай «Жалязняк».

Вечарам 16 жн. партызаны акружылі Докшыцы і ачапілі ўсе ваен. аб’екты гарнізона. У 6 гадз раніцы 17 жн. штурмавыя групы абяззброілі і знішчылі 38 і ўзялі ў палон 60 гітлераўцаў. 1-я Антыфаш. брыгада зрабіла пераход да ст. Крулеўшчына. Да вечара 17 жн. Докшыцы і ст. Крулеўшчына былі поўнасцю ачышчаны ад праціўніка. У выніку бою разбураны ўсе станцыйныя збудаванні, узарваны 4 масты, паравознае дэпо, нафтабаза, склад з боепрыпасамі, гараж з аўтамашынамі і інш., на суткі выведзены са строю ўчастак чыгункі Крулеўшчына—Параф’янава. У Крулеўшчыне ў гонар баявой аперацыі партызан пастаўлены помнік.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.​П.​Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.​В.​Пранягін) і імя Варашылава (І.​С.​Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НАВА Настасся Фамінічна (10.4.1872, в. Мяхеды Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.1979),

маці-патрыётка, 5 сыноў якой загінулі ў барацьбе з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну; малодшаму з іх П.І.Купрыянаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У вайну яе сыны Валянцін і Сцяпан ваявалі на фронце ў Сав. Арміі; калі сыны Міхаіл, Уладзімір (памёр ад ран у 1949) і Пётр пайшлі ў партыз. атрад «Радзіма», знаходзілася ў партыз. зоне, дапамагала партызанам. Адна са старэйшых жанчын Беларусі (пражыла 107 гадоў). Стала правобразам гераіні Манумента ў гонар Маці-патрыёткі, пастаўленага ў г. Жодзіна (1975). Ганаровая грамадзянка Жодзіна (1972). У доме, дзе яна жыла, адкрыты музей.

Н.Ф.Купрыянава. Малюнак І.​Пратасені. 1974.

т. 9, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РФАВА Хрысціна (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),

балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.​Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНДЗІ́НА (Sandino) Аўгуста Сесар (18.5.1895, Нікінаома, каля г. Масая, Нікарагуа — 21.2.1934),

дзеяч нац.-вызв. руху Нікарагуа. Рабочы на шахтах і рудніках у Нікарагуа, Гандурасе, Гватэмале і Мексіцы. У кастр. 1926 арганізаваў паўстанне рабочых залатых прыіскаў Сан-Альбіна супраць акупацыі Нікарагуа войскамі ЗША. Узначаліў паўстанцкую армію, якая да 1931—32 налічвала 6 тыс. чал. і кантралявала значную ч. тэр. Нікарагуа. Запрошаны на мірныя перагаворы з новым урадам краіны, арыштаваны па загадзе камандуючага нац. гвардыяй А.​Самосы Гарсія і расстраляны. У яго гонар названы Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення ў Нікарагуа.

Літ.:

Гонионский С.А. Сандино. М., 1965;

Идейное наследие Сандино: Пер. с исп. М., 1982;

Гутьеррес Дуарте М.А. Аугусто С.​Сандино. М., 1991.

т. 14, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САВА-РА́ТАМСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — сак. 1942 у в. Тарасава і пас. Ратамка Мінскага р-на (кіраўнікі П.​М.​Бортнік, А.​І.​Вольскі, П.​Ф.​Кургаеў, В.​І.​Лошыцкі, Я.​У.​Саблер). Падпольшчыкі (28 чал.) вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, ратавалі і лячылі воінаў Чырв. Арміі. якія трапілі ў акружэнне. Па заданні Мінскага патрыят. падполля для стварэння партыз. атрада збіралі зброю і боепрыпасы, і да канца сак. 1942 група падпольшчыкаў і чырвонаармейцаў была падрыхтавана да выхаду ў лес. У ноч На 3 крас. фашысты арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі кіраўнікоў і шмат удзельнікаў падполля. Паблізу в. Тарасава ў гонар падпольшчыкаў помнік.

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ МАСТА́ЦКА-ПРАМЫСЛО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

культурна-асветная арганізацыя ў Вільні ў 1904—15. Засн. ў гонар ураджэнца горада М.Антакольскага. Ставіла за мэту пашырэнне маст. адукацыі сярод рамеснікаў і рабочых, тэарэт. і практ. ведаў у галіне прыкладнога мастацтва, павышэнне ў насельніцтва ўзроўню маст. густу, развіццё маст. прам-сці ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай губ. З ліп. 1905 пры т-ве дзейнічалі класы па малюнку, курсы лепкі, сталярнага і малярнага майстэрства.

Літ.:

Устав Виленского художественно-промышленного общества. Вильна, 1904;

Устав Рисовальных классов, учреждённых Виленским художественно-промышленным обществом в г. Вильне. Вильна, 1905;

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р (А),

1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10​−7 Н на 1 м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.

2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́РТАЎ ЛІСТ,

плоская алгебраічная лінія 3-га парадку, якая ў прамавугольнай дэкартавай сістэме каардынат вызначана ўраўненнем x​3+y​3−3axy=0, a>0. Названы ў гонар Р.Дэкарта, які вывучаў пятлю крывой (1638). Поўная форма крывой з асімптотай, якая праходзіць праз пункты (-a, 0) і (0, -a), вызначана нідэрл. вучоным К.​Гюйгенсам і швейц. вучоным І.​Бернулі. Д.л. сіметрычны адносна бісектрысы y=x. У пачатку каардынат — асаблівы пункт (вузел) з датычнымі x=0; y=0. Ураўненне асімптоты Д.л. — y=−x−a. Плошча паміж Д.л. і асімптотай і плошча, абмежаваная пятлёй лініі, аднолькавыя і роўныя S = 3a​2/2.

Дэкартаў ліст.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎ,

горад у Расіі, цэнтр Кіраўскай вобл., на р. Вятка. Вядомы з 1374, да 1781 наз. Хлынаў, да 1934 Вятка. 465 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (чыг. краны, станкі, с.-г. і лесапасадачныя машыны, дакладныя вымяральныя прылады і інструменты, пральныя машыны і інш.), хім. (шыны і інш.), мікрабіял. (кармавыя дрожджы), дрэваапр., лёгкая (штучнай скуры, гарбарна-абутковы, гарбарна-футравы камбінаты) і харчовая; вытв-сць глінянай дымкаўскай цацкі. 3 ВНУ. 3 т-ры. Музеі: краязнаўчы, маст. і вяцкіх маст. промыслаў. Дамы-музеі А.​С.​Грына, М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына. Арх. помнікі 17—19 ст. Перайменаваны ў гонар С.М.Кірава.

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)